Паклон за мірную працу, блакітнае неба…
Ці задумваліся вы пра тое, чым пахне свята? А між тым, у кожнага – свой пах.
Новы год нясе з сабою водар ёлкі і мандарынаў, 8 Сакавіка – абавязкова напомніць пра сябе ледзь чутным араматам мімозы, Дзень Перамогі штогод быццам ахутаны пяшчотным мроем цюльпанаў. Дзень Незалежнасці мае колер мірнага блакіту і пах васількоў. А вось Дзень вызвалення Лунінца, які святкуем 10 ліпеня, асабіста ў мяне асацыіруецца з водарам цёплага, цяжкага коласа на ніве, які неўзабаве прынясе з сабою ў дамы светлы і радасны пах свежага хлеба…
І невыпадкова. Штогод прыкладна ў гэты час на Лунінеччыне пачынаецца жніво – гарачая пара для хлебаробаў, асалоду мір- най стваральнай працы якім (і не толькі) забяспечылі 72 гады таму воіны, што вызвалілі наш горад ад фашысцкай навалы. Менавіта таму шчырай удзячнасцю была прасякнута кожная старонка свята, якое пачалося ў райцэнтры нядзельнай раніцай каля помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Сабраўшыхся віталі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна Павел Дабрынец, а таксама прадстаўнікі падрастаючага пакалення, для якіх слова вайна, на шчасце, застаецца толькі ў кнігах і кінафільмах, ды яшчэ – у расказах нешматлікіх ужо сведак тых гераічных і мужных падзей.
Вось і сёлета прыйшлі на святкаванне толькі двое з удзельнікаў былых баёў – вышэй названы Павел Дабрынец і жыхар Лунінца Міхаіл Канапацкі. Яны ж далі старт традыцыйнаму аўтапрабегу, які на Лунінеччыне праводзіцца ўжо ў 29-ты раз. Калона з машын, упрыгожаных сцягамі і транспарантамі, накіравалася па вызначанаму маршруту, дастаўляючы да памятных месцаў прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і моладзь раёна.