Пад дэвізам: «Закон. Справядлівасць. Айчына»
12 верасня спаўняецца тры гады з дня падпісання Прэзідэнтам краіны Указа аб стварэнні новага праваахоўнага ведамства – Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, а з 1 студзеня 2012 года ён пачаў сваю дзейнасць. Расказвае начальнік раённага аддзела падпалкоўнік юстыцыі Юрый МАРТЫНКОЎСКІ:
– Стварэнне Следчага камітэта – гэта вялікі крок наперад адносна захавання нормаў закона. Сёння ўпэўнена можна сказаць, што палепшылася якасць следства, што станоўча паўплывала на выкананне матэрыяльнага і працэсуальнага права, павысіла адказнасць следчых. Новае ведамства па сутнасці аб’яднала ўсе структуры, якія раней займаліся вядзеннем папярэдняга расследавання. Перад Следчым камітэтам у якасці першачарговай была пастаўлена задача павысіць эфектыўнасць і якасны ўзровень дасудовай крымінальнай вытворчасці.
– Раскажыце больш падрабязна пра аддзел.
– У нашым аддзеле, які лічыцца адным з самых вялікіх на Брэстчыне, працуюць 22 чалавекі, з іх – 17 следчых. Вырашэнне пастаўленых задач пад сілу толькі прафесійна адукаваным супрацоўнікам, якія валодаюць пэўнымі дзелавымі і маральнымі якасцямі. У іх ліку – намеснік начальніка аддзела Леанід Ванюк і начальнік следчага аддзялення Сяргей Завадскі. Неаднаразова заахвочваліся за высокія паказчыкі ў рабоце, добрасумленнае стаўленне да даручанай справы следчыя: Ларыса Германовіч, Віктар Колчын, Аляксандр Гаруноў. Работа маладых супрацоўнікаў Сяргея Чарнавокага і Віталя Случака таксама прыкметная і эфектыўная.
– Якія справы ў асноўным даводзіцца разблытваць следчым аддзела?
– На сённяшні дзень гэта практычна ўсе катэгорыі крымінальных спраў – ад кіравання транспартам у нецвярозым стане да забойстваў, цяжкіх цялесных пакалечанняў, карупцыйных, эканамічных, фінансавых, падатковых злачынстваў.
За 8 месяцаў у вытворчасці супрацоўнікаў райаддзела знаходзіліся 372 крымінальныя справы, адмоўлена – па 130 матэрыялах праверак. Сярод злачынстваў па-ранейшаму пераважаюць крадзяжы – 162. Акрамя гэтага 33 справы ўзбуджаны ў дачыненні да гора-бацькоў, якія не плацяць аліменты. Асаблівую трывогу выклікае рост злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных і псіхатропных рэчываў – з 25 да 32. Так, упершыню на Лунінеччыне выяўлены факты захавання і збыту, так званых, спайсаў і гераіну. Калі казаць пра злачынствы, накіраваныя супраць жыцця і здароўя грамадзян, то расследаваліся адно забойства і замах на забойства, 7 спраў па нанясенні цяжкіх цялесных пакалечанняў. У поле зроку следчых трапілі аматары “нецвярозай язды”. Крымінальныя справы ўзбуджаліся ў адносінах 19 грамадзян. Гэта менш, чым летась (30). Аднак, трэба ўлічыць, што цяпер пакаранне прадугледжвае і пазбаўленне транспартнага сродку. Так, сёлета ў даход дзяржавы звернута 15 адзінак – ад міні-трактара да «Фальксвагена-Каравэла», які належыў жыхару Германіі. Значна ўзрасла колькасць хуліганстваў – з 3-ох да 16-ці, прычым тры правапарушэнні ўчынены з выкарыстаннем пнеўматычнай зброі. Здараецца, што пацярпелыя і сведкі падманваюць следства і суд, але гэта высвятляецца, і тады яны ператвараюцца ў абвінавачваемых. Сёлета ўзбуджаны 3 крымінальныя справы за наўмысна несапраўдныя звесткі. Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, які даводзіцца на папярэдняе расследаванне, асаблівую ўвагу надаем прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. Намі было ўнесена 160 прадстаўленняў у арганізацыі і прадпрыемствы раёна. За неналежны іх разгляд або несвоечасовы адказ да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 5 службовых асоб.
– Шырокія паўнамоцтвы, што
ўскладваюцца на Следчы камітэт,
прадугледжваюць і вялікую
адказнасць. Якія ўмовы прыёму на
службу ў ваша ведамства?
– Грамадзяне, упершыню прынятыя на службу, прыносяць Прысягу, тэкст якой зацверджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. А дэвізам Следчага камітэта сталі словы: «Закон. Справядлівасць. Айчына».
Зразумела, што для таго, каб стаць следчым, патрабуецца адпаведная адукацыя. А без ведання Закона працаваць немагчыма. Таму на службу прымаюцца паўналетнія грамадзяне, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю і здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стану здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на Следчы камітэт. Многія вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі маюць юрыдычныя факультэты. Закончыць ВНУ і атрымаць юрыдычную адукацыю могуць многія, а стаць следчым – далёка не кожны. Бо гэта не толькі прафесія, гэта – прызванне, лад жыцця. У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь створаны следча-экспертны факультэт, дзе вядзецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў для органаў папярэдняга расследавання і экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў.
Следчага вызначае павышанае, абвостранае імкненне да справядлівасці. А яшчэ – бескампраміснасць, упартасць, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі, адстойваць свой пункт гле-джання, роўна як і ўменне своечасова прызнаваць дапушчаныя памылкі. А працоўны дзень не заканчваецца момантам, калі ён зачыніў дзверы службовага кабінета…