Іх сыны не прыйшлі з вайны
Ёсць на Лунінеччыне асаблівыя адрасы. Іх не багата, усе яны раскіданы па розных населеных пунктах, але маюць адну агульную адметнасць. Горкую і вельмі балючую. З гэтых дамоў у апошні шлях на мясцовыя могілкі родныя правялі юнакоў, якія загінулі ў Афганістане…
Дзевяць хат, у якіх весела адзначаліся провады ў армію. Пра дрэннае ніхто не думаў. Быў мірны час, служба лічылася гонарам для кожнага хлопца. Музыка, смех, абяцанні чакаць і вярнуцца. Як звычайна, як заўсёды. Толькі матулі ўпотай змахвалі слязінкі. Нібы прадчуваючы страшнае, сэрцы сціскаліся ў незразумелай трывозе, апошні позірк сыноў надоўга заставаўся ў памяці…
Дзевяць хат, якія неўзабаве схавалі ў сваіх сценах горкі жаночы плач і нямы бацькоўскі стогн. Крык адчаю і незваротнасці. Час прытупляе вастрыню страты, але яна застаецца ў сэрцах назаўсёды.
У гэтым яшчэ раз давялося пераканацца ў час традыцыйнай паездкі, прымеркаванай да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзел у якой бралі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў, член ГА “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Сяргей Сойка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Дзіяна Чыгір.
У многім падобныя, аб’яднаныя адзіным горам, тры таты і сем матуль трымаюцца мужна, але ўзрост і цяжкасці перажытага паціху бяруць сваё. Больш размоў адводзіцца хваробам ды бальніцам. Нязменным застаецца толькі сум у вачах. Ды фотакарткі на сценах, з якіх пазіраюць маладыя юнакі, поўныя надзей і веры ў лепшае…
На вялікі жаль, адзін адрас з дзевяці наведаць было немагчыма – не засталося ў жывых бацькоў Івана Зылевіча з Бастыні. Таксама толькі ў памяці жыве Кацярына Гаўрылаўна Гулівец, якая пераехала да дачкі ў Лунінец з Днепрапятроўскай вобласці. У Афганістане яна страціла сына Андрэя.
У Дзятлавічах наведалі Валянціну Іванаўну і Рыгора Сямёнавіча КАНАПАЦКІХ. Пацікавіліся пра справы, што хвалюе іх у першую чаргу. У адказ – ніякіх скаргаў, маўляў, колькі нам, старым, трэба? Не-не, ды і мільгануць у размове ўспаміны пра Віктара, які любіў матацыклы. Ён так мала паспеў у сваім кароткім жыцці…
Ціха на падворку ў Веры Рыгораўны ЮРКО з Велуты. Гаспадыня запрасіла сесці, падзякавала, што пра яе не забываюць. Утульнасць у пакоях сведчыла – руплівасць заўсёды падуладная вяскоўцам, нягледзячы на ўзрост. А вытканыя яе рукамі посцілкі здзівілі прыгажосцю і дасканаласцю. Жанчына аддаецца працы, тады менш часу застаецца на сумныя ўспаміны пра Сяргея.
У Ракітна на маляўнічым ускрайку размясцілася сядзіба Веры Дзмітрыеўны МАЦКЕВІЧ. Таксама ў адзіноце праходзіць яе старасць. Дзеці і ўнукі жывуць асобна. А хвалюецца не пра сябе, больш пра нашчадкаў, каб тыя не хварэлі. Няпроста было зноў навучыцца жыць пасля пахавання Мішы. Пераадолеўшы горшае, страх дагэтуль не пакідае матуліна сэрца.
Алена Антонаўна КОЎШЫК з Дварца страціла ў Афганістане сына Анатоля, які быў пагранічнікам. Кветкі на яго магілу ад ветэранаў-пагранічнікаў з Пінскай гарадской арганізацыі ўсклаў Сяргей Сойка. З высокага помніка глядзіць у родную далеч зусім малады салдат, якому б жыць ды жыць, але… Хвіліна маўчання. Цішыня. Горыч.
Угэты дзень у Рэдзігерава ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку памяці Мікалая Захарчука. Ён вырас у Чэрабасава, там закончыў васьмігодку. Атэстат сталасці атрымаў у Рэдзігераўскай СШ, дзе ўжо ўшанаваны звесткі пра героя-земляка ў краязнаўчым кутку. А цяпер на ўваходзе ў будынак кожны можа спыніцца перад памятнай дошкай, схіліць галаву ў павазе і смутку.
Дрэннае самаадчуванне не дазволіла прысутнічаць на мітынгу маме Мікалая Ніне Данілаўне ЗАХАРЧУК. Да яе наведаліся дадому ў Чэрабасава. Дырэктар школы ўручыла жанчыне кветкі, якія дрыжалі ў далонях ад хвалявання. Слёзы буйнымі кроплямі падалі на букет, што ляжаў на каленях. Успамін пра сына растрывожыў і без таго слабы стан матулі.
Далей заехалі ў Сітніцу да Марыі Аляксандраўны ТРУХАНОВІЧ. Яна аддала афганскай вайне свайго сына Сашу. Цяпер не адзінокая, дзякуючы клопатам яшчэ трох сыноў. Два з іх жывуць у роднай вёсцы, дапамагаюць па гаспадарцы, бо самой ужо многае не пад сілу. Апты-містычны погляд на жыццё дапамагае змагацца з горыччу, якая часам напаўняе сэрца.
Усе яны мацней за астатніх адчулі, што такое вайна. Прынялі блізка да сэрца яшчэ тады, калі з чужога спякотнага краю атрымлівалі рэдкія пісьмы ад сыноў. З заміраннем сэрца слухалі кароткія выпускі навін, дзе так мала расказвалася пра далёкую краіну. Спадзяваліся на лепшае, маліліся Богу. І страцілі самае дарагое. Таму заклікаюць з усіх сіл берагчы спакой, каб больш ні ў якія хаты не прыходзілі пахаванкі, ні адна маці не аддавала ўзброеным канфліктам сваіх дзяцей.
Такія ж словы чуліся з вуснаў Аляксандры Барысаўны і Уладзіміра Платонавіча ЗАЙЧАНКАЎ, якія жывуць у Мікашэвічах. На Лунінеччыне апынуліся, дзякуючы “Граніту”. Настаўніца і інжынер не ведалі, што новае месца жыхарства прынясе ім не толькі радасць. На жаль, іх Саша таксама ў спісе загінуўшых. Тут навечна застанецца памяць пра яго ў сэрцах сяброў і аднакласнікаў. ,
Апошнім у спісе быў адрас у Дрэбску. Там жыве Іван Паўлавіч КАВАЛЕВІЧ, які дагэтуль не можа змірыцца са стратай сына Паўла. Часта, калі займаецца разьбой па дрэве, яму патрэбен памочнік. І міжволі думкі вяртаюцца да адзінага: “Эх, быў бы жывы Пашка…” Але нічога немагчыма паправіць ці перайначыць. Жорсткае жыццё. Магчыма, сын працягнуў бы бацькава захапленне, і яго вырабы былі б больш прыгожымі і дасканалымі.
А яшчэ кожны з юнакоў, якіх забрала страшная вайна, стварыў бы сям’ю, у якой нарадзіліся дзеці, потым унукі. Абавязкова нехта з іх дасягнуў бы вышынь у прафесіі, стаў прыкладам для таварышаў. Іх мамы і таты выглядалі б значна дужэйшымі і весялейшымі, чым цяпер. Усё было б іначай.
У кожную хату мы заходзілі з падарункам. Аляксандр Жуланаў, уручаючы ільняны абрус, жадаў, каб ім накрывалі святочны стол і адзначалі толькі радасныя падзеі. Нам не перайначыць гісторыю, але варта зрабіць вывады з пройдзенага. І ніколі больш не дапусціць вайны, бо провады ў армію павін-ны быць гонарам для салдата і яго родных, а не горкім развітаннем назаўсёды.