Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання

Адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання

Адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання

Згодна з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, да выбрання старшыні Савета вёў яе старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Аляксандр Грамыка. Перш-наперш ён агучыў канчатковыя вынікі выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. На тэрыторыі раёна па 3-ох выбарчых акругах праходзілі яны ў абласны Савет, па 40 – у раённы, па 15 – у Мікашэвіцкі гарадскі і па 121 акрузе – у сельскія Саветы дэпутатаў. На 179 мандатаў прэтэндавала 189 кандыдатаў.
Аляксандр Грамыка падзякаваў жыхароў раёна за іх свядомасць і высокую выбарчую актыўнасць. На ўчасткі для галасавання прыйшлі 46 тысяч 275 чалавек з 55 тысяч 37-мі ўключаных у спісы для галасавання. Яўка выбаршчыкаў склала больш як 84 працэнты. Адначасова Аляксандр Мікалаевіч шчыра падзякаваў членаў участковых камісій за іх дакладныя і граматныя дзеянні ў ходзе важнай палітычнай кампаніі. На выбарчых участках ад грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян працавалі 345 назіральнікаў. Сур’ёзных заўваг ад іх не паступала.
Вынікі выбараў далі права сфарміраваць усе 13 паўнамоцных Саветаў дэпутатаў у поўным саставе. 19 лютага 2018 года адбылося пасяджэнне Лунінецкай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 28 склікання, на якім былі разгледжаны пратаколы участковых выбарчых камісій. У выніку зарэгістраваны 40 дэпутатаў Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.
У яго склад выбрана 7 жанчын (17,5 працэнта ад агульнай колькасці), 1 прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі. 13 дэпутатаў (32,5 працэнта) прадстаўляюць прамысловасць, транспарт, бдаўніцтва; 15 дэпутатаў (37,5 працэнта) з’яўляюцца работнікамі дзяржаўных праваахоўных органаў і ваеннаслужачымі; 3 (7,5 працэнта) – працуюць у сельскай гаспадарцы; 2 (5 працэнтаў) – у адукацыі, культры, навуцы і ахове здароўя; 5 (12,5 працэнта) – прадстаўляюць іншыя сферы дзейнасці. У новым саставе раённага Савета дэпутатаў 26 чалавек (65 працэнтаў) з’яўляліся дэпутатамі папярэдняга склікання.
Аляксандр Грамыка павіншаваў дэпутатаў новага склікання з выбраннем і выказаў упэўненасць, што яны апраўдаюць высокі давер жыхароў Лунінеччыны і ўнясуць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага рэгіёна.
Неўзабаве, выканаўшы некаторыя пратакольныя патрабаванні, дэпутаты перайшлі да абмеркавання асноўнага пытання сесіі – выбрання старшыні раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Дэпутат ад Бастынскай выбарчай акругі №21 Фёдар Рашэцкі і Мікашэвіцкай-Гранітнай выбарчай акругі №36 Эдуард Гаўрылковіч прапанавалі на гэтую пасаду Віктара Рафаловіча. Іх падтрымаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які браў удзел у рабоце сесіі. Аляксандр Мікалаевіч ахарактарызаваў Віктара Анатольевіча як мэтанакіраванага кіраўніка, добрага сем’яніна, сапраўднага грамадзяніна, які карыстаецца аўтарытэтам сярод дэпутатаў. “Віктар Рафаловіч узначальваў райсавет на працягу мінулага склікання, прадэманстраваўшы ўменне працаваць у камандзе. Плён сумеснай работы раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта за 2017 год – 6-ае месца Лунінеччыны ў абласной зводцы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў”, — канстатаваў Аляксандр Пачко.
У выніку 36 дэпутатаў з 38-мі, якія бралі ўдзел у галасаванні, падтрымалі кандыдатуру Віктара Рафаловіча на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў, 1 – выказаўся супраць, 1 бюлетэнь падліковая камісія прызнала несапраўдным.
Прыняўшы віншаванні з выбраннем, В.А. Рафаловіч прыступіў да выканання непасрэдных абавязкаў – далейшага вядзення першай сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. А разгледзець дэпутатам належыла 9 пытанняў, пераважная большасць якіх – арганізацыйныя. Так, намеснікам старшыні райсавета аднадушна быў выбраны дэпутат ад Лунінецкай-Захаодняй выбарчай акругі №6, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч.
На сесіі былі створаны пяць пастаянных камісій. Пастаянную камісію па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы ўзначаліў дэпутат ад Лунінецкай-Баханоўскай выбарчай акругі №19 Аляксандр Карлюк; па пытаннях эканомікі, бюджэту і падаткаабкладання – дэпутат ад Лунінецкай-Коласаўскай выбарчай акругі №12 Сяргей Карпец; па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання – дэпутат ад Гарадоцкай выбарчай акругі №29 Мікалай Арашкевіч; па аграрных пытаннях, экалогіі, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў – дэпутат ад Лунінецкай-Фабрычнай выбарчай акругі №10 Дзмітрый Коўшык; па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва – дэпутат ад Лунінецкай-Цэнтральнай выбарчай акругі №14 Таццяна Вайцяхоўская. Усе старшыні пастаянных камісій разам са старшынёй райсавета і яго намеснікам увайшлі ў склад прэзідыума Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў.
Сесія зацвердзіла план работы раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання на 2018 год, унесла змяненні і дапаўненні ў рашэнне райсавета ад 27.12.2017 №200 “Аб раённым бюджэце на 2018 год” і некаторыя іншыя рашэнні. У прыватнасці, адменены пункт 8 рашэння райвыканкама ад 19.01.2015 г. №56 “Аб зацвярджэнні актаў ацэначнай камісіі і прадажы (перадачы) жылля”. Адначасова дэпутаты падтрымалі прапанаваны План арганізацыйных мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”. На пасяджэнні зацверджаны графік асабістых прыёмаў грамадзян дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.

← Предыдущая новость