За кожным зваротам — чалавек
У вялікай ступені аб самадастатковасці ўлады людзі мяркуюць па адносінах да іх зваротаў.
У раённым выканаўчым камітэце заўсёды вялікую ўвагу надаюць праблемам, з якімі жыхары ідуць ва ўладныя структуры, а меры, прымаемыя мясцовай “вертыкаллю” з мэтай паляпшэння якасці работы з насельніцтвам, знаходзяцца на пастаянным кантролі. Вось і на мінулым тыдні пад пільнай увагай апынулася работа Лунінскага і Лахвенскага сельвыканкамаў.
Пэўным чынам паўплываў на гэта той факт, што з пачатку года колькасць зваротаў ад жыхароў Лунінскага сельсавета (як, зрэшты, і ў цэлым па раёне) прыкметна павялічылася, а Лахвенскага – наадварот, зменшылася. Менавіта таму старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко паставіў пытанне рубам: чаму ў Луніне ў параўнанні з леташнім у 4 разы вырасла колькасць скаржнікаў? І гэта, нягледзячы на тое, што Лунін з’яўляецца сімвалічнай візітоўкай раёна, і менавіта тут параўнаўча нядаўна праводзілася сустрэча работнікаў мясцовага сельгаскааператыва са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам, на якой таксама ішла гаворка пра клопаты і трывогі вяскоўцаў.
Па словах старшыні Лунінскага сельвыканкама Аляксандра Якаўца, нярэдка жыхары вёсак сельсавета звяртаюцца ў вышэйстаячыя інстанцыі, ігнаруючы магчымасці мясцовай улады. Хаця практыка паказвае, што такі падыход апраўданы далёка не заўсёды: большасць праблем вырашаліся і вырашаюцца без удзелу абласных і рэспубліканскіх структур.
На тэрыторыі сельсавета і насамрэч многае робіцца для таго, каб узровень якасці жыцця яго насельнікаў быў годным. Разам з тым, па-ранейшаму марудна вядзецца знос састарэлых будынін, якія псуюць агульны выгляд паселішчаў. Гаспадарскага погляду і падыходу патрабуе стан некаторых вясковых вуліц і дарог.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч у ходзе абмеркавання пытання звярнуў увагу на неабходнасць больш дзейснага супрацоўніцтва са старастамі. Іх работа бачна, але каардынуючая нотка сельвыканкама ў гэтай справе адчуваецца не заўсёды.
Праблемы старажытнай Лахвы ў нечым падобныя на лунінскія, а ў нечым маюць кардынальнае адрозненне. Як і ў вышэйназваным сельсавеце, жыхароў тут у большасці сваёй хвалююць камунальна-бытавыя пытанні, добраўпарадкаванне вуліц і дарог, перспектыва газіфікацыі населеных пунктаў і г.д. Але калі Лунін адпавядае званню аграгарадка па ўладкаванасці аб’ектаў сацкультбыту, то Лахва ў гэтым яму саступае. Перш за ўсё, адсутнасцю амбулаторыі. Практычна ні адна тэлефонная прамая лінія з кіраўнікамі раёна і вбласці, ні адзін асабісты прыём грамадзян, якія праводзяцца рэгулярна, не абыходзіцца без агучвання гэтай праблемы. Зразумела, што вырашыць яе сельвыканкаму самастойна не пад сілу. Тым не менш, пэўныя дзейсныя захады для гэтага ўжо зроблены і трэба спадзявацца, што ў агляднай перспектыве ў Лахве паявяцца і ўласная амбулаторыя, і неабходны штат урачоў, як гэта было раней.
“Любы запыт, з якім чалавек звяртаецца да кіраўніка, варта вывучаць дасканала і ўсебакова, — падкрэсліў Аляксандр Пачко. – Падабаецца вам скаржнік ці не, прасякнуцца яго праблемай трэба для таго, каб даць абгрунтаваны і правільны адказ. І калі можна нешта зрабіць сёння, то гэта трэба рабіць. Толькі ў такім выпадку можна спадзявацца, што колькасць паўторных зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі будзе змяншацца”.
У рашэнні пазначаны канкрэтныя меры з тым, каб зрабіць больш дзейснай і якаснай работу са зваротамі грамадзян.