ЛЕПШЫ КУТОЧАК НА ЗЯМЛІ
У юнацтве дзяўчаты марыць пра нешта асаблівае. І прафесію хочацца мець самую цікавую, і жыць у найпрыгажэйшым месцы на свеце. З часам у летуценныя планы ўносяцца некаторыя рэалістычныя карэктывы, ды маладое сэрца заўсёды прагне радасці і рамантыкі. Але ў кожнай сваё бачанне лепшага куточка на зямлі.
Ганна КАПЛІЧ нарадзілася і вырасла ў Мокрава. У адрозненне ад равесніц, якім сніліся гмахі гарадскіх новабудоўляў і шумных праспектаў, яна любавалася прыгажосцю навакольнай прыроды, з задавальненнем крочыла па лясных сцежках, што змейкай віліся паміж бяроз і алешніку. І спецыяльнасць выбрала чыста жаночую і практычную – паехала вучыцца ў Брэст на швачку-мадэльера.
Два гады студэнцтва цягнуліся доўга, бо на Лунінеччыне пакінула сваё закаханае сэрца – яшчэ будучы старшакласніцай пасябравала з Фёдарам з Манасеева. Пазнаёміліся, як юнак вярнуўся з тэрміновай службы. Узмужнелага і ўпэўненага, яго нельга было не заўважыць. Моладзь тады часта збіралася паблізу маста праз Лань, дзе арганізоўвалі пасядзелкі каля кастроў. Вось там, у бліках гарачага полымя і ўспыхнула іх галоўнае пачуццё, якое сагравае дагэтуль, праз 26 год…
Стварылі сям’ю, жылі каля яго бацькоў. Непадалёк вырашылі пабудаваць свой дом, абзавяліся хатняй гаспадаркай. У ролі швачкі Ганна пабыла нядоўга, затым стала паштальёнам. З асаблівасцямі новых абавязкаў пазнаёміла свякроў і цёзка Ганна Міхайлаўна, якая сама 20 год разносіла карэспандэнцыю аднавяскоўцам. Яна дагэтуль застаецца для нявесткі галоўным прыкладам тактоўнасці і дабрыні. На жаль, цяпер жанчына пакутуе ад інсульту, ледзь рухаецца. З гэтай пачварнай хваробай апошнім часам змагаецца і свёкар Фёдар Пятровіч.
Маладзейшыя Каплічы вельмі хвалююцца за здароўе старэйшых. І кажуць, што тыя нібыта прадчувалі цяжкасці на старасці год, некалі прасілі іх пасяліцца побач. Яны і не шкадуюць, што жыццё праходзіць у вясковай цішыні, бо з маленства палюбілі гэтыя прыгожыя мясціны. У аддаленасці ад горада, вядома, ёсць свае недахопы і бытавыя праблемы, асабліва з транспартам з-за значнай адлегласці да райцэнтра. Але тут хапае і прыемных момантаў, якіх пазбаўлены жыхары шматпавярховак. Ганна, хоць і жанчына, але на рэчцы можа паспрачацца за большы ўлоў з самымі ўмелымі рыбакамі. А грыбныя мясціны ведае так дасканала, што з пустым кошыкам з лесу не вяртаецца ніколі.
Ганна была самай малодшай у бацькоў – дзевятай па ліку, мела 4 сястры і 4 браты. Вядома ж, як самай маленькай, ёй часцей даставалася нешта з прысмакаў, але так хацелася хутчэй вырасці, быць роўнай з усімі. Потым мара збылася, яны дасягнулі паўналецця, стварылі свае сем’і і захавалі цёплыя адносіны на ўсё жыццё. Большасць родных асталяваліся паблізу, аднаго брата і сястру прывабіла суседняя Украіна. На жаль, дваіх хлопцаў ужо няма ў жывых. Цяпер толькі ў памяці нашчадкаў застаюцца іх тата і мама Аляксей Пятровіч і Варвара Фёдараўна Буневічы з Мокрава…
Маючы 17 пляменнікаў Ганна хвалюецца за кожнага з іх, жадае шчаслівага лёсу. Яны з мужам выгадавалі дваіх дзяцей – 20-гадовую дачку Вераніку, якая атрымала спецыяльнасць цырульніка, у хуткім часе збіраецца стварыць сваю сям’ю, і сына Яўгенія, які толькі што дэмабілізаваўся з вайсковай службы, якую праходзіў у якасці пагранічніка. Ці пашчасціць яму па прыкладу бацькі сустрэць у родных мясцінах сваё каханне, пакажа час. Да прызыву ў армію юнак паспеў атрымаць спецыяльнасць гісторыка ў Брэсцкім педагагічным універсітэце. У сэрцы матулі жыве гонар за роднага абаронцу, які ўзмужнеў, набыў мужчынскія якасці смеласці і вынослівасці.
Пабыўшы швачкай і паштальёнам, Ганна паспрабавала сябе яшчэ ў адной якасці, таксама жыццёва неабходнай для абслугоўвання людзей. 12 год таму ўладкавалася прадаўцом у мясцовы магазін. Калектыў мінімальна невялікі – яна ды прыбіральшчыца. Жартуе часам: “Адна кармлю ўсю вёску”. Есць у словах і праўдзівыя ноткі, бо толькі ад стараннасці работніцы гандлю залежыць, ці хопіць усім свежага хлеба, ці своечасова прывязуць каўбасу і малако.
Скаргаў на работу магазіна пачуць не давялося. А вось удзячнасці з вуснаў аднавяскоўцаў гучалі часта. Насельніцтва ў асноўным немаладога ўзросту, людзям трэба нешта параіць, растлумачыць. Чаго каштавала толькі ў мінулым годзе прывыкнуць да новых грашовых купюр. Ад сумленнасці прадаўца залежыць узяць са жмені ў бабулькі неабходную колькасць капеек, назваць правільны кошт пакупак. У маленькім населеным пункце гандлёвая кропка – месца, дзе мясцовыя жыхары набываюць не толькі прадукты. Тут яны абменьваюцца навінамі, атрымліваюць карысныя парады і зарад бадзёрасці, калі непакояць хваробы.
Сумаваць Ганне ніколі не хапае часу. Як толькі гадзіннік набліжаецца да адпаведнай лічбы і на дзверы магазіна навешваецца замок, гаспадыня спяшаецца ўпарадкаваць дамашнія справы. А іх на вёсцы – рабі, не пераробіш. Чаго толькі варты клопаты па догляду за дзвюма каровамі. Выганяй-заганяй, кармі-паі, падаіць трэба, малако прыбраць. А яшчэ іншая жыўнасць патрабуе ўвагі, агарод і клубнічная дзялянка зарастаюць зеллем.
Жанчына ўпэўнена, што іх родная вёска павінна жыць. Гэта толькі часовая мода на імкненне пасяліцца ў горадзе, хутка прыйдзе час, што маладыя сем’і захочуць асталявацца бліжэй да жывой прыроды і цішыні. Тады зноў тут будуць грымець вяселлі, наваколле агучыцца дзіцячымі галасамі. І дзяўчынкі з будучых пакаленняў, як некалі Ганна, стануць марыць пра свой дом каля рэчкі пад ценем густога алешніку, пра духмяныя палявыя кветкі і непаўторныя галасы птушак.
Марыя ЯРАХОВІЧ.