Мэты вядомы, задачы вызначаны
Для аграрнікаў восень – асаблівая пара. І не толькі таму, што нясе з сабою “работ восем”, а больш таму, што з’яўляецца пэўнай вехай сельскагаспадарчага года, калі надыходзіць час падводзіць вынікі. А для старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра ПАЧКО сёлетняя восень стала знакавай удвая: менавіта ў кастрычніку мінулі сімвалічныя 100 дзён з моманту прызначэння яго кіраўніком Лунінецкай “вертыкалі”. За гэты час у старшыні вызначыўся свой рабочы распарадак, у якім нязменным застаецца адно: абавязковае, без папярэджвання і паспешлівых падрыхтовак, наведванне штодня дзвюх, а то і больш, гаспадарак, многія з якіх цяпер набылі статус дзяржаўных і новую назву – камунальныя сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы.
– Люблю сустракацца з людзьмі. У час такіх неафіцыйных размоў можна даведацца намнога больш, чым на сельскіх сходах ці іншых папярэдне арганізаваных мерапрыемствах. А яшчэ люблю ўвачавідкі ўпэўніцца, што вёска жыве, што ёсць гаспадарскі падыход да справы, які дае плён. Яшчэ некалькі месяцаў таму па малаку мы ў параўнанні з леташнім мінусавалі. Зараз ёсць хоць і невялікі, але плюс: 104 працэнты ў вытворчасці і 107 – у рэалізацыі. Невыпадкова ў якасці прыкладу прывёў менавіта малочную галіну, бо яна – тая крыніца, якая дазваляе сельгасарганізацыям трымацца на плаву. Асабліва калі ўлічыць, што зараз больш як 35 працэнтаў малака з гаспадарак раёна ідзе на перапрацоўку класам “экстра”. Яшчэ зусім нядаўна пра гэта маглі толькі марыць. Але прааналізавалі становішча, выявілі слабыя месцы, пад строгі кантроль узялі тэхналагічны працэс, абследавалі статак, пралячылі жывёлін, больш уважліва падышлі да аднаўлення статка – і справа пачала наладжвацца. Ёсць планы на будучае з тым, каб браць новыя рубяжы і мець у жывёлагадоўлі больш высокія паказчыкі. За апошнія пяць год у раёне пабудавана 7 новых і рэканструявана 14 старых малочнатаварных фермаў. Прычым, гэтыя рэканструяваныя па аснашчэнню, утрыманню жывёлы і ўмовах работы тых, хто яе даглядае, абсалютна не ўступаюць узведзеным, як кажуць “з нуля”. Мы проста абавязаны дабіцца належнай ад іх аддачы і выйсці на валавы надой у 57 тысяч тон малака, атрымаўшы ў сярэднім ад каровы яго па 4 тысячы кілаграмаў. У той жа час рэалізацыя мяса павінна скласці не менш як 5 тысяч тон. Урэшце-рэшт, менавіта з гэтага складаецца дабрабыт усіх і кожнага, дзякуючы гэтаму закладваецца аснова харчовай бяспекі нашага раёна і краіны ў цэлым.
– Ці не перашкодзіць планам тое, што кармоў сёлета назапашана менш, чым летась?
– Зімоўка будзе складанай, бо і насамрэч маем у разліку на ўмоўную галаву прыкладна на 2 цэнтнеры кармавых адзінак менш, чым у мінулым годзе. 8 тысяч тон сена, 72 тысячы тон сенажу і 100 тысяч тон сіласу малавата для таго, каб спакойна перажыць зіму. Давядзецца дакладна пралічыць кармавую базу, выкарыстоўваць у рацыёне салому, перапрацаваную з улікам усіх навуковых рэкамендацый. У пэўным сэнсе, зімоўка стане строгім экзаменам для многіх кіраўнікоў сельгасарганізацый, іх адказнасці і выверанага падыходу да справы, іх умення прымаць своечасовыя і правільныя рашэнні з тым, каб не дапусціць спаду вытворчасці малака. Увогуле, сельская гаспадарка ніколі не была справай лёгкай. Хіба лёгка даўся нам сёлета хлеб? Але, нягледзячы на катаклізмы надвор’я, на засуху, здолелі атрымаць нядрэнны ўраджай. Валавы збор зерня склаў больш як 64 тысячы тон. Наш раён поўнасцю выканаў абавязацельствы па пастаўках збожжа дзяржаве: на хлебапрыёмныя пункты дастаўлена яго 12 тысяч тон. На высокім арганізацыйным узроўні прайшла сама ўборка, за што вялікі дзякуй нашым хлебаробам. Не збавілі аграрыі тэмпаў на асенняй сяўбе, заклаўшы надзейны падмурак пад ураджай будучага года. У вялікай ступені арганізавана і якасна правесці ўвесь комплекс сельскагаспадарчых работ дазволіў добра аснашчаны тэхнічны парк. Дастаткова сказаць, што толькі сёлета ў гаспадаркі раёна паступіла 226 адзінак сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. Улічваючы гэта, упаўне рэальнымі выглядаюць планы ў наступным годзе атрымаць 86 тысяч тон зерня і 7,5 тысячы тон масланасення рапсу. Апошняя культура сёлета нас не парадавала: практычна ўсе пасевы былі вынішчаны веснавымі замаразкамі. Тым не менш, пад азімы рапс адвялі плошчу ў 3 тысячы гектараў, а пад азімыя зерневыя – 11 тысяч. Спа-дзеючыся на літасць прыроды, усё-такі гатовы супрацьпаставіць яе выпрабаванням упартасць і майстэрства тых, хто працуе на зямлі. Мэты вядомы, задачы вызначаны, застаецца, не спыняючыся на дасягнутым, працаваць з яшчэ большай аддачай.
– Аляксандр Мікалаевіч, прафесійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу – сустракае вялікая армія жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў. Што хацелі б ім пажадаць?
– Перш-наперш, хачу звярнуцца да ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, тых, чыімі стараннямі і чыёй працай закладваўся падмурак сённяшніх гаспадарак. Дзесяцігоддзі назад яны маглі толькі марыць пра тэхніку, якая працуе зараз на палях, пра ўмовы, якія для аграрыяў створаны сёння. На сваіх руках, нярэдка па пояс у вадзе, выносілі яны з балоцістых участкаў копны сена, уручную раздавалі на фермах кармы і даілі кароў, дабіваючыся, тым не менш, зайздроснай прадукцыйнасці працы, паказваючы ўзоры адносін да сваіх абавязкаў. Дасягненні многіх адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, якія засталіся светлым напамінам пра маладосць. Нізкі паклон вам за працу, за вашу адданасць няпростай хлебаробскай справе. Ваша вернасць прафесіі павінна стаць жыццёвым урокам для моладзі, якая сёння прыходзіць у сельскую гаспадарку. Яна іншая, гэтая маладая змена – у светапоглядах і ўвогуле стаўленні да жыцця. Але хачу верыць, што тыя, хто працягвае і будзе працягваць вашу справу, здолеюць зберагчы лепшыя рысы, характэрныя для няпростага майстэрства працаваць на зямлі. Усім, хто мае дачыненне да сельскай гаспадаркі, жадаю здароўя. Няхай свеціць сонца і заўсёды своечасова прыходзяць дажджы, прыгажэюць нашы вёскі і гарады, у кожным доме пануюць шчасце і парадак, а зямля штогод аддзячвае шчодрым ураджаем. Са святам вас!
Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.