Каб падалі спелыя яблыкі
Свой юбілейны дзевяносты дзень нараджэння ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей КАСАЧ з Дзятлавіч адзначыць у канцы студзеня.
А пачыналася яго жыццёвая дарога ў звычайнай вясковай сям’і. Тата быў інвалідам, меў сур’ёзныя праблемы з нагой. Фізічнае недамаганне бацькі даводзілася кампенсаваць дзецям, з маленства ўзяўшыся за цяжкую працу. Брат Астап быў старэйшым на 15 год, ажаніўся і жыў асобна. У яго сям’і ўжо нарадзіліся тры дачушкі і сын. Малодшы брат Пётр – слабейшы, таму найбольшая нагрузка па гаспадарцы лягла на плечы Аляксея. Але тыя праблемы неўзабаве падаліся мізэрнымі, бо пачалася вайна…
Пятра немцы забралі прама з работы на чыгунцы і прымусова вывезлі ў Германію. Да самага заканчэння вайны ніхто не ведаў пра яго лёс. Перажыванні дадалі праблем хвораму бацьку і неўзабаве мужчына пайшоў з жыцця.
Калі прыйшло вызваленне, радасць змянілася трывогай. Астапа і Аляксея забіралі на фронт, а хворая маці дома заставалася адна. Развітваліся з ёю тады хлопцы з болем у вачах, бо мала верылася ў радасную сустрэчу. Так і сталася – жанчына хутка памерла. Не паспела атрымаць і пахавальную на аднаго з сыноў…
Страціць брата Аляксею было неймаверна цяжка. Тым больш, што з дому не было ніякіх вестак пра маці. Як аказалася, якраз у той час там стаяў па ёй жалобны памінальны стол… Жанчына памерла, не даведаўшыся пра лёс ніводнага з іх, трох сыноў, якія былі на чужыне і рызыкавалі сабой.
У апусцелай хаце камісія з сельсавета правяла вопіс маёмасці і збудаванняў. Дакумент і зараз захоўваецца ў Аляксея Дзянісавіча, як шчыры напамін пра тое даваеннае шчасце іх роду, калі ўсе былі жывыя і верылі ў светлую будучыню.
«Дом 5 на 6 метров, клеть, сарай, гумно, телега на железном ходу, плуг старый плохой, корова масти бело-рябой, кубел, две кровати железных, пара сапог и два ремня старых…». У спісе – рэчы звычайнага палешука таго часу, здабытыя мазалямі ручной працы.
Вестку пра смерць маці Аляксею перадалі знаёмыя. Юнак адчуў сябе адзінокім. Жыло толькі кволае спа-дзяванне знайсці ў Нямеччыне Пятра. На дзіва, але яму пашанцавала. Той быў жывы і адклікнуўся на пісьмы.
А фронт рухаўся наперад. Баец смела помсціў за родных, якія больш ніколі не сустрэнуць на знаёмым ганку. Яго абміноўвала смерць. Невысокі, хударлявы – часам смяяліся: “Маленькі, што і куля не патрапіць”.
У Познані занялі двухпавярховы будынак. Раніцай немцы ўдарылі па верхняй частцы, потым ускочылі ў дом. У паніцы ўсе разбегліся. Разам з камандзірам аддзялення, які прыкрываў, Аляксей кінуў гранату туды, дзе былі ворагі. Калі тыя імкнуліся ўцячы, іх шасцярых на адкрытай мясцовасці знішчылі савецкія воіны.
Узнагароды зіхацяць на грудзях, самыя розныя – Ордэны Славы і Айчыннай вайны, медалі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За Перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”. За кожнай назвай – цяжкія баі, перастрэлкі, рызыка і адвага.
Праз месяц баёў у Познані іх полк накіравалі на Одэр. Ішлі маршам, размясціліся ў раёне Лебуса. Рыхтаваліся да адказнай аперацыі – штурму Берліна. Перамяшчаліся па траншэі, нізка схіліўшыся, бо адзін неасцярожны рух мог каштаваць жыцця – нямецкі снайпер чакаў любога промаху. Наступленне пачалося імгненна. Артпадрыхтоўка ўдарыла адначасова. Усе гарматы і танкі рухаліся наперад. Сколькі людзей тады загінула, перад самай Перамогай…
З 16-кілаграмовай зброяй на плячах дайшоў са сваімі да ракі Шпрэя. З усяго ўзвода Аляксей застаўся адзін…
Камандаванне накіравала яго ў сувязісты. Да гэтага ён у вочы не бачыў тэлефон. Паказалі два кабелі, канцы скруцілі паміж сабой – так знаёмілі з новымі абавязкамі. Цягнуць провад даводзілася спераду, а пасля праходу танкаў усё было перарваным і ўтаптаным у зямлю. Рамантавалі па новай. Здаецца і зараз на спіне адчуваецца цяжар ад вялізнага скрутку кабелю.
Для Аляксея вайна закончылася на Эльбе. З другога боку магутнай ракі падступілі амерыканцы і разам ужо святкавалі пабеданосныя майскія залпы 1945-га. Але да вяртання дадому былі яшчэ доўгія пяць год. На такі тэрмін зацягнулася вайсковая служба ў Германіі.
Вярнуўся пасталелым і ўзмужнелым. Наведаў магілы бацькоў. Спачатку жыў каля брата, які ўжо меў сям’ю. Адукацыя ў сем класаў польскай школы давала добрыя перспектывы. Прапанавалі працаваць у міліцыі, але адмовіўся наадрэз, бо за доўгі час ужо надакучыла насіць зброю. Пайшоў сувязістам пры пошце ў Лунінцы (ды так усё жыццё і ездзіў на работу ў райцэнтр з Дзятлавіч). Праз год сустрэў Надзею, якая згадзілася выйсці за яго замуж. Доўга юціліся па чужых кватэрах, з цяжкасцямі, але пабудавалі свой дом.
Дачушка Валянціна і сын Уладзімір сагравалі родны куток дзіцячым смехам і тупатам маленькіх ножак. Разам здабывалі кавалак хлеба, радаваліся і засмучаліся. Так імкліва пранеслася жыццё…
Цяпер доўгажыхар з Дзятлавіч зноў застаўся адзінокім. Мінуў 21 год пасля пахавання жонкі. Хвароба не дала жанчыне магчымасці сустрэць разам з мужам ціхую старасць, чакаць жаданых вестак ад дзяцей і ўнукаў. Каб не пакідаць бацьку аднаго, з райцэнтра жыць да яго пераехала дачка.
У Аляксея Дзянісавіча ёсць свой любімы куточак, дзе можна спакойна аддацца ўспамінам. Вісіць святочны касцюм, але апранае яго ветэран рэдка – на майскія святы, ды на сустрэчу са школьнікамі, якія любяць слухаць дзядулевы расказы пра вайну. Яшчэ цікавей хлапчукам дакрануцца да галоўнай святыні на грудзях – баявых ордэнаў і медаляў гвардыі старшага сяржанта. Не менш цікавяцца ваенным мінулым Аляксея Дзянісавіча і нашчадкі – 5 унукаў і 5 праўнукаў.
Просты вясковец ніколі не хадзіў па інстанцыях, каб вырашаць некаторыя свае праблемы з дапамогай ільгот. Нават не выкарыстоўвае магчымасць адпачываць у санаторыях, лічыць родную сядзібу самым лепшым месцам на зямлі. Рады, што яшчэ здужае хадзіць і бачыць знаёмыя краявіды. Адукацыя дапамагае самому наводзіць парадак у вялікай папцы з дакументамі, дзе занатаваны значныя падзеі мінулага. Але засмучае, што найчасцей разгортваюцца паперы з балючымі ўспамінамі, бо страт было больш, чым радасці.
Ён і зараз такі ж – невысокага росту і хударлявага целаскладу. А пажаданне ў ветэрана адно – каб нашчадкам не давялося перажыць нешта падобнае. Каб сэрцы пранізвалі толькі стрэлы кахання, замест бомбаў па даху падалі спелыя яблыкі, а слёзы на вачах былі ад радасці ці дожджыку, які гадуе ўсё жывое на зямлі.