Пасіўнасць, якая радуе
“Прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян у Лунінцы правёў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Мікалай Швай. Занятыя веснавымі клопатамі, лунінчане не спяшаліся са зваротамі да абласнога чыноўніка. На прыём запісаліся ўсяго двое – жыхары Лунінца і Кажан-Гарадка.
Не першы раз у розныя інстанцыі звяртаецца лунінчанін, заклікаючы выправіць парушэнні, якія, на яго думку, маюць месца ў заказніку рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”. Вынікі праведзеных праверак не задаволілі скаржніка. Што выявіць новая – справа часу.
Дадатковага высвятлення патрабуе і зварот былога слесара халадзільнага абсталявання з СВК “Гарадоцкі”. Яго абвінавацілі ў псаванні малака, якое па прычыне павышанай кіслотнасці пайшло ў перапрацоўку нізкагатунковым. Нягледзячы на тое, што звольніўся, нанесены ўрон у гаспадарцы вырашылі спагнаць з работніка, з чым той не пагадзіўся. Ці мае слесар у сваіх прэтэнзі-ях рацыю, пакажа назначаная праверка, да якой пад-ключацца спецыялісты Пін-скага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Пасля завяршэння прыёму пацікавіліся ў Мікалая Сцяпанавіча ўражаннем ад Лунінца:
– У раёне ўпершыню, таму цяжка дакладна вызначыць уражанне. Горад упаўне сучасны. Улады працуюць эфектыўна. Сведчанне гэтаму – нізкая актыўнасць людзей на прыёмах падобнага кшталту. Няшмат зваротаў з вашага раёна і на “тэлефон даверу”. Значыць, праблемы аператыўна вырашаюцца на месцы. Як будуць ісці справы далей, пакажа час, тым больш, што на Лунінеччыне планую бываць рэгулярна.