Шостая, пазачарговая
У аўторак, 31 сакавіка, адбылася шостая пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў XXVII склікання. Правёў яе старшыня Віктар Рафаловіч.
Дэпутаты падтрымалі прапанову фінансавага аддзела райвыканкама аб унясенні змяненняў у некаторыя рашэнні раённага Савета. У ходзе работы зноў вымушаны былі вярнуцца да абмеркавання асобных пытанняў падаткаабкладання. Пераважнай большасцю галасоў пры адным устрымаўшымся павялічаны стаўкі зямельнага падатку і на нерухомасць для юрыдычных і фізічных асоб. (Рашэнне будзе апублікавана ў бліжэйшых нумарах “ЛН”).
Сесія даручыла раённаму выканаўчаму камітэту права прадастаўляць асобным плацельшчыкам — фізічным асобам, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ільготы па рэспубліканскіх падатках і зборах, уплачваемых у раённы бюджэт. Вядома ж, пад увагу, перш за ўсё, будзе брацца маёмаснае становішча заяўляльнікаў.
Пасля таго, як закончыла работу сесія, адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. На парадку дня значылася адно пытанне — “Аб дадатковых мерах па недапушчэнню выпальвання сухой расліннасці на тэрыторыі раёна”.
Начальнік РАНС, дэпутат абласнога і раённага Саветаў Мікалай Арашкевіч прывёў самыя свежыя звесткі з фронту змагання з пажарамі, якіх з пачатку года выяўлена і ліквідавана 119. З іх 13 — тарфяных, 106 — узгаранні травы, хмызоў, смецця. 9 сакавіка пры выпальванні мінулагодняй травы атрымаў апёкі і трапіў у бальніцу 64-гадовы жыхар Мікашэвіч. У рэспубліцы па гэтай прычыне загінула 12 чалавек, 15 — атрымалі апёкі, пашкоджана 60 будынкаў. I гэта нягледзячы на вялікую прафілактычную работу па самых розных накірунках і каналах.
У супрацьстаянні пажарам адзначыў М.У. Арашкевіч надзейнае супрацоўніцтва з раённым аддзелам унутраных спраў і лясгасам. Расказаў і аб прыкрых выпадках абыякавасці ў справе ранняга выяўлення і ліквідацыі пажараў у экасістэмах з боку кіраўнікоў некаторых сельгаскааператываў. Трое атрымалі адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафаў.
Старшыня СВК “Хваецкае”, дэпутат райсавета Васіль Лазіцкі звярнуў увагу на тое, што пажаранебяспечная сітуацыя асабліва абвастраецца з пачаткам паляўнічага сезона. Ён выказаў меркаванне, што менавіта неасцярожнае абыходжанне з агнём паляўнічых і рыбаловаў стала першапрычынай леташняга вялікага пажару ў экасістэме каля Бобрыка. Сёлета там зноў выгарэла 50 гектараў плошчаў.
Вырашана актывізаваць растлумачальную работу з аматарамі палявання і рыбалкі пры выдачы ім пуцёвак і ўсё-такі дабівацца павышэння свядомасці людзей. Адначасова прагучаў папрок у адрас прыродаахоўнай службы, якая ў сезон масавага наведвання паляўнічых угоддзяў не так актыўна, як гэтага патрабуе рэчаіснасць, уключаецца ў агульную работу па папярэджанню пажараў.
Прэзідыум прыняў рашэнне, у якім дакладна абазначаны задачы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, кіраўнікоў працоўных калектываў, зацікаўленых службаў у справе кантролю за строгім выкананнем правілаў пажарнай бяспекі.
У заключэнне старшыня райсавета Віктар Рафаловіч яшчэ раз звярнуў увагу прысутных на актывізацыю работы па навядзення парадку ў населеных пунктах раёна.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ