Новае жыццё — старым сістэмам
Працягваецца другая чарга рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы Палескай станцыі.
Работы вядуцца на ўчастку, які быў асушаны ў 1963 годзе, і цяпер страціў сваю першапачатковую прадукцыйнасць. У заняпад прыйшлі многія збудаванні, хмызняком і чаротам зацягну-ла шматлікія каналы. Згодна з праектнай дакументацыяй, а яна падрыхтавана на падставе распрацовак вучоных станцыі, меліярацыйная сістэма будзе адноўлена на плошчы 387 гектараў. Адкрытая асушальная сетка працягнецца на больш як 15 кіламетраў, закрытая – на 17,76 кіламетра. Адна труба-рэгулятар будзе адноўлена, другая – пабудавана, як і 9 новых пераездаў. Прадугледжаны вялікі аб’ём экскаватарных і бульдозерных работ. Так, экскаватаршчыкам неабходна будзе дастаць на паверхню 128,8 тысячы кубічных метраў грунту, бульдазерыстам разраўняць150,1 тысячы кубічных метраў яго. Агульны кошт рэканструкцыі складзе 6 мільярдаў 685 мільёнаў рублёў. Акупіць іх плануецца за 5 з паловай год.
Як расказаў намеснік дырэктара Палескай станцыі па навуцы Мікалай Аўраменка, аб’ект няпросты: перапады паверхні палёў месцамі дасягаюць 1,5 метра, таму вельмі важна аднавіць сцёк. Выпраўляцца гэта будзе з дапамогай пракладкі выбарачнага дрэнажу на паніжэннях.
У пачатку лістапада да рэканструкцыі аб’екта прыступілі меліяратары ПМК-59. За няпоўныя 1,5 месяца работы ўчастак значна пераўтварыўся. Пад каўшамі экскаватараў і лапатамі бульдозераў каналы набываюць раўнюткія берагі, а ў рэчышчах пераліваецца вада. Працуе тут брыгада з 21 чалавека пад кіраўніцтвам майстроў Мікалая Якаўца і Аляксандра Бусько.
Мікалай Уладзіміравіч паведаміў, што за гэты час на аб’екце асвоілі 1 мільярд 900 мільёнаў рублёў. Экскаватаршчыкі дасталі на паверхню з каналаў 60 тысяч кубічных метраў грунту, бульдазерысты разраўнялі яго 30 тысяч кубічных метраў, паклалі 4,5 кіламетра дрэнажу, аднавілі 1 трубу-рэгулятар, 5 труб-пераездаў, вывезлі 400 тон драўнінна-хмызняковай расліннасці. Практычна штодзень адначасова працуюць па 5 экскаватараў і столькі ж бульдозераў. Тэхніка новая, высокапрадукцыйная. Большасць работнікаў – людзі вопытныя і старанныя. Так экскаватаршчык з 10-гадовым стажам Сяргей ЦЯЛЬПУК за месяц работы на ўчастку дастаў больш як 30 тысяч кубічных метраў грунту.
Выдатна спраўляюцца з даручанымі заданнямі экскаватаршчыкі Аляксандр Калянковіч і Мікалай Барысевіч. На будаўніцтве гідратэхнічных збудаванняў вызначаюцца таксама Аляксандр Якавец і Ігар Андрэйкавец. З 1984 года працуе ў ПМК-59 бульдазерыст Мікалай ТУПЕКА.
Мікалай Аўраменка, пад пільнай увагай якога вядзецца рэканструкцыя, нагадаў меліяратарам, што яны павінны будуць управіцца на большасці плошчаў да пачатку веснавой сяўбы. Асаблівую ўвагу ён папрасіў звярнуць на адзін з участкаў, дзе вядуцца даследаванні па глыбокаму ворыву і пасеву траў. Тут меліяратары павінны быць вельмі асцярожнымі, каб не парушыць наяўнае і не загубіць старанні навукоўцаў.
Галіна Кучэйка