Пра жыллё, добраўпарадкаванне і гандаль рыбай
Прямая линия

Пра жыллё, добраўпарадкаванне і гандаль рыбай

прямая линияДастаткова разнастайным быў спектр пытанняў, з якімі звярталіся да старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко жыхары раёна падчас праведзенай 8 кастрычніка “прамой тэлефоннай лініі”.

Былы кіраўнік, а пазней – спецыяліст паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі паскардзілася на тое, што ёй пасля звальнення неабгрунтавана затрымліваюць канчатковыя выплаты. Жанчына не магла не ведаць, што арганізацыя знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і менавіта яе былыя кіраўнікі вінаваты ў прамаруджванні з тэрмінам акрэдытацыі, што, урэшце, і стала прычынай прыняцця непапулярнай меры. Сёння маёмасць гаспадаркі выстаўлена на аўкцыён. Арганізатары спадзяюцца, што пасля рэалізацыі паявяцца сродкі для таго, каб пагасіць усе запазыкі.

Перспектыва атрымання сацыяльнага жылля непакоіць пажылога жыхара райцэнтра. У чарзе гараджанін – з 2009 года. Вядома ж, многім, у тым ліку і кіраўнікам раёна, хацелася б, каб рухалася яна куды больш шпаркімі тэмпамі. Аднак сродкаў на ўсё, у тым ліку і на ўзвядзенне сацыяльнага жылля, не хапае. Як высветлілася, заяўляльнік значыцца у спісах пад нумарам 83. А ўвогуле сёння патэнцыяльнымі прэтэндэнтамі на бясплатнае жыллё на Лунінеччыне лічацца 257 чалавек.

Жыхар Вялікіх Чучавіч паскардзіўся на холад у камунальнай кватэры. Яму растлумачылі, што пачынаючы з мінулага тыдня цяпло пачало паступаць у дзіцячыя ўстановы, школы, бальніцы і іншыя аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. З панядзелка дадзены старт падачы цепланосьбіта ў жылыя дамы. Падключэнне да выгоды ідзе паступова. Мяркуецца, што да канца бягучага тыдня будзе цёпла ва ўсіх кватэрах і дамах, падключаных да цэнтральных сетак.

Калі ў двары дома па вуліцы Чырвоная, 47, пабудаванага 10 год таму, паявяцца абяцаныя малыя архітэктурныя формы, “жывая” агароджа і будзе пафарбаваны фасад? З такім пытаннем звярнуўся адзін з жыхароў шматпавярхоўкі. Паколькі дом узводзіўся, як ведамаснае жыллё, і толькі потым трапіў на баланс камунальнікаў, адпаведныя службы высвятляць, што было прадугледжана праектам і па якой прычыне дапушчаны адступленні, калі такія ёсць.

Дадатковага вывучэння патрабуе і прычына, па якой кампетэнтныя службы адмаўляюць у прапісцы ў бацькоўскім доме жыхару в. Сітніца.

А вось праблема гандлю рыбай вырашылася практычна адразу. Па просьбе жыхароў Кажан-Гарадка туды адзін раз на тыдзень будзе выязджаць машына рыбгаса “Лахва”. Магчыма, будзе вызначаны канкрэтны дзень і час, на працягу якога аўтамабіль з “жывым таварам” будзе стаяць на цэнтральнай плошчы старажытнага мястэчка. У такім выпадку, пра гэта паведамім дадаткова.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть