Уладыкі благаславілі лунінчан
14 студзеня адбылася сапраўды гістарычная падзея – упершыню ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме святочную літургію ў гонар Свяціцеля Васілія Вялікага служылі два архірэі. Епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі – напярэдадні прыехаў у родны дом, каб павіншаваць бацьку: ветэран праваахоўных органаў Іван Тупека адзначыў 80-годдзе. Вечарам 13-га ўладыка прыняў удзел у вячэрні ў храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. На наступны дзень наш зямляк быў за-прошаны ў старую царкву і далучыўся да Сцяфана, архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага. Разам здзейснілі ўрачыстае богаслужэнне для надзвычай вялікай колькасці вернікаў. Пасля прыхаджане павіншавалі высокіх гасцей. У сваю чаргу, уладыкі віталі з тэзаімяніцтвам Благачыннага протаіерэя Васілія Дужака (дарэчы, у свяшчэнніка – і ўнук Васілёк) і дыякана Свята-Крыжаўзвіжанскага храма Васілія Мартынава. Пад скляпеннямі храма шматразова гучала “Многая лета”, што выконваў ансамбль духоўных спеваў “Логас” (кіраўнік Вольга Белавус) настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў.