Павагу людзей трэба заслужыць
На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч КАВАЛЕВІЧ.
Соф’я Курыловіч, Кацярына Максімчык, Велута, вуліца Чорны Брод. Чаму да нашых дамоў №№ 4 і 10 не даязджае машына па збору смецця? Жывем наводшыбе і да прыпынку, дзе спыняецца гэты транспарт, трэба ісці з паўкіламетра, а то і больш. Мы – людзі пажылыя, Кацярына Сяргееўна ўвогуле інвалід. Хто, скажыце, панясе на такую адлегласць адходы? Справімся з імі як-небудзь самі. Раней жа гэтай праблемы не было. Больш таго, калі прапаноўвалі заключыць дагавор, то абяцалі, што ўсё будзе як след. А тут такая “паслуга”… Пісалі заяву, каб скасаваць дагавор, нам адмовілі, ды яшчэ судом прыгразілі. Хіба ж гэта правільна? Мы не супраць плаціць, але толькі за работу, якая выканана, а не так, як робяць камунальнікі – каб толькі спагнаць грошы немаведама за што. Разумеем, што працаваць ім няпроста, але абяцаннямі павагу людзей не заслужыш, яна прыходзіць праз канкрэтныя справы.
– Абяцаю вам, Соф’я Апанасаўна, што абавязкова разбяромся ў вашай праблеме. І калі паслуга і сапраўды не аказваецца, то дагавор будзе скасаваны.
Ад рэдакцыі. Па меркаванню дырэктара КУШВП ЖКГ В.М. Вакульчыка, «цвёрдыя камунальныя адходы з падворкаў жыхароў названай вуліцы збіраюцца з усіх сядзіб без выключэння. Прыпыначныя пункты знахо-дзяцца па дарозе, якая вядзе да міні-палігона в. Велута. У зімовы час здараюцца збоі ў графіку руху спецыяльнага транспарту па прычыне неачышчанай пад’язной дарогі. Гэтую работу павінна выконваць ДРБУ-101».
Між тым, як паведаміў старшыня сельвыканкама Ф.М. Рашэцкі, Васіль Мікалаевіч у чарговы раз прадэманстраваў недасведчанасць у тым, як насамрэч абстаяць справы. Дарога да названых падворкаў была расчышчана ад снегу работнікамі ДРБУ-101 своечасова, аднак спецыяльны транспарт сюды не заходзіў ні летам, ні восенню. Не заходзіць і зараз, хоць дагаворы з жыхарамі заключаны, і ўсе плацяжы яны робяць спраўна. Адлегласць ад гэтых дамоў да прыпынку, які назваў В.М. Вакульчык, ад аднаго дома 500, ад другога – 700 метраў. І можна зразумець людзей, якія адмаўляюцца ў такую далячынь насіць смецце. Куды прасцей яго спаліць ці закапаць, тым больш што адходаў няшмат. Як высветлілася, заезд да названых дамоў наогул не запланаваны ў камунальным графіку, хоць усе ўмовы для гэтага ёсць, у тым ліку і разварот для спецыяльнага транспарту. Як запэўніў кіраўнік вясковай “вертыкалі”, па запатрабаванню сельвыканкама ў бліжэйшы час адбудзецца сустрэча прадстаўніка камунальнай службы з жыхарамі названых дамоў. Калі не будзе прынята станоўчае рашэнне аб уключэнні сядзіб у графік руху спецыяльнага транспарту, Фёдар Міхайлавіч паабяцаў таксама падтрымаць рашэнне людзей і настойваць на тым, каб скасаваць дагаворы, паслуга па якіх не прадастаўляецца.
Алена Якубовіч, Мокрава. 26 студзеня заказала балон са звадкаваным газам. Развозілі яго ў нашай вёсцы 29-га, але мне чамусьці не даставілі…
– Алена Мікалаеўна, газ вам будзе дастаўлены заўтра ж (“Прамая лінія” праходзіла 30.01.2014 – Т.В.). Збой адбыўся з-за павелічэння колькасці заявак на дастаўку балонаў і нечаканай паломкі тэхнікі.
Як паведаміў дырэктар РВУ “Лунінецрайгаз” В.І. Сыцэвіч, звадкаванае паліва па названым адрасе дастаўлена 31.01.2014.
З Бастыні тэлефаную, але думаю, што гэтае пытанне цікавіць і жыхароў іншых населеных пунктаў. Скажыце, калі ласка, ці ёсць у раёне брыгада па адлову бадзячых сабак? Працуе яна ў гарадах ці таксама ў сельскіх населеных пунктах? Як можна выклікаць гэтых спецыялістаў у нашу і суседнія вёскі сельсавета? Ад бадзячых жывёлін хутка жыцця не будзе, тым больш, што вясна не за гарамі…
(Падобныя пытанні паступілі з в. Вялікія Чучавічы і г. Мікашэвічы – Т.В.).
– Такая брыгада ў КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” ёсць. Высветлім умовы яе работы.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2001 года №834 “Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёлін у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь” і пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2001 года №23 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку дзейнасці арганізацый па адлову, адстрэлу, утрыманню і эўтаназіі безнаглядных жывёлін у Рэспубліцы Беларусь” у мэтах своечасовай барацьбы з бадзячымі жывёлінамі жыллёва-камунальнай гаспадарцы даручана ў выключных выпадках праводзіць адстрэл безнаглядных жывёлін у г. Лунінцы з 3 гадзін ночы да 6 гадзін раніцы, у сельскіх населеных пунктах – па заяўках сельвыканкамаў.
Для рацыянальнага абслугоў-вання камунальнай уласнасці за Лунінецкай ЖКГ замацаваны Лунінскі, Дзятлавіцкі, Чучавіцкі, Дварэцкі, Вулькаўскі, Бастынскі, Багданаўскі і Гарадоцкі сельсаветы, за Мікашэвіцкай – Рэдзігераўскі, Лахвенскі, Сінкевіцкі сельсаветы і Мікашэвіцкі гарвыканкам.
Зараз ідзе работа па ўкамплектаванню брыгады па адлову безнаглядных жывёлін. Для яе выкліку ў вёскі раёна старшыням сельвыканкамаў трэба заключыць дагавор з жыллёва-камунальнай гаспадаркай на аказанне названай паслугі.
(Застаецца толькі здзіўляцца, ці не занадта зацягнуўся перыяд “укамплектавання брыгады” – 12 год! – Т.В.).
Вольга Кіндрук, Лунінец. Чаму гарадскі транспарт у нашым горадзе ходзіць са спазненнем, абсалютна не прытрымліваючыся графіка руху, пазначанага на прыпыначных шыльдах? Людзі спазняюцца на работу, не паспяваюць да адпраўлення цягнікоў… А калі выказваеш сваю незадаволенасць, то ў адказ ад кандуктара можна пачуць толькі грубасць. Ды і ўвогуле большасць з іх асаблівай ветлівасцю не вызначаюцца.
– Збой у графіку руху гарадскіх аўтобусаў назіраўся ў дні, калі тэмпература паветра вагалася ў межах мінус 20 градусаў. Так, 28 студзеня па прычыне перамярзання паліва былі сарваны рэйсы маршрута №1, адпраўленнем з чыгуначнага вакзала ў 7.25 і 8.40. Рэзервовых аўтобусаў у гэты дзень не было: усе іх задзейнічалі на вывазе школь-нікаў на аздараўленне. У наступныя дні парушэнняў графіка руху гарадскога транспарту не назіралася. Што датычыць кандуктараў, то з імі, запэўніў дырэктар філіяла ААТ “Брэстаблаўта-транс” “Аўтамабільны парк №10” С.М. Кіндрук, праведзена растлумачальная работа аб недапушчэнні грубасці ў адносінах да пасажыраў. Разам кіраўнік прыносіць вам і іншым людзям свае прабачэнні.
Міхаіл Зіміч, Кажан-Гарадок. Уладзімір Міхайлавіч, растлумачце, калі ласка, якая перспектыва газіфікацыі дамоў, што не трапілі ў першапачатковы спіс пры падвядзенні “блакітнага паліва”? Такіх у нашай вёсцы нябярэцца каля трох дзясяткаў. Асабіста я купіў дом пасля таго, як былі завершаны асноўныя работы па пракладцы газаправода.
– У сувязі з тым, што пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на асобныя індывідуальныя жылыя дамы адсутнічалі праваўстанаўліваючыя дакументы, у некаторых будынках ніхто не жыў, а на іншыя проста нельга было знайсці гаспадароў, мантаж унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння тут не праводзіўся. Такіх сядзіб у Кажан-Гарадку 58. Зараз распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на іх газіфікацыю і аблвыканкамам разглядаецца пытанне па вызначэнню крыніцы фінансавання ўсіх работ.