Фізік і лірык
спалучаюцца ў асобе 11-класніка ліцэя. У раёне Стас ВАНЮК адзначаны дыпломамі трэцяй ступені на алімпіядзе па фізіцы і першай – у конкурсе даследчых работ “З навукай у будучыню”. Віншуючы здольнага
і працавітага юнака, пытаюся аб абласных дасягненнях.
– У Брэсце па фізіцы заняў 13-ае месца, а дыпломамі ўзнагароджваліся толькі 12 вучняў. Палічыў, што неаб’ектыўна ацанілі дакладна выкананае адно з заданняў і звярнуўся з апеляцыяй. Журы добразычліва выслухала мае прэтэнзіі і дадало адзін бал, які, праўда, не паўплываў на канчатковы вынік.
– Засумаваў?
– Ёсць крыху. З дыпломам быў бы вызвалены ад экзамена па фізіцы, а так давядзецца яшчэ раз рыхтавацца. Але лічу, што адмоўны вынік таксама дае плён.
– Давай пагаворым аб тваім гістарычным даследаванні. Работа прысвечана Першай сусветнай вайне, аб якой вядома няшмат.
– Для многіх – нічога невядома! У працэсе падрыхтоўкі праводзіў сацыялагічнае апытанне. Здзівіла, што мае равеснікі маюць больш уяўлення, таму што вывучалі гэту падзею на ўроках гісторыі, чым людзі ўзросту, напрыклад, маёй бабулі.
– А як ты вырашыў звярнуцца да гэтай тэмы?
– У мінулым чэрвені займаўся ў профільным лагеры. У адзін з дзён пасля заняткаў ліцэісты з настаўнікамі здзейснілі групавы паход на новыя могілкі да пахавання салдат Першай сусветнай вайны, якія загінулі ў Лунінцы і наваколлях. Калі ў верасні настаўніца Аксана Рыгораўна Арашкевіч прапанавала сабраць матэрыял для даследавання, па меншай меры ўсвядоміў, што наш край таксама мае дачыненне да гэтай падзеі.
– З чаго пачаліся твае пошукі?
– З інтэрнэта, вядома ж. Калі ўбачыў паведамленні, што краіны Еўрасаюза не плануюць адзначаць на дзяржаўным узроўні 100-годдзе пачатку Першай сусветнай, захацеў больш даведацца аб гэтай вайне. У Беларускім нацыянальным гістарычным архіве знойдзены імёны больш як ста салдат цар-скай арміі, якія пахаваны ў нашым раёне. Рускія, украінцы, беларусы… На могілках ліцэісты па чарзе чыталі спіс, быццам паміналі за-гінуўшых. Гэта зрабіла вялікае ўражанне. Падумаў: калі на Захадзе не хочуць прыгадваць падзеі вайны, у якой большасць дзяржаў, акрамя Германіі, выйгралі, значыць, гэта трэба памятаць прадстаўнікам краін, народы якіх панеслі мільённыя ахвяры.
– Мяркуючы па тваіх словах, даследаванне скіравана ў краязнаўства. Прыцягвае назва: “Забытая вайна – забытыя героі”…
– Гэта – не мая заслуга: назву прыдумала кіраўнік працы. Што цікава: шукаў інфармацыю ў бібліятэцы, перачытаў мноства кніг, распытваў лунінецкіх старажылаў, а сапраўднае адкрыццё чакала ў ліцэі. Аказваецца, дзядуля нашай настаўніцы Таццяны Нічыпараўны Лімант быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Больш таго – здзейсніў подзвіг, атрымаў цяжкае раненне. За мужнасць быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, які ўсё жыццё, пры любых уладах, насіў на шыі паверх кашулі. У адпаведнасці з Палажэннем аб узнагародзе, яму павінны былі даплачваць да пенсіі вызначаную суму грошай. Нават “пры Польшчы” атрымліваў даплату. Калі ж пасля Вялікай Айчыннай канчаткова ўстанавілася Савецкая ўлада, ніякай пашаны стары салдат не меў. Куды ні звяртаўся, у Мінск і Маскву ездзіў, адусюль атрымліваў адмову. З крыўдай на душы Парфён Мікітавіч Зосіч (на здымку) і пайшоў з жыцця.
– У рэспубліканскім друку былі паведамленні, што наша краіна разам з Расіяй і Украінай урачыста будзе адзначаць 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны.
– Дзякуй за інфармацыю. У гэтым выпадку яшчэ раз вярнуся да старога салдата. Таццяна Нічыпараўна расказала, што дзеці і ўнукі атрымалі галоўны запавет ад дзеда. Аказваецца, яго саслужыўцы намерваліся здацца ў палон, каб застацца жывымі, але ён адмовіўся: “Даў прысягу, сумленна служыў і гатовы памерці за сваю Радзіму”. Калі гаворым аб патрыятызме, пачынаць трэба з тых, хто праліваў кроў – няхай “за веру і цара”, але ж і “за Айчыну”.
– На раённай канферэнцыі твая работа перамагла. Як яе актуальнасць мяркуеш даказваць у Брэсце?
– Можна адказаць вам пытаннем?
– Калі ласка.
– Ведаеце, калі Пецярбург перайменавалі ў Петраград?
– Ведаю.
– Ну, адна з нямногіх у Лунінцы! Пераважная большасць людзей не здагадваецца, што гэта адбылося ў 1914 годзе. Патрыятычны ўздым у Расійскай імперыі быў настолькі вялікім, што людзі адмаўляліся ад выкарыстання нямецкіх слоў. Ёсць яшчэ цікавыя моманты, якія, спадзяюся, прыцягнуць увагу абласнога журы. Шмат іх даведаўся з часопіса 1915 года, на першай старонцы якога – адлюстраванне рускага воіна са сцягам, на якім напісана “Победа”.
– Шчыра жадаем табе поспеху. Але, незалежна ад выніку, набыты табой матэрыял саслужыць добрую справу для аматараў гісторыі роднага краю.
Гутарыла
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.
Фота аўтара і з архіўных крыніц.