Надзейнасць сталёвых магістраляў
Общество

Надзейнасць сталёвых магістраляў

Мінулы год быў удалым для лунінецкіх чыгуначнікаў. І хоць маем намер сёння расказаць пра тое, як ладзяцца справы на станцыі Лунінец, заўважым адразу: гэтае падраздзяленне Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі нельга нават уявіць без сумежных прадпрыемстваў – лакаматыўнага дэпо, дыстанцый пуці і сігналізацыі сувязі, пункта тэхнічнага абслугоўвання, участкаў энергазабеспячэння і пагрузкі-выгрузкі… Словам, без усіх, хто ў адзіным комплексе забяспечвае каласальны аб’ём работ па перавозцы пасажыраў і народнагаспадарчых грузаў.

З мая 2014 года станцыю Лунінец узначальвае Сяргей Скіба. Ураджэнец Лунінецкага раёна вярнуўся на малую радзіму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў 2008 годзе. Маючы вышэйшую адукацыю, уладкаваўся рэгуліроўшчыкам хуткасці руху цягнікоў – “башмачнікам”, як гэтую спецыяльнасць называюць у народзе. Аб тым, што за 10 год прайшоў нямала рабочых спецыяльнасцей (а працаваў таксама саставіцелем паяздоў і дзяжурным па сартавальнай горцы), ніколькі не шкадуе – чыгунка не даруе дылетанцтва і патрабуе дасканалых ведаў на любым участку работы.

Па-сёння кіраўнік удзячны сваім уважлівым настаўнікам, асабліва дзяжурнай па сартавальнай горцы Валянціне Міхайлаўне Пажывілка і саставіцелю Сяргею Аляксандравічу Шацкаму за тое, што шчодра дзяліліся вопытам і ведамі, выхоўваючы маладога спецыяліста. Пазней гэтыя навыкі вельмі спатрэбіліся на пасадах інжынера па ахове працы, начальніка пункта камерцыйнага агляду цягнікоў, намесніка начальніка станцыі і, урэшце, кіраўніка важнага структурнага падраздзялення, якім з’яўляецца станцыя Лунінец.

Сёння Сяргей Сцяпанавіч з гонарам гаворыць пра тое, што з пастаўленымі задачамі ўзначальваемы ім калектыў спраўляецца поўнасцю. Пры плане перавезці за год 56,3 тысячы пасажыраў па самых розных накірунках іх адпраўлена больш як 57 тысяч. Дарэчы, кіраўнік не ўтойвае, што гэта – дастаткова складаны паказчык. Нягледзячы на тое, што праезд па чыгунцы застаецца для людзей адным з самых танных відаў транспарту, нярэдка пасажыры выбіраюць іншыя магчымасці дабрацца да пунктаў прызначэння. І, перш за ўсё, маршруткі, якія некалькі разоў на дзень адпраўляюцца з Прывакзальнай плошчы.

Разумеючы, што ў гэтым выпадку вызначальную ролю адыгрывае нават не матэрыяльны бок, а час сутак – большасць цягнікоў па станцыі Лунінец прахо-дзяць глыбокай ноччу, што таксама дадае нязручнасці пасажырам, – Сяргей Скіба адзначае, што паўплываць на такі расклад наўрад ці ўдасца, ды і немагчыма да кожнага раённага цэнтра “прывязаць” асобны цягнік, які будзе везці не больш як два дзясяткі пасажыраў…  Значыць, трэба браць камфортнасцю і надзейнасцю, што ўпаўне гарантуе чыгунка.

Асобны бок справы – прыгарадныя цягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа, якімі ў райцэнтр па самых розных патрэбах дабіраецца львіная доля жыхароў населеных пунктаў Лунінеччыны. Гэты, на першы погляд, вельмі запатрабаваны від транспарту застаецца стратным, акупляючы сябе ўсяго на 12 працэнтаў. Тым не менш, станцыя вытрымлівае дастаткова адчувальную сацыяльную нагрузку, імкнучыся і раскладам руху, і камфортам дагадзіць сваім пасажырам.

Страты пакрываюцца за кошт грузавых перавозак.  Большасць цягнікоў ідуць праз Лунінец транзітам – без так званай перапрацоўкі (калі груз дастаўляецца праміком да пункта прызначэння) і з перапрацоўкай (калі наспявае неабходнасць перачапляць асобныя вагоны да іншых саставаў). Дык вось за суткі ў сярэднім агульным транзітам станцыя прапускае 1870 вагонаў!

Прыкладна 9 вагонаў у суткі на станцыі Лунінец грузіцца і 4 – выгружаецца. Для жыхароў раёна ў асноўным чыгуначным транспартам дастаўляюцца будаўнічыя матэрыялы і мінеральныя ўгнаенні, адпраўляецца ў асноўным драўніна. Усе паказчыкі ў параўнанні з леташнім перавыкананы ў сярэднім на 20 працэнтаў. Крыху «не дацягнулі» да прагнозу па выгрузцы, хаця мінулагодні ўзровень дасягнуты і тут.

Асаблівы гонар калектыву – цяжкавагавыя саставы. Нават дылетант зразумее, што чым большая вага цягніка, тым істотней эканомія паліва, больш перавезеных грузаў і менш – задзейнічаных цеплавозаў і брыгад. Сёння сярэдняя вага грузавога поезда 3 тысячы 740 тон – прыкладна на чвэрць больш, чым летась. Такіх паказчыкаў, падкрэслівае Сяргей Скіба, не было даўно.

За кошт чаго ўдалося гэтага дасягнуць? Кіраўнік упэўнены, што немалую ролю ў такім раскладзе спраў адыгралі карэкціроўкі, унесеныя  ў сістэму матэрыяльнага заахвочвання, у тым ліку – камандзіра змены маняўровага дыспетчара, ад прафесійных дзеянняў якога ў вялікай ступені залежыць канчатковы вынік. Цяпер прэміяльныя не “распыляліся”, а залежалі ад канкрэтнай работы кожнага. У далейшым практыка паказала, што  такі крок аказаўся правільным, што і пацвердзілі вынікі работы за мінулы год.

Зразумела, не толькі з поспехаў і дасягненняў складаецца работа калектыву станцыі Лунінец. Нямала тут і праблем. На першым плане – тыя, што ўзнімаюць людзі. Сёння Сяргей Скіба з лёгкай іроніяй успамінае выпадак, калі ў кабінет да начальніка ўварваўся раз’юшаны пасажыр, паставіў на падлогу побач са сталом дарожныя сумкі і загадаў сцерагчы іх, пакуль ён будзе бавіць у горадзе час паміж цягнікамі.

Справа ў тым, што колькі часу таму ў выніку аптымізацыі на чыгунцы вырашылі адным махам скасаваць стратныя падраздзяленні. У іх лік трапілі камеры захоўвання ручной кладзі. Распараджэнне вышэйстаячага начальства выканалі і ў Лунінцы, чым выклікалі незадаволенасць пасажыраў: адна за адной у “Кнізе скаргаў і прапаноў” паявіліся больш як 20 абгрунтаваных запісаў. Праблему трэба было вырашаць. І выйсце знайшлі. З лета мінулага года ў Лунінцы зноў адкрылі стацыянарную камеру захоўвання. Асаблівых страт яна не прыносіць, бо працуе тут работнік па сумяшчальніцтву. А людзям, якія ў чаканні цягніка павінны бавіць у нашым райцэнтры па 4-5 гадзін, зручна. А вось адкрываць на вакзале пакой адпачынку, як гэта просяць некаторыя пасажыры, нагоды няма: у крокавай даступнасці – камфартабельная гасцініца, дзе пры неабходнасці можна добра адпачыць.

Узяўшы за правіла клапаціцца пра пасажыраў і цаніць сваіх партнёраў, на станцыі Лунінец імкнуцца аператыўна вырашаць усе праблемы, на справе даказваючы непахісную надзейнасць сталёвых магістраляў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть