Официально

У дзелавым рэчышчы

НА ЗДЫМКУ: узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама А.М. Пачко. Сярод пераможцаў – дырэктар ААТ «Вулькаўскі світанак» У.І. Соц, дырэктар СШ №1 г. Лунінца Г.У. Грамыка, галоўны ўрач ЦРБ                  С.І. Хлебус, дырэктар ПВУП «Вікторыя» Т.Д. Удавенка, генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Э.Г. Гаўрылковіч (злева направа).

Першае ў 2017 годзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта пачалося з абвяшчэння вынікаў конкурсу на лепшае навагодняе афармленне прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, аб’ектаў гандлю і прыватных домаўладанняў. Яго ўмовы былі вядомы задоўга да святаў. Вызначаны састаў журы, намінацыі і прызавы фонд, які сёлета склаў 10 тысяч рублёў, што прыкметна больш, чым у папярэднія гады.

Ніхто не чакаў падвоху, калі вядучая запрасіла на сцэну кіраўнікоў: раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Аляксандра Талсцяка, аддзела па занятасці насельніцтва раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольгу Цяльпук,  Дзятлавіцкага сельвыканкама Кацярыну Гасюк  і райпалівазбыту Анатоля Ханцэвіча. Як высветлілася, яны сталі “пераможцамі” ў намінацыі “Новы год да нас не дайшоў”. У якасці “каштоўных падарункаў” кожны атрымаў па звычайнай электрычнай лямпачцы, якая будзе нагадваць пра неабходнасць больш уважліва ставіцца да праводзімых у раёне акцый.

Прыкладна так, як гэта зрабілі лаўрэаты конкурсу: індывідуальны прадпрымальнік Валерый Муравейка (аг. Вялікія Чучавічы), ААТ “Спецжалезабетон” (дырэктар Васіль Басевіч), гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Фірменны гандаль” ААТ “Лунінецкі малочны завод” (дырэктар Андрэй Сойка), КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” (дырэктар Георгій Шпакоўскі), Сінкевіцкі сельвыканкам (старшыня Валерый Краснікевіч), цэнтральная раённая аптэка №68 (загадчыца Аляксандра Агіевіч). Усе яны атрымалі з рук старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко ў знак удзячнасці ганаровыя Дыпломы.

А пераможцамі з уручэннем Дыпломаў і грашовых сертыфікатаў сёлета сталі:  за лепшае навагодняе афармленне прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання – раённае спажывецкае таварыства (старшыня Максім Сумар); прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання і паслуг – КУП ВКГ “Водаканал” (дырэктар Аляксандр Радзіяновіч); прамысловых прадпрыемстваў г. Лунінца і г. Мікашэвічы – РУВП “Граніт” (генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч); устаноў аховы здароўя – УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” (галоўны ўрач Святлана Хлебус); устаноў адукацыі – СШ №1 г. Лунінца (дырэктар Галіна Грамыка); арганізацый спорту і турызму – ДЮСШ па плаванню “Дэльфін” (дырэктар Таццяна Сімончык); устаноў культуры – Лунінецкая дзіцячая школа мастацтваў (дырэктар Вольга Белавус); грамадскіх будынкаў – ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” (дырэктар Вячаслаў Торчык); будынкаў і тэрыторый аграпрама – ААТ “Вулькаўскі світанак” (дырэктар Уладзімір Соц); будынкаў і тэрыторый будаўнічага комплексу – ДРБУ-101 (начальнік Аляксандр Трухноў); прадпрыемстваў транспарту і сувязі – ПТУП “Еўрарэйс” (дырэктар Генадзь Канапацкі); тэрыторый сельскіх Саветаў – Вулькаўскі сельсавет (старшыня Аляксандр Кушнярэвіч); прадпрыемстваў і арганізацый малога і сярэдняга бізнесу – ВПУП “Вікторыя” (дырэктар Таццяна Удавенка); за лепшую навагоднюю ёлку – ААТ “Лунінецкі малочны завод” (дырэктар Сяргей Карпец).  Перамога ў намінацыі “Лепшае навагодняе афармленне прыватнага падворка”  сёлета святкаваў Валерый Рэбкавец, чый дом па адрасе  вул. Давыдава,51 у Лунінцы зачароўваў высокім густам і прыгажосцю святочнага ўбранства.

Пасля гэтага ўрачыстая частка пасяджэння спакваля перайшла ў рабочае рэчышча. Улічыўшы тое, што праблемы аграпрама напярэдадні былі абмеркаваны ў ходзе выязнога падвядзення вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны, пра што падрабязна расказвала раёнка (“Упушчаны час працуе супраць нас”, “ЛН”, №7 за 25.01.2017), на пасяджэнні аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна датычыў прамысловасці, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы. З падрабязнай інфармацыяй выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, Руслан Хоміч і Анатоль Захаркевіч. Аб тым, як працавалі летась, “Лунінецкія навіны” таксама паведамлялі ў публікацыі  “Размова па сутнасці” (“ЛН”, №100 за 28.12.2016). Паўтараць ужо вядомыя лічбы і факты сэнсу няма, а вось сканцэнтравацца на праблемах і недапрацоўках варта. Менавіта пра гэта гаварыў і Аляксандр Пачко, калі звяртаў увагу прысутных на тое, што з 15-ці паказчыкаў раёнам не выкананы 7.

Прэтэнзіі кіраўніка зразумелыя, бо той жа паказчык па стварэнню новых рабочых месцаў упаўне мог быць выкананым, калі б да яго адказна паставіліся на прадпрыемствах, у сферы малога бізнесу і фермерскіх гаспадарках. Тое ж можна сказаць пра інавацыйную прадукцыю, якая на Лунінеччыне ў агульным аб’ёме заняла толькі 0,6 працэнта. У 2017-ым гэтая лічба павінна скласці не менш як 5 працэнтаў і сумнявацца ў тым, што яна будзе ўзята, не даводзіцца. Асаблівыя спадзяванні ўскладваюцца не толькі на ААТ “Палессеэлектрамаш”, які нядрэнна заявіў пра сябе ў апошні час, але і на РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, прыватнае прадпрыемства “Вікторыя” і іншыя прадпрыемствы.
“Нам не даводзіцца чакаць, што нехта зверху будзе падказваць новыя ідэі, а мы будзем толькі старацца іх праводзіць у жыццё. Трэба самім думаць, як выжываць”, – канстатаваў старшыня райвыканкама. У пэўным сэнсе гэтае патрабаванне датычыла гандлю, дзе сёння ёсць нямала навінак, пра якія лунінчане толькі мараць. “Чаму буйныя гандлёвыя сеткі сёння ідуць на ўсё, каб прывабіць пакупнікоў, а мы топчамся на месцы? – бескампрамісна пытаў кіраўнік. –  Узяць хоць бы тую ж дастаўку тавараў на дом. Ды нам гатовы іх з Пінска вазіць, абы каб куплялі. Хіба мясцовым гандлярам нельга паспрабаваць гэты варыянт?”.

Не застаўся па-за ўвагай лёс стратных прадпрыемстваў і гаспадарак. Прынцыповая ацэнка была дадзена дзеянням антыкрызісных упраўляючых, у прыватнасці, – на ААТ “Лунінецлес”, дзе не выконваюцца нават мерапрыемствы, прадугледжаныя працэдурай санацыі. Тым не менш, ад кіраўніцтва прагучала запэўніванне, што сёлета прадпрыемства павінна пазбавіцца ад стратнасці, а замест сённяшніх 58-мі па выніках паўгоддзя тут будзе працаваць 80 чалавек.

З асцярожнасцю была ўспрынята ініцыятыва новага дырэктара ААТ “Палессеэлектрамаш” Васіля Калодзіча. Справа ў тым, што кіраўнік мае намер істотна “амаладзіць” калектыў. З гэтай мэтай у профільныя ВНУ разасланы лісты з запрашэннем маладых спецыялістаў прыязджаць працаваць на прадпрыемства. На гэта Аляксандр Пачко заявіў, што асабіста ён не прыхільнік у адначассе пазбаўляцца ад вопытных работнікаў: калі ў іх ёсць сілы і жаданне працаваць, то трэба даць ім гэтую магчымасць, бо вопытныя кадры трэба берагчы. Што датычыць самой вытворчасці, то вырашана праграму развіцця прадпрыемства і выкананне асобных яе пунктаў разглядаць кожны месяц.

Нямала праблем сёння ў будаўнічым комплексе раёна. Ці будуць загружаны будаўнікі работай сёлета? Ад адказу на гэтае пытанне залежыць лёс калектываў, многія з якіх вымушаны ісці на непапулярную меру скарачэння колькасці працуючых. Праўда, называюць гэта сёння абцякаемым тэрмінам “натуральнае змяншэнне”, ні словам не кажучы пра тое, што на скарочаныя працоўныя месцы, якія да нядаўняга часу займалі людзі пенсіённага ўзросту, магла б прыйсці моладзь, якой таксама патрэбна работа. Адначасова, упэўнены А.М. Пачко, варта самую пільную ўвагу звярнуць на якасць будаўнічых работ.

У ходзе абмеркавання закранулі праблемы энергазберажэння і змяншэння страт цеплавой энергіі ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прагучала думка, што тут асабліва строга трэба спытваць са спецыялістаў.

Абмеркаванне стану спраў у сацыяльнай сферы ішло па некалькіх накірунках. Як высветлілася, па многіх паказчыках здала свае пазіцыі адукацыя раёна. Невысокія яны ў абласной рэйтынгавай шкале па ўзроўню адукацыі педагогаў дашкольных устаноў, даходах ад пазабюджэтнай дзейнасці, энергазберажэнню. Пакідае жадаць лепшага работа па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці. Нават вынікі цэнтралізаванага тэсціравання адкінулі раён на 16-ае з 20-ці месцаў. На ўсе гэтыя і іншыя недапрацоўкі было ўказана ў ходзе пасяджэння райвыканкама. Канкрэтныя прапановы прагучалі ў адрас медыцыны і культуры.

Разгледзелі на пасяджэнні вынікі выканання бюджэту раёна за мінулы год і задачы па яго напаўненню на год бягучы. Як паведаміў начальнік фінансавага аддзела Сяргей Бойка, даходная частка бюджэту за 2016-ты выканана на 101,1 працэнта: пры плане 41,3 мільёна фактычна ў раённую казну паступіла 42,1 мільёна рублёў. Па-ранейшаму асноўнымі яе крыніцамі папаўнення застаюцца падаткі – падаходны, на дабаўленую вартасць, на нерухомасць і іншыя.

У параўнанні з 2015 годам летась на 13,5 працэнта павялічылася расходная частка бюджэту. Выклікана гэта ростам фінансавання сацыяльнай сферы. Традыцыйна высокіх выдаткаў патрабуюць адукацыя, ахова здароўя, культура, сацыяльная палітыка. Сюды ідзе амаль 80 працэнтаў усяго раённага бюджэту.
У прынятым рашэнні пазначана, што і надалей будзе наладжаны строгі кантроль за мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. Адначасова будзе звернута асаблівая ўвага на вышукванне дадатковых крыніц папаўнення раённай казны.

У пакуль новай для сябе ролі выступіла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Ванюк. Тым не менш, яе даклад быў багаты на лічбы і факты, якія сведчылі, што ў гэтай справе яшчэ шмат неда-працовак, хаця зваротаў летась у параўнанні з папярэднім годам было на 7 працэнтаў менш. Гэты накірунак работы знаходзіцца пад пастаянным кантролем: у мінулым годзе за парушэнні заканадаўства аб рабоце са зваротамі грамадзян да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 11 асоб на пасадах, за парушэнне ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур – 12 асоб.

Разам з тым, сёлета работа будзе скіравана не толькі на выяўленне падобных парушэнняў, але і на іх папярэджанне. Менавіта па гэтай прычыне будуць узмоцнены патрабаванні да кадраў і выканання імі сваіх абавязкаў, асабліва ў частцы прававога зместу прымаемых імі рашэнняў.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама А.М. Пачко. Сярод пераможцаў – дырэктар ААТ «Вулькаўскі світанак» У.І. Соц, дырэктар СШ №1 г. Лунінца Г.У. Грамыка, галоўны ўрач ЦРБ С.І. Хлебус, дырэктар ПВУП «Вікторыя» Т.Д. Удавенка, генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Э.Г. Гаўрылковіч .



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть