Трошкі сумбурны, але шчыры дыялог
Официально

Трошкі сумбурны, але шчыры дыялог

Райисполком

Менавіта такое вызначэнне далі старшыні: райвыканкама – Аляксандр Пачко і райсавета – Віктар Рафаловіч размове, што адбылася пазаўчора паміж прадстаўнікамі ўлады і кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія дзейнічаюць на Лунінеччыне.

Удзел у мерапрыемстве бралі лідары раённых суполак грамадскіх аб’яднанняў: «Белая Русь» – Людміла Казадаева, «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» – Аляксандр Жуланаў, «Беларускі саюз афіцэраў» – Уладзімір Жураўлёў, «Беларускі саюз жанчын» – Таццяна Вайцяхоўская, савета ветэранаў вайны і працы – Надзея Лазіцкая, а таксама палітычных партый: камуністычнай – Мікалай Аляшкевіч, працы і справядлівасці – Таццяна Карпуковіч. Прысутнічалі на сустрэчы і прадстаўнікі шматлікіх зацікаўленых службаў райвыканкама.

Найбольш уплывовай з вышэй пазначаных грамадскіх арганізацый, безумоўна, з’яўляецца “Белая Русь”. Невыпадкова менавіта Людміле Казадаевай даверана ўзначальваць савет, які каардынуе ў раёне дзейнасць усіх грамадскіх аб’яднанняў. У ходзе дыялогу Людміла Іванаўна падрабязна расказала пра дасягненні членаў “Белай Русі”, падзякаваўшы ўсіх за вялікую работу, праведзеную напярэдадні і ў час адказнай палітычнай кампаніі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Не намераны спыняцца актывісты арганізацыі і сёння: толькі ў кастрычніку праведзена 42 значныя мерапрыемствы, якія мелі прыкметны рэзананс у грамадстве.

У адказ старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко шчыра падзякаваў грамадскіх актывістаў за пазітыў, які яны нясуць у масы, і вялікі ўклад у паступальнае развіццё Лунінеччыны. Добрыя словы прагучалі ў адрас не толькі раённай арганізацыі “Белая Русь”, але і “Беларускага саюза жанчын”, раённага савета ветэранаў вайны і працы, усіх, хто меў дачыненне да арганізацыі і правядзення важных і патрэбных мерапрыемстваў. У прыватнасці, традыцыйнага аўтапрабегу па месцах баявой славы, які ладзіўся напярэдадні Дня Перамогі і Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Высокую ацэнку атрымаў створаны пасля гэтага відэафільм. Па словах Аляксандра Мікалаевіча, відэаматэрыялы з поспехам можна выкарыстоўваць у мэтах патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

Варта сказаць, што своеасаблівымі ініцыятарамі сустрэчы ў райвыканкаме сталі былыя вайскоўцы. Два гады таму менавіта ў іх асяродку нарадзілася ідэя рэканструяваць помнік нашым землякам, якія загінулі ў Афганістане. Пад словам “рэканструкцыя” ў іх разуменні значыцца ўсталяванне побач з ужо існуючым у райцэнтры помнікам дзевяці загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам якой-небудзь баявой машыны. Дамовіцца аб набыцці спісанага ваеннага транспарту абяцае кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Уладзімір Жураўлёў. Але ж сам па сабе такі аб’ект асаблівай гістарычнай каштоўнасці не мае. Яго трэба аднавіць, абавязкова паклапаціўшыся пра ўладкаванне месца і пастамента, на якім ён будзе ўстаноўлены.

Старшыня раённай арганізацыі, якая згуртоўвае былых воінаў-“афганцаў”, Аляксандр Жуланаў падмацаваў сваё выступленне шматлі-кімі газетнымі і фотаматэрыяламі пра тое, як ушанавана памяць герояў неаб’яўленай вайны ў іншых раённых цэнтрах. На жаль, пра кошт такіх пераўтварэнняў былы вайсковец пакуль уяўлення не мае. Між тым, па самых сціплых прыкідках адкрыццё такога помніка будзе каштаваць немалую суму – прыкладна паўмільярда рублёў. Пры сённяшнім дэфіцыце раённага бюджэту ў 61 мільярд рублёў весці гаворку пра дадатковыя расходы нават на самыя высакародныя мэты непрадбачліва. Разам з тым, гэта не значыць, што раённыя ўлады не пачулі прапанову актывістаў. “Зроблены пакуль толькі першы крок, і мы адносімся да яго з разуменнем”, – падкрэсліў А.М. Пачко.

Слушнай падалася думка старшыні райсавета Віктара Рафаловіча, які прапанаваў усталяваць такі помнік у лесапаркавай зоне горада Мікашэвічы, адначасова прысвоіўшы тамтэйшаму скверу імя воінаў-інтэрнацыяналістаў.  Думаецца, абсалютна ніхто не будзе і супраць таго, каб у населеных пунктах вуліцам у раёнах новай забудовы даваць імёны загінуўшых  герояў-землякоў ці паважаных людзей – ганаровых грамадзян Лунінца і раёна, якія пайшлі з жыцця. У любым выпадку, усе прапановы трэба абмяркоўваць. І першыя захады ў гэтым накірунку ўжо зроблены.

Зрэшты, увагі патрабуюць не толькі праекты помнікаў, але і тыя, што сёння ўжо ёсць на Лунінеччыне. Догляду чакаюць некаторыя  магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны ў Лунінцы і вёсках раёна. Гэтыя сумныя моманты агучыў У.І. Жураўлёў. Ён жа смуткаваў і па прычыне таго, што на існуючым помніку воінам-інтэрнацыяналістам у Лунінцы няма ўтрымліваючых прыстасаванняў для таго, каб вянкі і кветкі не разносіла ветрам, а стаялі яны тут як мага даўжэй.  Але, прабачце, каму як не былым саслужыўцам, сённяшнім членам ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і «Беларускі саюз афіцэраў», паклапаціцца пра гэта, на справе даказаўшы вернасць баявому братэрству і памяці пра загінуўшых?
А вось лёс мемарыяльнай дошкі ў памяць пра Мікалая Захарчука, былога вучня Чэрабасаўскай школы, будзе высветлены ў бліжэйшы час. З закрыццём навучальнай установы дошку знялі, аднак пра тое, каб урачыста прымацаваць яе на ўваходзе правапераемніцы – Рэдзігераўскай СШ – не паклапаціліся. Трэба спадзявацца, што ў імя светлай памяці пра земляка справядлівасць будзе адноўлена.

Заклапочанасцю пра сённяшні лёс былых вайскоўцаў, у прыватнасці, членаў «Беларускага саюза афіцэраў», былі прасякнуты словы намесніка старшыні раённай арганізацыі ветэранаў-“афганцаў” Аляксандра Рамановіча. На яго думку, многія застаюцца незапатрабаванымі, хаця маглі б яшчэ несці пэўную карысць грамадству. Можна па-рознаму ставіцца да такога пункту гледжання. Асабіста я ўпэўнена, што грамадзянская пазіцыя кожнага асобна ўзятага чалавека, незалежна ад членства ў той ці іншай арганізацыі, вызначаецца не становішчам, якое ён займае ў грамадстве, а, перш за ўсё, станам душы. І калі гэты стан не дазваляе заставацца абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал, падставы для скаргаў аб уласнай незапатрабаванасці наўрад ці паявяцца.

Так ці інакш, падводзячы рысу пад размовай, якая адбылася, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко выказаў спадзяванне, што  і надалей работа грамадскіх фарміраванняў будзе ладзіцца ў рэчышчы ўзаемаразумення і ўзаемападтрымкі, што несумненна пойдзе на карысць агульнай справе – паляпшэнню дабрабыту роднай Лунінеччыны.

Таццяна Пятрова



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть