Присяга

Што для вас 23 лютага?

Ідуць гады, па-іншаму называецца свята, няма той краіны, у якой некалі нарадзілася большасць з нас. Але адчуванні засталіся ранейшымі. З дзяцінства жыве ў сэрцы ўпэўненасць, што моцная палавіна абароніць ад усіх непрыемнасцей. Пачуццё спакою, гонар за салдат, якія стаяць на ахове галоўных рубяжоў, не пакідаюць сумненняў у нашай незалежнасці. Павага да ветэранаў застаецца мерай выхаванасці і ўдзячнасці за іх невыносныя пакуты на вогненных рубяжах.

У школе, студэнцтве і працоўным калектыве прынята віншаваць падлеткаў, юнакоў і прадстаўнікоў больш сталага ўзросту з Днём Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь незалежна ад таго, якой справай ім выпала займацца ў жыцці. Але што адчуваюць у гэты дзень яны, нашы мужчыны?

Максім, першакласнік:
– Падарункі для мяне і таты рыхтуюць мама і сястрычка. Павіншуюць дзяўчынкі-аднакласніцы. Праўда, яны не кажуць, які сюрпрыз падрыхтавалі. А я абавязкова, калі вырасту, стану ваенным! Такая прыгожая форма, і маршыруюць яны строем – нага ў нагу. А якая магутная зброя ў арміі – танкі, бронемашыны, самалёты…

Больш сталыя разважанні ў Дзяніса з 10 класа:
– Мы гэты дзень праводзім з сябрамі. Звычайна, ходзім на які ваенны кінафільм. Прыемна, што столькі ўвагі ад дзяўчат. Нават крыху сорамна, якія з нас яшчэ абаронцы? Адчуванні асаблівыя, калі бачыш вайскоўцаў.

Андрэй, нядаўна вярнуўся з тэрміновай службы:
– Прыемна, што ў нашай краіне жыве павага да салдата. Незнаёмыя людзі адносяцца з цеплынёй: старэйшыя – з бацькоўскім замілаваннем, малодшыя – з лёгкай зайздрасцю. Рады, што адслужыў. Армія выхоўвае, дадае мужнасці. 

Антон, працуе праграмістам:
– Мне не давялося быць у арміі, падвяло здароўе. Паверце, нялёгка ўсім даказваць, што не “адкасіў”. Лепш бы адслужыў, чым адчуваць сябе непаўнацэнным. І на 23 лютага не хачу падарункаў, горш балюча… А наогул – дзень асаблівы. Шчырыя віншаванні тым, што зараз трымае зброю і маршыруе строем. Ведайце, вамі сапраўды ганарацца родныя і сябры.

Вячаслаў, былы афганец:
– Хай Бог не дапусціць вайны. Не хачу, каб паўтарылася страшнае. На сэрцы горкі асадак, боль за сяброў, што засталіся за перавалам… І зараз сніцца Афганістан… Служба вельмі неабходная, але прайсці яе трэба ў мірнай краіне. Страляць па мішэнях, а не па людзях. Трывогу вучэбную, а не баявую. А хлопцы ў нас смелыя, калі трэба – выстаяць.

Вольга Васільеўна, пенсіянерка:
Свята – гэта прыемна. Шкада, што ў нашай маладосці ўсё было не так урачыста. Але ў гэты дзень часцей згадваецца вайна. Хоць даўно мінула, а цяжка ад успамінаў. На фоне страшных падзей зноў і зноў хочацца паўтарыць – беражыце мір. Бо ў вайну няма ні законаў, ні павагі. Усё перамешваецца… Здзекі і боль… Так горка на душы… Мір – самае галоўнае багацце на свеце! Усе матэрыяльныя каштоўнасці страчваюць сваю значнасць перад разрухай, калецтвам, знявагай. Самыя шчырыя пачуцці губляюцца ў бездані страт і пакут.

Дзякуй тым, хто выказаў свае меркаванні пра свята. Усе яны – людзі розных узростаў, але мара пра мірнае неба жыве ў сэрцы кожнага.
Мы ганарымся нашымі абаронцамі, з радасцю прымаем ад іх знакі ўвагі. Калі бачыш кветкі, якія сын дорыць матулі, мужчына – сваёй каханай, першакласнік – сяброўцы па парце – верыцца: усе будзе добра!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть