Падтрымка добрым пачынанням
Таццяна Малашчук, Лунінец. Куды толькі ні звярталася са сваёй праблемай, ніякіх зрухаў. Справа ў тым, што вада з каналізацыі суседзяў (а жыву па вул. Вінакурава, 20) пастаянна падтаплівае маю сядзібу. Непрыгоднай для піцця стала вада ў калодзежы, сцёкі – у агародзе, нават фундамент дома падмыла, і па сцяне пайшла трэшчына.
– Таццяна Канстанцінаўна, спецыяльная камісія ў бліжэйшы час наведае ваш дом, пачакаем яе вывадаў.
– Дзякуй, буду чакаць.
Вера Наварыч, Лунінец. Васіль Міхайлавіч, дачка з сям’ёй ужо год жыве ва ўласным доме па адрасе: вул. Касцюшкі,16, але іх ніяк не прапішуць па гэтым адрасе…
– Відавочна, дом не прыняты ў эксплуатацыю? Калі так, то звярніцеся ў райвыканкам (каб. 510), і прыёмачная камісія разгледзіць гэтае пытанне з выездам на месца.
Васіль Міхайлавіч, прашу за суседку, яна зараз на рабоце. Жанчына вельмі працавітая, гаротная, жыве ў кватэры падменнага фонду, бо не так даўно хата згарэла. Зараз блізіцца зіма, а каля дома ў яе нават хлеўчыка няма…
– Яго там і не павінна быць, бо, самі сказалі, кватэра з падменнага фонду, а значыць, пражываць там людзям дазволена часова. Разам з тым, побач з домам на завулку Кароткі, 9 ёсць невялікая гаспадарчая пабудова для захоўвання дроў і брыкету, якой жанчына і карыстаецца. Як запэўнілі спецыялісты камунальнай службы, гэтага дастаткова.
Васіль Бойка, ваенны пенсіянер. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! У Вічыне на перакрыжаванні вуліцы Цэнтральная з трасай М-10 купіў закінуты дом і хачу там адкрыць аграсядзібу. Распачаў рэканструкцыю, адчуваю недахоп фінансаў. Ці магчыма ўзяць на гэтыя мэты крэдыт у банку?
– Перш-наперш, Васіль Уладзіміравіч, вам трэба ў сельвыканкам напісаць заяву аб намеры ажыццяўляць дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму і ўплаціць за гэта спецыяльны збор. Акрамя гэтага, адразу трэба стаць на ўлік у падатковай інспекцыі. Крэдытную падтрымку праектаў у сферы аграэкатурызму на тэрыторыі нашага раёна ажыццяўляе РКЦ №18 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”. Варта ўлічыць, што пры набыцці матэрыялаў для рэканструкцыі дома вам трэба будзе аддаваць перавагу выключна беларускім вытворцам. Абавязковай умовай выдачы крэдыту з’яўляецца яго мэтавае выкарыстанне. Выдаецца ён, зыходзячы з тэрмінаў акупнасці праекта, да 7 год пад 5 працэнтаў гадавых. Памер крэдыту вызначаецца з улікам крэдытаздольнасці суб’екта аграэкатурызму ў адпаведнасці з прадстаўленным праектам і не можа складаць больш як 90 працэнтаў яго кошту. Максімальная сума – 200 мільёнаў рублёў. Пры гэтым у банк трэба прадаставіць у залог нерухомасць ці паручыцельства фізічных асоб. Дарэчы, банк разглядае дакументы на выдачу крэдату толькі пасля таго, як рабочая група райвыканкама прыме станоўчае рашэнне аб аказанні садзейнічання суб’екту аграэкатурызму. У райвыканкам трэба будзе прадставіць сам праект і неабходныя дакументы. З іх пералікам можна пазнаёміцца ў РФСК “Здароўе” (вул. Савецкая, 22, тэлефон 2-33-62).
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Вас турбуюць жыхары вуліцы Гагарына. Мы клапоцімся пра тое, каб вуліца наша была чыстай і прыгожай. Не так даўно кожны насупраць свайго дома змёў у гуркі смецце ў разліку, што спецыяльны транспарт забярэ яго. Так раней і было, але зараз камунальная служба не спяшаецца гэта рабіць. Вулічны сумёт зноў разносіцца ветрам і машынамі…
– Паправім сітуацыю, а дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе сачыць за тым, каб смецце рэгулярна забіраў спецыялізаваны транспарт.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, смецце на вуліцы Гагарына сабралі. Надалей гэтая работа будзе выконвацца кожныя аўторак і пятніцу.
Мікалай Левашкевіч, Лунінец. Наш дом па вуліцы Чырвоная, 96 зносяць з 1971 года. За гэты час многія гаспадарчыя пабудовы прыйшлі ў непрыгоднасць, а новыя ўзводзіць не дазваляюць!
– Мікалай Мікалаевіч, а якія пабудовы вы хочаце ўзвесці?
– Ды хоць бы хлеўчык, каб курэй трымаць…
– Калі немагчыма прыстасаваць ці адрамантаваць для гэтай мэты тыя, што ёсць, можна ўзвесці новы з лёгкіх будаўнічых матэрыялаў. Звярніцеся за дазволам у аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.
– Дзякуй.
Марыя Заверач, Дрэбск. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч!
– Добры, Марыя Ільінічна! Як вам жывецца на новым месцы? Пабудавалі вам хлеўчык для гаспадарчага інвентару?
– Дзякуй, жыву нядрэнна. Гаспадарчая пабудова для інвентару ёсць. Цяпер вось хачу прыватызаваць кватэру, у якой жыву, а мне не дазваляюць.
– Справа ў тым, што займаемае вамі памяшканне знаходзіцца ў будынку Дрэбскай яслі-сад-пачатковай школы. Яно не вычленена і не зарэгістравана ў якасці ізаляванага асобнага памяшкання і рабіць гэта немэтазгодна. Ну хто дазволіць нам прадаваць частку дзяржаўнай установы – школы? Зразумейце і нас.
Аксана Хмарук, Лунінец. Калі адрамантуюць нашу вуліцу Гарадзецкага? Пасля дажджу прайсці па ёй немагчыма. Няхай бы хоць адсевам падсыпалі…
– Адсеў, паверце, не лепшае выйсце, у пагодлівыя дні не будзеце ведаць, куды дзецца ад пылу. Лепш выкарыстаем пясок. Гэтая работа будзе выканана ў бліжэйшы час.
– Хачу вашу ўвагу звярнуць і на вуліцу Кветкавая. Яна зусім не асвятляецца, нягледзячы на тое, што мяжуе з лесам, і па ёй дзеці ходзяць у школу.
– Дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі запэўніў, што рэвізія асвятлення там ужо зроблена, і перагарэўшыя ліхтары заменены на новыя. Так што, сітуацыя палепшыцца.
– Дзякуй.
Аляксей Аляшкевіч, Лунінец. У чарговы раз звяртаю ўвагу на небяспеку, якую нясе з сабой круты неасвятляемы паварот у канцы вуліцы Гагарына непадалёк ад гарадской кацельні. У дадатак да ліхтара там і знак папярэджваючы ўстанавіць трэба.
– Ліхтар у канцы вуліцы Гагарына каля дома №297 ужо ёсць. Што датычыць знака, то ўсе гэтыя пытанні разглядае камісія па бяспецы дарожнага руху, якая ёсць у райвыканкаме. На бліжэйшае пасяджэнне будзе вынесена ўзнятая вамі праблема.
– Яшчэ пытанне. Чаму рыбгасу “Чырвоная зорка” забараняюць гандляваць азёрна-рачной рыбай у Лунінцы?
– Рыбгас “Чырвоная зорка”, згодна з устаноўленымі правіламі, звярнуўся ў райвыканкам за дазволам ажыццяўляць гандаль азёрна-рачной рыбай, і такі дазвол гэтай гаспадарцы дадзены.
Ірына Рэкун, п. Палескі. На вуліцы Працоўная нядобраўпарадкаваным застаўся невялікі кавалак дарогі. А яна вельмі ажыўленая – тут і дзіцячы сад, і школа ды і іншыя патрэбныя аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння.
– Дзякуй за тэлефанаванне. Увогуле, Ірына Іосіфаўна, павінен сказаць, што сёння добраўпарадкаванне вуліц і дарог – справа вельмі дарагая. З бюджэту на гэтыя мэты на 2013 год толькі для Лунінскага сельвыканкама выдзелена 122 мільёны рублёў. За 8 месяцаў зрасходавана амаль удвая больш – 210 мільёнаў рублёў. І пайшлі яны, паверце, на самыя болевыя кропкі ў населеных пунктах сельсавета. Пакуль завяршыць работы на вуліцы Працоўная грошай не стае. Будзем спадзявацца, што ў 2014 годзе сітуацыя палепшыцца, і тады абавязкова давядзем усё да ладу.
У ходзе “Прамой лініі” былі зададзены яшчэ некалькі пытанняў, якія патрабуюць часу для дадатковага высвятлення. Праблемы застаюцца на кантролі, вернемся да іх, як толькі будуць высветлены ўсе нюансы.