Ад прыватнага –да грамадскага
Прямая линия

Ад прыватнага –да грамадскага

огиевичДыялог старшыні райвыканкама Васіля Міхайлавіча АГІЕВІЧА з жыхарамі раёна доўжыўся дзве га-дзіны і, як заўсёды, вызначаўся вялікай колькасцю патэлефанаваўшых у рэдакцыю. Умоўна ўсе ўзнятыя праблемы можна было падзяліць на дзве часткі – прыватныя (характэрныя для аднаго асобна ўзятага чалавека) ці грамадскія, якія хвалююць дастаткова вялікую колькасць людзей.
Прыкладна такой нечакана ўбачылася праблема якасці малака, якое дзяржава закупляе ў прыватнікаў. Амаль адначасова ў Азярніцы, Дрэбску, Борках і Лахве ў малаказдатчыкаў узніклі прэтэнзіі да правільнасці вызначэння тлустасці прадукту і выяўлення ўтрымання ў ім антыбіётыкаў. Менавіта па прычыне наяўнасці апошніх ААТ “Лунінецкі малочны завод” некалькі разоў быў вымушаны вярнуць малако прыватным гаспадарам з Дрэбска.
Па даручэнню старшыні райвыканкама спецыялісты раённай ветэрынарнай станцыі разам з прадстаўнікамі перапрацоўчага прадпрыемства ў прысутнасці малаказдатчыка, ад якога паступіла скарга, правялі праверку малака тэставай сістэмай 4sensor. Яна беспамылкова вызначае наяўнасць антыбіётыкаў у прадукце. У выніку ў малацэ зноў было выяўлена рэчыва леваміцэцінавага раду. Па названай прычыне з гэтага і некаторых іншых падворкаў часова спынены закуп малака.
Гаспадарам было рэкамендавана звярнуць увагу на шляхі трапляння ў яго непажаданай састаўляючай (лячэнне кароў, правядзенне прафілактычных абаронных мерапрыемстваў ад насякомых, выкарыстанне фармацэўтычных сродкаў для апрацоўкі вымені і г.д.), пасля чаго будзе праведзена паўторнае даследаванне малака. Калі пабочных шкодных рэчываў у ім не будзе, прадукт з падворкаў насельніцтва бесперашкодна прымуць на перапрацоўку на малочны завод.
А вось у Азярніцы, Борках і Лахве некаторыя з прыватных гаспадароў, якія ўтрымліваюць на падворку кароў, не задаволены работай малаказборшчыкаў. Яны ўпэўнены, што апошнія свядома заніжаюць тлустасць закупляемага малака, у выніку чаго людзі губляюць грошы. Каб высветліць усе недарэчнасці, у названых вёсках па даручэнню кіраўніка раёна  пабывалі спецыялісты ААТ “Лунінецкі малочны завод”, якія ў прысутнасці заяўляльнікаў правялі ўсе неабходныя даследаванні: тлустасць малака вагалася ў межах 3,1-4,1 працэнта, з чым жыхары згадзіліся.
У прыватнасці, Т.В. Ярмаковіч з Азярніцы з дапамогай спецыялістаў з малочнага завода пераканала, што малако, якое паступае з яе падворка, мае тлустасць 3,7 працэнта, вадой яго гаспадыня не разбаўляе. Разам з тым, выключыць такі агрэх абсалютна немагчыма. У некаторых пробах малака з падворкаў іншых гаспадароў былі выяўлены праблемы са шчыльнасцю, што сведчыла пра тое, што яго разбаўляюць вадой. Менавіта з-за нядобрасумленнасці асобных гаспадароў церпяць іншыя.
Адначасова з малаказборшчыкамі была праведзена гутарка аб недапушчальнасці канфліктаў з людзьмі, а тлустасць малака, якое паступае з падворкаў названых вёсак будзе знаходзіцца пад пастаянным кантролем прадстаўнікоў ААТ “Лунінецкі малочны завод”.
Шмат было запытаў ад вяскоўцаў наконт забароны трымаць на падворках свіней. На жаль, пагроза афрыканскай чумы свіней, якая і стала прычынай такіх кардынальных мер, пакуль застаецца, а значыць, дзейнічае і строгі вердыкт ветэрынарнай службы.
Грамадскую значнасць мелі некалькі пытанняў, якія паступілі з Мікашэвіч. Тэлефанаваўшыя падзякавалі кіраўніцтва аблвыканкама і райвыканкама за новую дарогу, якая злучыла малады горад з аўтатрасай М-10. У ходзе размовы Васіль Міхайлавіч нагадаў, што гэта – толькі адно з яскравых сведчанняў клопату дзяржавы пра жыхароў Мікашэвіч. Горад працягвае набываць сучасны выгляд. Сёлета тут часткова заасфальтаваны вуліцы Светлая і Каліноўскага, новае дарожнае пакрыццё набылі Азёрная і Францыска Скарыны, добраўпарадкавана тэрыторыя каля СШ№2 і двары шасці дамоў на вуліцы Першамайская, дзе-нідзе адрамантаваны тратуары. Адначасова В.М. Агіевіч згадзіўся з заўвагай, што камунальнай службе Мікашэвіч варта больш пільна сачыць за станам тратуарнай пліткі: у некаторых месцах яна прасела і патрабуе ўвагі спецыялістаў.
Не пакінуў без увагі старшыня райвыканкама і праблему з гарачай вадой. Перабоі з ёй былі выкліканы правядзеннем работ па замене ўчастка магістральнай цеплатрасы. Зараз яны завершаны, і гарачая вада паступае ў дамы жыхароў Мікашэвіч без абмежавання. А вось патрабаванне абсталявання дадатковых  дзіцячых гульнявых пляцовак пасля вывучэння сітуацыі прызнана нямэта-згодным: яны ёсць у кожным з двароў шматпавярховак.

Марыя Крагель, Лахва. Летась у нашым доме здарылася бяда: згарэла суседняя кватэра, у агні загінулі тры чалавекі. У маёй кватэры абгарэла сцяна, што з’яўляецца прычынай холаду ў пакоі. Звярталася ў камунальную службу, каб дапамаглі трошкі ўцяпліць – безвынікова. А зіма ж не за гарамі…
– Да канца кастрычніка, Марыя Андрэеўна, усе работы будуць выкананы.  Дырэктар Мікашэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі М.М. Літвіновіч будзе трымаць гэтую праблему на ўласным кантролі.
З Лунінца тэлефаную. Думаю, гэтая праблема хвалюе не толькі мяне. Чаму рэдка праводзяцца аўкцыёны па продажу зямельных участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва?
– Справа ў тым, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №667 ад 27.12.2007 “Аб забранні і прадастаўленні зямельных участкаў”, мясцовыя выканаўчыя камітэты маюць права выстаўляць на аўкцыёны не менш як 30 працэнтаў незанятых зямельных участкаў. У нашым раёне у чарзе на іх атрыманне знаходзяцца 200 грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а ўчасткаў, якія могуць быць прадастаўлены для будаўніцтва індывідуальнага жылля, на сёння толькі 8. Як разумееце, менавіта па гэтай прычыне часта праводзіць аўкцыёны па іх продажу магчымасці не маем. Аднак патрабаванняў не парушаем і сёлета здолелі рэалізаваць на аўкцыёне 3 участкі. Ёсць надзея, што ў перспектыве сітуацыя зменіцца.

Зараз у Лунінцы ідзе распрацоўка новых кварталаў індывідуальнай жылой забудовы, што дазволіць павялічыць колькасць участкаў, у тым ліку і для рэалізацыі праз аўкцыёны.
– Магчыма, варта звярнуць увагу на тыя, дзе не вядзецца будаўніцтва, і менавіта іх забіраць і рэалізоўваць праз аўкцыёны?
– Грамадзяне абавязаны на працягу аднаго года з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка прыступіць да ўзвядзення дома. У Лунінцы ёсць участкі, дзе будаўніцтва не вядзецца, але і вызначаны тэрмін не выйшаў. А ёсць і тыя, дзе пачаты будаўніча-мантажныя работы. І ў першым, і ў другім выпадку падстаў для таго, каб забіраць участкі ў патэнцыяльных забудоўшчыкаў, няма.

Скажыце, калі ласка, калі ў Борках будзе наладжана нармальнае вулічнае асвятленне? (Аналагічнае пытанне паступіла з Міжлесся – Т.В.).
– У гэтым і некаторых іншых населеных пунктах пабывала спецыяльная камісія. У названай вёсцы ўсе вулічныя свяцільні спраўныя. Вуліцы асвятляюцца ў адпаведнасці з вызначаным графікам: з 19.25 да 23.00 і з 5.30 да 6.55. У Міжлессі работы па рамонту вулічнага асвятлення будуць выкананы да канца кастрычніка гэтага года.

Таццяна Дзенісеня, Лахва. Ці не плануецца рамонт нашай вуліцы Першамайская?
– Сёлета, Таццяна Міхайлаўна, усе сродкі, выдзеленыя на добраўпарадкаванне вуліц і дарог зрасходаваны. Ды і час наступіў не вельмі спрыяльны. Давайце пачакаем наступнага года. Разам з тым, ведаю, што ваш старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч праблему гэтую трымае на кантролі. Усе вуліцы своечасова падсыпаюцца і грэйдзіруюцца, што забяспечвае ім здавальняючы стан.
– Скажыце, а хто сочыць за тым, якое напружанне ў нашых электрычных сетках? Увечары немагчыма ўключыць бытавую тэхніку…
– За гэтым сочаць спецыя-лісты раёна электрасетак. Яны пабываюць у вашым доме і высветляць прычыну такога становішча.
Літаральна на наступны пасля правядзення “Прамой лініі” дзень у Лахве на вуліцы Першамайская, 68 пабывалі спецыялісты раёна электрасетак. У прысутнасці гаспадара было замерана напружанне, якое на момант праверкі складала 228 В, што адпавядае норме. Перабоі з падачай электрычнасці ўзнікаюць пры адначасовым карыстанні вялікай колькасцю бытавых прыбораў – адключаюцца аўтаматычныя засцерагальнікі. Гаспадары атрымалі рэкамендацыі, што трэба зрабіць, каб выправіць сітуацыю.

Васіль Міхайлавіч, калі нарэшце будзе адрамантаваны дах дома №14 па вуліцы Скарыны ў Мікашэвічах?
– У ходзе абследавання выяўлена цеча ў месцы прымыкання даху да шахты вентыляцыйнага канала. Неабходныя рамонтныя работы будуць выкананы да канца кастрычніка гэтага года.

Галіна Казун, Рэдзігерава. З трыма дзецьмі жыву на кватэры. Нягледзячы на тое, што сям’я мнагадзетная, за ваду даводзіцца плаціць нашмат даражэй, чым іншым карыстальнікам. Чаму так?
– Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №571 ад 12.06.2014, плата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення ў жылых дамах, абсталяваных лічыльнікамі, бярэцца па субсідзіраваных тарыфах з разліку 140 літраў у суткі на чалавека, які тут зарэгістраваны ці жыве па дагавору найму. Уся справа ў тым, Галіна Іванаўна, што вы па адрасе: вуліца Новая, 41 не зарэгістраваны і не аформілі дагавор найму, менавіта таму вымушаны плаціць па тарыфах, якія прадугледжваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне камунальных паслуг. У дачыненні да вады на сённяшні дзень гэта – 5700 рублёў за 1 кубічны метр.

Таццяна Дашкевіч, Міжлессе. Калі нарэшце ў нашай вёсцы будзе наведзены парадак з паркоўкай прыватнай тэхнікі, у тым ліку і сельскагаспадарчай, прызначанай для работы на палях? Стаіць яна дзе папала. Немагчыма дзяцей выпусціць пагуляць – усё загрувашчана машынамі. Дайшло да таго, што дзіцячыя пляцоўкі ў дварах шматкватэрных дамоў паламаны менавіта такой тэхнікай.
– Таццяна Міхайлаўна, у бліжэйшы час у Міжлессі пабываюць супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС, парадак будзе наведзены.

Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! З Дзятлавіч тэлефаную. Жывем мы на вуліцы Кветкавая. Яна ў нармальным стане, своечасова грэйдзіруецца, але ў сухія дні пасля таго, як праедзе машына, тут такі стаіць пыл, што проста немагчыма. Усяго пяць дамоў размешчаны ўздоўж дарогі, гэта прыкладна паўкіламетра. Ці нельга тут устанавіць знак, які абмяжоўвае хуткасць руху аўтамабіляў? Можа, каб яны цішэй ехалі, то і пылу было б менш.
– Рашэнне аб устаноўцы такога знака прымае камісія па бяспецы дарожнага руху, якая дзейнічае пры райвыканкаме. У бліжэйшы час яна разгледзіць узнятае вамі пытанне. Пра вынікі паведамім праз “Лунінецкія навіны”.

Таццяна Паўловіч, Галы Бор. Чаму ў мяне такая малая пенсія?
– Памер пенсіі залежыць ад стажу і ўзроўню заработнай платы, з якой рабілася ўплата страхавых узносаў. Чым вышэйшы заробак – тым большая пенсія. Для карэкціроўкі фактычнага заробку пры назначэнні пенсій вызначаецца індывідуальны каэфіцыент. Гэта, каб вы ведалі, не нейкае адвольна выдуманае паняцце. Па сваёй сутнасці ён з’яўляецца адлюстраваннем узроўню зарплаты канкрэтнай асобы. Вызначаецца ён дзяленнем сярэднямесячнага фактычнага заробку пенсіянера, налічанага за ўстаноўлены заканадаўствам перыяд, на сярэднямесячную заработную плату па краіне за гэты ж час. Як растлумачылі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, 16 красавіка 2004 года вам была назначана датэрміновая пенсія па ўзросту з улікам стажу 34 гады, 6 месяцаў, 13 дзён і індывідуальнага каэфіцыента 0,54774.  Вылічвалася пенсія з заробка за 10 год падрад за апошнія 20 год работы. У вашым выпадку ўзялі заробкі за перыяд з 1 студзеня 1984 г. па 31 снежня 2003 г. Аптымальны памер індывідуальнага каэфіцыента быў вызначаны на адрэзку са студзеня 1984-га па снежань 1993 г. Зарплата ў вас была невысокая, адпаведнай атрымалася і пенсія. Разлікі ж усе зроблены правільна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть