Няўважлівасць прыводзіць да трагедый
Сёлета на тэрыторыі аператыўнага абслугоўвання зарэгістравана 5 няшчасных выпадкаў, тры чалавекі загінулі.
Днямі правялі спецыяльную аперацыю “Бяспека”, накіраваную на прафілактыку невытворчага траўматызму і дарожна-транспартных здарэнняў. Падчас яе сумесна з работнікамі Беларускай чыгункі адпрацавалі 29 аб’ектаў. За парушэнне правілаў пераезду чыгуначнага пераезду (артыкул 18.15 КоАП РБ – штраф да 4-ох базавых велічынь) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 3 чалавекі, яшчэ 17 – за пераход пуцей ва неўстаноўленым месцы (артыкул 18.3 ч.5 КоАП РБ – штраф да 2-ух базавых велічынь), затрымалі 7 нецвярозых грамадзян. У ходзе акцыі “Мы – за бяспечнасць” з грамадзянамі праводзілі прафілактычныя гутаркі і раздавалі лістоўкі з правіламі паводзін на аб’ектах чыгуначнага транспарту.
Паважаныя грамадзяне! Чыгунка – крыніца павышанай небяспекі. Памятайце, што цягнік, які ідзе з вялікай хуткасцю, не можа імгненна спыніцца. Выкананне правілаў паводзін на чыгунцы дапаможа захаваць вам жыццё і здароўе.
Алег КЛЯЦКО, начальнік АУС на транспарце.
Чыгунка па праву лічыцца месцам павышанай небяспекі. Няправільныя паводзіны грамадзян у зоне пуцей (жаданне
скараціць шлях, лішняя паспешлівасць, няўважлівасць паблізу цягнікоў) часта прыводзяць да трагічных наступстваў.
Запомніце, разліковы тармазны шлях поезда складае 800-1600 метраў. Для поўнага спынення саставу затрачваецца не адна хвіліна. З-за вялікай вагі і хуткасці вагоны па інерцыі працягваюць рух. З пачатку года ў зоне аператыўнага абслугоўвання Лунінецкага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце зарэгістравана 5 няшчасных выпадкаў, у якіх 3 чалавекі загінулі, 2 – пакалечаны.
19 красавіка ў 21.08 на станцыі Ганцавічы грузавым саставам смяротна траўміраваны грамадзянін 1955 года нараджэння. На жаль, на такі крок мужчына пайшоў самастойна. 31 мая ў 14.35 на перагоне Лунінец – Прыпяць пад цягнік трапіў 44-гадовы лунінчанін. Магчыма, каб ён быў цвярозы, трагедыі ўдалося б пазбегнуць… 19 чэрвеня здарыліся адразу дзве бяды. Жыхар Гомельскай вобласці 1983 года нараджэння, будучы на падпітку, не заўважыў грузавога саставу на перагоне Лунінец – Лахва і ў 03.44 трапіў пад другую секцыю цеплавоза. Шматлікія траўмы яшчэ доўга будуць нагадваць юнаку аб уласнай няўважлівасці. А вось пенсіянеру з Дзятлавіч не пашанцавала: смяротныя пакалечанні наш зямляк атрымаў у 00.50 на чыгуначным пераездзе перагона Лунінец – Люшча. Мужчына таксама ў той дзень выпіваў… 28 чэрвеня ў рэанімацыйнае аддзяленне УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” трапіў 18-гадовы юнак з Мокрава. Медыцынская дапамога маладому чалавеку спатрэбілася пасля таго, як ён у 02.25 аказаўся пад трэцім вагонам грузавога цягніка на перагоне Лунінец – Лахва. Прыкра, але вясковец знаходзіў-ся ў стане алкагольнага ап’-янення.
Асабістая неасцярожнасць і грубае парушэнне правілаў бяспекі на чыгунцы прывялі да незваротных наступстваў. Заклікаем яшчэ раз усіх быць пільнымі і ўважлівымі на пуцях!
Андрэй ГНЕДЗЬКА,начальнік лінейнага пункта на станцыі Мікашэвічы Лунінецкага АУСТ.