Правілы — простыя, наступствы — непрадказальныя
Прямая линияПроисшествия

Правілы — простыя, наступствы — непрадказальныя

ОрешкевичНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Уладзіміравіч АРАШКЕВІЧ.

Добры дзень, Мікалай Уладзіміравіч! Турбую вас ад імя пенсіянераў раёна. Многія з нас жывуць у вёсках, у прыватных дамах, куды не прыйшоў яшчэ прыродны газ. Хаты ацяпляем па старынцы – дровамі. І, ведаю, сёй-той сутыкаецца з праблемай чысткі дымаходаў. У вёсках ёсць беспрацоўныя, якія прапаноўваюць старым такія паслугі, але часта даверу да іх няма: ведаем, што злоўжываюць спіртнымі напоямі. Работа ж гэтая звязана з пэўнай рызыкай – барані, Божа, здарыцца бяда, хто тады адказваць будзе?

– Вы абсалютна правільна разважаеце. Няварта прыцягваць да чысткі дымаходаў пабочных асоб. На выкананне гэтых работ маюць ліцэнзію дзве арганізацыі – раённая жыллёва-камунальная гаспадарка і камбінат супрацьпажарных работ. Варта звярнуцца туды з заяўкамі і вам дапамогуць. Ведаю, што ў некаторых сельвыканкамах каардынацыю гэтых работ бяруць на сябе старшыні: прымаюць заяўкі, заключаюць дагаворы з тым, каб у вёскі спецыялісты выязджалі не на адзін адрас, а адразу на некалькі. Вы на тэрыторыі якога  сельсавета жывяце?

– Лахвенскага.

– Звярніцеся да старшыні сельвыканкама Людмілы Пашкевіч, яна прынцыповы кіраўнік і, думаю, здолее вам дапамагчы.

Алена Насковіч, Лунінец. Напярэдадні новага навучальнага года спецыялісты вашай службы, вядома ж, праводзілі абследаванне школ і дзіцячых садкоў на супрацьпажарную бяспеку Асабіста мяне цікавіць стан СШ №3 г. Лунінца.

– У жніўні была планавая праверка аб’ектаў аддзела адукацыі. Трэба сказаць, што ў нашым раёне ў параўнанні з іншымі сітуацыя з супрацьпажарнай бяспекай у названай сферы прыкметна лепшая. Справа ў тым, што апошнія чатыры гады фінансаванне на гэтыя мэты было практычна неабмежаваным. І ўсё ж, у школах г. Лунінца засталіся пытанні, так бы мовіць, капітальнага характару. У СШ№3 супрацьпажарная сігналізацыя ёсць, а вось у СШ №№1 і 2 – няма. Але мантаж гэтага, безумоўна патрэбнага абсталявання, ужо запланаваны і абавязкова будзе выкананы ў бліжэйшы час. Адначасова людзі павінны памятаць, што тая ж сігналізацыя абсалютна не ўплывае на ўзнікненне пажару, яна толькі апавяшчае пра тое, што ўзгаранне адбылося. Галоўнае – умець правільна паводзіць сябе ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі. І гэта – асноўная работа, якую праводзім у калектывах, у першую чаргу, навучальных устаноў. Так, 12 верасня, акцыя такога кшталту адбылася ў СШ №3. Там былі задзейнічаны не толькі нашы спецыялісты, але і тэхніка, што выклікала асаблівае захапленне ў дзетвары. Наладзілі дэталёвае навучанне тэхперсаналу і настаўнікаў правілам паводзін у няштатных сітуацыях, са школьнікамі – адпрацавалі план эвакуацыі. У ходзе акцыі адбыўся па-сапраўднаму жывы дыялог з дзетварой, якая змагла не толькі задаць хвалюючыя пытанні выратавальнікам, але і “папрацаваць” на нашым спецыяльным абсталяванні. Думаю, гэта таксама было карысным. Так што, за жыццё і здароўе вашых сыноў і дачок у гэтым сэнсе можаце не хвалявацца.

– Яно-то так, але ў СШ №4 сёлета пажар усё-такі ўспыхнуў…  Дарэчы, ці ўстаноўлена дакладна яго прычына?

– Праверку праводзіла раённае аддзяленне Следчага камітэта. Высветлена: узгаранне ўзнікла па прычыне таго, што ў вентыляцыйны канал нехта кінуў непатушаныя цыгарэту ці запалку. Устанавіць, хто гэта зрабіў, не ўдалося, а таму крымінальную справу не ўзбуджалі. Разам яшчэ раз нагадаю, што і настаўнікі, і тэхперсанал паводзілі сябе ў гэтай няштатнай сітуацыі арганізавана і правільна, аператыўна наладзіўшы граматную эвакуацыю дзяцей. Узгаранне было хутка ліквідавана, і здарэнне не мела значных непажаданых наступстваў.

Мікалай Уладзіміравіч, магчыма маё пытанне падасца абывальніцкім, але хачу ведаць, чаму сёлета ў раёне на пажарах загінула 8 чалавек – у чатыры разы больш, чым за такі час летась (інфармацыя была надрукавана ў раённай газеце)? І што робіцца ў раёне для таго, каб бяда не паўтаралася?

– Ваша пытанне не абывальніц-кае, а вельмі надзённае. І сапраўды, хоць пажараў з пачатку года зарэгістравана менш, людзей у агні загінула больш. Па-ранейшаму асноўная прычына – неасцярожнае карыстанне агнём пры курэнні. Ад гэтага гінулі людзі ў Лахвенскім, Лунінскім, Дварэцкім сельсаветах, у горадзе Лунінцы і на тэрыторыі Мікашэвіцкага гарсавета. Жудасная трагедыя адбылася ў Вічыне, дзе падчас пажару загінулі двое дзетак. Вядома, зараз робіцца ўсё магчымае, каб трагедыі не паўтарыліся. Прыняты спецыяльны план мерапрыемстваў, на рэалізацыю якога з раённага бюджэту прадугледжана 100 мільёнаў рублёў. Грошы ідуць на рамонт печаў і электраправодкі ў дамах адзінокіх састарэлых жыхароў, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Больш таго, нашы спецыялісты разам з работнікамі сельвыканкамаў робяць падворны абход, праводзячы растлумачальныя гутаркі з людзьмі. Сёлета такая прафілактычная работа праведзена з насельнікамі больш як 6 тысяч дамоў і кватэр. Адначасова ўказваем лю-дзям на агрэхі ў гаспадарцы, якія могуць прывесці да бяды. А тыя, хто не звяртае ўвагі на нашы прадпісанні, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Асаблівая ўвага – мнагадзетным сем’ям. Мы пабывалі практычна ў кожнай такой сям’і, вялі гутаркі з бацькамі, папярэджваючы пра адказнасць за неналежны догляд за малымі. Да слова, у раёне – 36 сем’яў, дзе пражыванне 71 дзіцяці прызнана сацыяльна-небяспечным. Мы таксама не выпускаем іх з-пад увагі. Магчыма, па гэтай прычыне крыху выпалі з поля зроку адзінокія пажылыя людзі і інваліды – тут праверкамі ахоплена прыкладна 53 працэнты домаўладанняў. Таму да наступлення халадоў увагу сканцэнтруем менавіта на гэтай катэгорыі грамадзян.

– Ведаю, што некаторым за кошт бюджэту ўжо сёлета адрамантаваны печы, але што рабіць тым, у каго ёсць дзеці, але яны не клапоцяцца пра сваіх састарэлых бацькоў, якія пакутуюць ад недагледжанасці ў халодных хатах?

– Калі выяўляем такія выпадкі, то бяром на сябе абавязак паведаміць дзецям ці родзічам пра неабходнасць дапамогі састарэлым блізкім людзям. Адначасова нагадваем пра адказнасць па заканадаўству за ўхіленне ад выканання гэтых абавязкаў. Калі ж сітуацыя безнадзейная, то прымаем меры для таго, каб змясціць старога чалавека ў сацыяльны прытулак. Сёлета такі выпадак быў у Лахаўцы. Там па нашаму хадайніцтву жынчына да зімы будзе змешчана ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян.

Тэлефаную з Дрэбска. Заканчваецца сезон уборкі ўраджаю, і многія з вяскоўцаў паляць на сваіх участках сухое бацвінне, траву. У мяне сусед умудрыўся раскласці вогнішча каля самага плоту. Зараз прайшоў дождж, а ў той дзень было сухое ветранае надвор’е, і мне самаму давялося назіраць, каб агонь не перакінуўся на плот і хлеў…

– Вядома, гэта парушэнне праві-лаў супрацьпажарнай бяспекі. Растлумачце свайму суседу, што кантралюемае развядзенне кастроў, у тым ліку і для спальвання смецця, дапускаецца толькі на пляцоўках, абмежаваных мінералізаванай паласой шырынёй не менш як 0,25 метра пры слабым ветры і на адлегласці: не менш як 15 метраў – ад будынкаў, 25 – ад ляснога масіву, 30 – ад сціртаў сена і саломы. Зразумела, што пляцоўка павінна быць выбрана такім чынам, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару, а сам гаспадар у выпадку неабходнасці мог прад’явіць вогнетушыцель (не менш як 2 кілаграмы вогнетушачага рэчыва) ці ёмістасць з вадой (10 літраў) і штык-лапату. Пасля таго, як спальванне завершыцца, касцёр трэба старанна патушыць да поўнага спынення тлення. Калі ж ваш сусед не будзе прытрымлівацца гэтых правілаў, то такія яго паводзіны могуць пацягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць.

– Можа, варта больш дакладна нагадаць пра гэтую адказнасць?

– Абавязкова. Але перш, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў раёна з вось якой просьбай. Не за гарамі халады. Праверце свае печы, пліты і грубкі. Пажары нярэдка адбываюцца з-за іх няспраўнасці і па прычыне перанапалу ацяпляючых прыстасаванняў, што выклікае трэшчыны ў дымавых каналах. Прычынай пажару можа стаць гарэнне сажы ў дымаходах, таму, перш чым паліць печ ці грубу, пераканайцеся ў тым, што дымаходы чыстыя. Іх варта пабяліць, тады па слядах закопчанасці можна будзе лёгка вызначыць месцы трэшчын. Каб драўляная падлога не загарэлася ад выпаўшага вуголля, прымацуйце перад печамі  і грубкамі ліст жалеза памерам не менш як 70х50 сантыметраў. Не пакідайце агонь без нагляду.

А цяпер пра адказнасць. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі можа наступіць адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 200 базавых велічынь. Калі ж парушэнне вышэйназваных правілаў стала прычынай пажару, штраф на асобу, якая адказвае за бяспеку, складзе ад 30 да 50 базавых велі-чынь. І ўсё ж, будзем спадзявацца, што прымяняць такія строгія меры не давядзецца, як не давядзецца шкадаваць, што ў свой час вы грэбавалі простымі і даступнымі праві-ламі супрацьпажарнай бяспекі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть