Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы
Для хлебаробаў “Дажынкі” заўсёды былі самым галоўным святам года. Збор ураджаю падводзіў вынікі плённай сельскагаспадарчай працы, ад шчодрасці зямлі-карміцелькі залежаў дабрабыт сем’яў, а па запасах у засеках меркавалі, наколькі сытным год будзе. Сёння гэта свята не настолькі абрадавае, аднак па-ранейшаму такое ж чаканае. У суботу хлебаробы
Брэстчыны сабраліся ў Пінску, каб прыняць віншаванні з багатым ураджаем. Дэлегацыю Лунінеччыны ўзначальваў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч.
Свята стартавала з адкрыцця першага ў вобласці і Беларусі памятнага знака хлебу – сімвалу жыцця і дабрабыту – каля гарадскога Дома культуры. Урачыстую місію выканалі старшыні: аблвыканкама – Канстанцін Сумар і Пінскага гарвыканкама – Андрэй Мулярчык. Трэба адзначыць, што ініцыятыва стварэння знака належыць пінчанам. А губернатар не толькі падтрымаў прапанову, але і сам намаляваў эскіз.
На гранітным кубе ляжыць ручнік з калоссем і караваем хлеба з адрэзанымі ломцямі. Знак упрыгожваюць радкі старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага саюза журналістаў Георгія Тамашэ-віча: “Хлеб жытнёвы, пшанічны, духмяны, найвялікшае дзіва вякоў. Хлебаробам жыццёвага звання і пашана, і наша любоў”. Па словах губернатара вобласці Канстанціна Сумара, “для нас хлеб стаў сімвалам дабрабыту, вымярэннем якасці жыцця. Старэйшае пакаленне можа расказаць, як акраец хлеба ў поўным сэнсе ратаваў людзей ад галоднай смерці. Таму мы ўсімі сіламі павінны імкнуцца павялі-чыць тое багацце, якім шчодра дзеліцца наша зямля. Павага да працы хлебаробаў з’яўляецца той асновай, дзякуючы якой існуе беларускі народ, наша культура і духоўнасць. Упэўнены, што вяскоўцы і далей будуць з гонарам спраўляцца з тымі сур’ёзнымі задачамі, якія ставіць перад аграрнай галіной Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Спадзяюся, што хлеба ў нас заўсёды будзе ўдосталь і на палях, і на сталах”.
Пасля адкрыцця памятнага знака, які, упэўнены, стане месцам, што палюбяць пінчане і госці горада, госці свята паспрабавалі свежавыпечаны хлеб з мукі новага ўраджаю.
У музеі Беларускага Палесся спецыяльна да свята арганізавалі выставу музычных інструментаў майстроў Піншчыны, наведвальнікі якой маглі не толькі пазнаёміцца з экспанатамі, але і прыняць удзел у тэматычным майстар-класе. Акрамя таго, перад святам на апоры старога маста праз Піну вулічны мастак Яўген Сюсюра адлюстраваў копію старажытнай гравюры з відам Пінска.
Гандлёвыя рады, як і ў папярэднія годы, зачароўвалі размахам і асартыментам. Здавалася, што вытворцы спаборнічалі паміж сабой у арыгінальнасці ўпрыгожванняў адведзеных тэрыторый. Каля ся-дзібы Лунінецкага райспажыўтаварыства многія спыняліся, каб зрабіць фотаздымкі на памяць. Яшчэ б, такая прыгажосць! Івацэвіцкія майстры рыхтавалі розныя стравы на вачах у пакупнікоў, многія прадпрыемствы наладзілі дэгустацыю сваёй прадукцыі. А “Савушкін прадукт” арганізаваў гульню ў “смяшашкі” – на шашачным полі стаялі слоікі са смятанай. Папулярызавалі рабочыя прафесіі выкладчыкі і навучэнцы сістэмы прафтэхнавучання, у тым ліку і лунінецкіх каледжаў.
– У гэтым годзе вобласць атрымала рэкордны за ўсю гісторыю ўраджай – 1 мільён 452 тысячы тон зерня, на кожнага жыхара Брэстчыны намалочана крыху больш за 1 тону, – адзначыў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Як і патрабаваў кіраўнік дзяржавы, уборку мы правялі ў кароткія тэрміны, нават нягледзячы на тое, што з-за праліўных дажджоў і вятроў частка ўраджаю палегла, у цэлым па вобласці да 30 працэнтаў, а некаторыя ўчасткі былі моцна пераўвільготнены. У гэтай сітуацыі трэба было правільна пабудаваць тактыку ўборкі, зыходзячы з гатоўнасці палёў і ступені выспявання культур.
Усяго на палях Брэстчыны ў час жніва працавалі звыш як 1600 адзінак сучаснай зернеўборачнай тэхнікі. У перыяд масавай уборкі ў рэгіёне штодзённа ўбіралі каля пяці працэнтаў плошчаў. Дзякуючы добраму ўраджаю рэкордныя намалоты былі і ў камбайнераў. Больш як 2 тысячы тон збожжа намалацілі 19 экіпажаў, а тысячную планку пераадолелі 483. Губернатар таксама адзначыў уклад падраздзяленняў МНС у ход уборачнай кампаніі.
– У аграрыяў сёння ёсць усе магчымасці для ўмацавання эканомікі. Попыт ёсць практычна на любы від прадукцыі, і далей ён будзе расці. Цяперашняе жніво павінна стаць новай кропкай адліку ў дасягненні яшчэ большых вынікаў. Наперадзе сяўба азімых, збожжавы клін якіх складае ў вобласці 250 тысяч гектараў, і правесці яго неабходна ў аргатэхнічныя тэрміны з выкананнем усіх тэхналагічных рэгламентаў.
Падзякаваў кіраўнік вобласці ўсім, хто зрабіў свой уклад у хлебны каравай-2014. А потым лепшыя работнікі Брэстчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Сёлета Лунінеччыну на абласных “Дажынках” праслаўлялі галоўны аграном СВК “Велута” Пётр Каховіч (пры пасяўной плошчы 970 гектараў і сярэднім бале зямлі 20,7 валавы збор зерня склаў 3678,6 тоны пры ўрадлівасці 46,4 цэнтнера з гектара), старшы камбайнер з СВК “Дварэцкі” Аляксандр Кіндрук (на камбайне “Джон-Дзір” убраў 654,3 гектара і намалаціў 2014,6 тоны збожжа), вадзіцель СВК “Гарадоцкі” Мікалай Кіндрук (аўтамабілем ГАЗ-САЗ-3507 перавёз 2034,6 тоны збожжа). Сярод сямейных экіпажаў адзначаны старанні Сяргея і Артура Івановых з СВК “Гарадоцкі”.
У той час, калі на канцэртнай пляцоўцы адзін другога змянялі творчыя калектывы вобласці, у горадзе майстроў кіпеў гандаль. Многія з задавальненнем набывалі прыгожыя вырабы з дрэва, лазы, саломы і іншыя арыгінальныя рэчы. Карысталіся попытам вышыванкі ў нацыянальным стылі і каларытныя ручнікі.
Эпіцэнтр свята неаднаразова змяшчаўся з плошчы Леніна ў гандлёвыя рады і наадварот. Артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці дарылі прыгожыя нумары ўсім, хто завітаў за столікі райспажыўтаварыстваў. Былі арганізаваны разнастайныя конкурсы і бяспройгрышныя латарэі, па вуліцах горада хадзілі “цыганкі” і раставыя куклы. Жадаючыя маглі патанцаваць пад народныя рытмы.
А вечарам асабліва ганарыліся лунінчане. Больш як на паўгадзіны галоўнай сцэнай завалодаў наш зямляк, пераможца і дыпламант разнастайных конкурсаў Яўген Вярэніч. Завяршылася свята прыгожым лазерным шоу і святочным феерверкам.