Официально

Такая адметная вясна

Асноўным на парадку дня пасяджэння райвыканкама, якое правёў намеснік старшыні Віктар Рафаловіч, было пытанне аб завяршэнні веснавой сяўбы і аналіз гатоўнасці тэхнікі да ўборкі кармоў.

Як паведаміў галоўны аграном упраўлення райсельгасхарчу Яўген Багданец, сяўбу сёлета трэба правесці на 26,5 тысячы гектараў зямель. Вясна выдалася такой, што па прычыне пераўвільгатнення глебы давялося аператыўна карэкціраваць структуру пасяўных пло-шчаў. У прыватнасці, частку вымакшых пасеваў азімых збожжавых і рапсу (а гэта прыкладна 1700 гектараў) замянілі кармавымі культурамі і кукурузай на зерне.
Зараз большасць сельгаскааператываў імкнецца ў сціслыя тэрміны завяршыць пасяўныя работы. Але ёсць і тыя, хто з-за частых паломак тэхнікі і звычайнай неарганізаванасці недаравальна губляюць каштоўны час. У СВК “Багданаўка” ранннія яравыя пасеяны на 63 працэнтах плошчаў, да сяўбы зернебабовых тут увогуле не прыступалі. Марудзяць у СВК “Азярніца” і СП “Аграграніт”.
Пераўвільгатненне глебы перашкаджае і лунінецкім бульбаводам. А ў СВК “Гарадоцкі” насуперак рэкамендацыям спецыялістаў пасадку правялі насеннем ніжэй трэцяй рэпрадукцыі, што ставіць пад пагрозу выкананне рэспубліканскай праграмы развіцця селекцыі і насенняводства. Абыякава аднесліся ў многіх гаспадарках і да сяўбы кармавых караняплодаў.
Шэраг нараканняў выказаў дакладчык у адрас тых, хто грэбуе правіламі захоў-вання мінеральных угнаенняў. Сярод праштрафіўшыхся – зноў жа СВК “Азярніца”, “Дварэцкі”, “Чучавічы”, “Велута” і іншыя. Трывожыць і сітуацыя з забяспечанасцю сродкамі хімічнай абароны раслін.
Сёлетняя вясна незвычайная яшчэ і тым, што адначасова даводзіцца выконваць цэлы комплекс сельскагаспадарчых работ. Яшчэ не пакінула палі пасяўная тэхніка, а ўжо трэба прыступаць да нарыхтоўкі кармоў  першага ўкосу. Сёлета плануецца назапасіць 135,7 тысячы тон кармавых адзінак. А гэта – 15 тысяч тон сена, 119,8 тысячы тон сенажу, 180 тысяч тон сіласу. У агульнай складанасці не менш, чым 38 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву.
Першы ўкос трэба правесці на плошчы ў 16 тысяч гектараў. Для таго, каб не ўпусціць аптымальныя тэрміны, у гаспадарках ёсць усё неабходнае – сучасная тэхніка і кадры. Гатоўнасць кормаўборачных агрэгатаў на 25 мая складае прыкладна 95 працэнтаў. Улічваючы гэта, без асаблівых складанасцей можна правесці першы ўкос за 20 дзён.
Адначасова галоўны аграном акцэнтаваў увагу на якасці нарыхтоўваемых кармоў. Яе можна дабіцца толькі пры строгім захаванні тэхналогіі, прымяненні сучасных рэкамендаваных спецыялістамі кансервантаў, не дапусціўшы перастойвання ранняспелых траў. Асаблівая ўвага – неперарыўнасці цыклу на працягу ўсяго рабочага дня.
Для аказання дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў у ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” створана мабільнае звяно, укамплектаванае поўным наборам патрэбнай тэхнікі.

ЦЯЖКІЯ ДЗЕЦІ З НЯПРОСТЫХ СЕМ’ЯЎ

На пасяджэнні ўвага была сканцэнтравана на рабоце дзяржаўных органаў па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” і прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
Як паведаміў намеснік начальніка РАУС Ігар Жук, у раёне такіх дзяцей 100. Пражываюць яны ў 46 сем’ях. За першы квартал года сацыяльна небяспечны статус атрымалі больш як 30 дзяцей. І ўсё ж, па меркаванню дакладчыка, сітуацыя небезнадзейная: у сувязі з паляпшэннем становішча 20 дзетак страцілі гэты горкі статус. У 13 сем’ях бацькі спынілі амаральны лад жыцця і вырашылі прысвяціць сябе дочкам і сынам. На шчасце, выпадкі паўторнага прызнання сем’яў сацыяльна небяспечнымі ў раёне мінімальныя.
Працягваецца і работа па вяртанню дзяржаве сродкаў, затрачаных на ўтрыманне сацыяльных сірот. На ўліку ў аддзеле адукацыі зараз знаходзяцца 83 абавязаныя асобы, якія павінны вяртаць сродкі на ўтрыманне 78 дзяцей. Сярэдні працэнт вяртання грошай у раёне складае 51 ( у вобласці – 58 працэнтаў).
У ходзе пасяджэння была звернута асаблівая ўвага на забеспячэнне магчымасці абавязным асобам працаўладкавацца. Разам вырашана наладзіць больш жорсткі кантроль за тымі, хто сістэматычна дапускае прагулы. За 4 месяцы 2013 года зарэгістравана 1059 нявыхадаў на работу без уважлівай прычыны.
Быў адзначаны і той факт, што далёка не ўсе ахвотна бяруць абавязаных асоб на работу, нягледзячы на тое, што для іх спецыяльна браніруюцца вакансіі. Так, у Мікашэвічах з 11 прадпрыемстваў вакансіі прадаставілі толькі 3. Іншы раз для працаўладкавання свядома прапаноўваюцца месцы, на якія людзі без спецыяльнай кваліфікацыі заведама прэтэндаваць не могуць.
Па-ранейшаму трывожыць і сітуацыя з правапарушэннямі сярод непаўналетніх. З пачатку года зарэгістравана 11 такіх злачынстваў. У асноўным гэта крадзяжы. У параўнанні з леташнім не змянілася колькасць дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН – 130 падлеткаў. Дакладчык выказаў упэўненасць у тым, што сітуацыя будзе мяняцца да лепшага па той прычыне, што сёння штат інспекцыі ўкамплектаваны. Сюды прыйшлі адукаваныя людзі, здольныя знайсці новыя формы работы з цяжкімі падлеткамі.

РЭЦЫДЫЎ – АД БЕСКАНТРОЛЬНАСЦІ

Сёлета назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. З пачатку года такіх зарэгістравана 157. З іх 27 – у Лунінцы, 31 – у Мікашэвічах, астатнія – у вёсках раёна, сярод якіх сумнае лідарства ўтрымліваюць населеныя пункты Дварэцкага сельсавета.
Намеснік начальніка РАУС Ігар Жук расказаў пра тое, што робіцца для хутчэйшай адаптацыі і рэабілітацыі тых, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Гэта і матэрыяльная падтрымка, гуманітарная дапамога, садзейнічанне ў працаўладкаванні. На жаль, нягледзячы на гэта, далёка не ўсе вяртаюцца да нармальнага жыцця. На думку пракурора Аляксандра Карлюка, прычына ў тым, што яны не адчуваюць пастаяннага нагляду і кантролю з боку праваахоўнікаў, забываючыся пра непазбежнасць пакарання. Да гэтай справы, упэўнены Аляксандр Паўлавіч, можна было б прыцягваць і дружыннікаў. Паднаглядныя павінны ведаць, што кожны дзень яны – пад кантролем на-дзеленых уладай людзей.
Прагучала прапанова актывізаваць работу і па накіраванню раней судзімых, якія не сталі на шлях выпраўлення, у наркадыспансеры і лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Больш дзейснай варта зрабіць і агульнапрафілактычную работу, асаблівую ўвагу звярнуўшы на прымяненне прэвентыўнага нагляду па ініцыятыве РАУС.

ІПГ, “ДЗЕНЬ АДКРЫТАГА ПІСЬМА”, ВЯСКОВЫ СХОД…

і шмат іншых формаў інфармацыйна-растлумачальнай работы выкарыстоўваюцца ў нашым раёне.
Пра іх расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Анатоль Захаркевіч. Ён адзначыў, што летась інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі праведзена 147 сустрэч у працоўных калектывах. У ходзе дыялогаў паступіла 539 пытанняў. Амаль усе яны вырашаны, 8 – узяты на кантроль аддзеламі і службамі райвыканкама.
Праведзена 11 “Прамых ліній” з кіраўніцтвам раёна, на якія звярнуліся 192 жыхары. У рэжыме рэальнага часу вырашаюцца пытанні, якія паступаюць у ходзе “Дня адкрытага пісьма”. Зусім нядаўна па ініцыятыве БРСМ распачата акцыя “100 пытанняў даросламу”. Вынікам шматграннай работы стала зніжэнне колькасці зваротаў і скаргаў грамадзян.
Разам з тым, адзначаны прабелы ў рабоце з моладдзю. У якасці выйсця прапанавана аднавіць работу маладзёжных інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, напоўніць яе нефармальным зместам, зрабіць не эпізадычнай а рэгулярнай.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть