Прямая линияЭкология

Прырода – мая, твая, ваша…

пр линия природаЗ 13 па 20 красавіка праводзіцца Тыдзень лесу, чаму была прысвечана “Прамая лінія” ў рэдакцыі “ЛН”. Службовыя асобы, запрошаныя да ўдзелу, адказвалі і на пытанні, што не датычылі вызначанай тэмы.

 

АБ ВАДЗЕ
Адказвае начальнік інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр КРАЎЧЭНЯ.

А.І. Літвіновіч і  Г.Г. Сцепанюк з Мікашэвіч, І.С. Рудовіч з Дрэбска і іншыя прасілі пракаменціраваць асаблівасці вясновай рыбалкі на маламерных судах.

– Згодна з пунктам 140.6 Правілаў вядзення рыбалоўства і рыбнай гаспадаркі, забараняецца “выкарыстанне грамадзянамі маламерных судоў і судоў з рухавікамі ў рыбалоўных угоддзях у тэрміны забароны на вылаў рыбы”, гэта значыць – з 1 красавіка па 30 мая, на перыяд нерасту.

– Але з любога правіла ёсць выключэнні!

– Сапраўды. У гэтым жа артыкуле вызначана, што “ў вясенні сезон палявання дазваляецца выкарыстоўваць маламерныя судны без рухавікоў для ўстаноўкі (зняцця) падсадных качак, профі-ляў, пудзілаў і ўздыму здабытай дзічыны”. У гэтых мэтах паляўнічыя могуць на лодцы адысці ад берагу і вярнуцца назад.

– А калі чалавек займаецца турызмам і ў маі запланаваў сплаў па рэках на байдарках?

– Толькі вітаем заняткі, якія садзейнічаюць экалагічнаму выхаванню. Ужо тлумачылі і арнітолагам, якія вырашылі назіраць за прылётам птушак, і пчалярам, якім неабходна перавезці вуллі на пчальнікі, і многім іншым: звяртайцеся за дазволам у райвыканкам. Прадугледжана, што “ў выпадку неабходнасці выкарыстання маламерных судоў і судоў з рухавікамі, гідрацыклаў для перасоўвання па воднаму аб’екту ў гаспадарчых, транспартных і іншых мэтах мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненню з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя маюць права прымаць рашэнне аб дазволе выкарыстання грамадзянамі такіх судоў у рыбалоўных угоддзях у тэрміны забароны на вылаў рыбы”.

АБ ЭКАЛОГІІ
Адказвае начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван ПІЛІПЦЭВІЧ.

Звяртаюцца жыхары дома па вуліцы Чырвонаармейская  ў Лунінцы. Толькі растаяў снег на невялікім участку ў Двары, як тут жа сюды паставілі аўтамабіль. Чаму не абараняеце зялёныя газоны?

– Ведаю аб выпадку, пра які паведамляеце. Калі гэта паўторыцца, тэлефануйце на нумар дзяжурнага ДАІ.

– А хіба не ваша служба адказвае за экалагічныя парушэнні?

– Пытанні паркоўкі транспарту знаходзяцца ў кампетэнцыі ДАІ. Толькі яе супрацоўнікам аўтааматары прад’яўляюць вадзіцельскае пасведчанне і тэхнічны пашпарт на машыну. Так было і ў вашым двары. ДАІ склала пратакол за парушэнне паркоўкі, а экалогія – за пашкоджанне газона.

– Тэлефануюць жыхары мікрараёна, размешчанага каля ліцэя. Зімой рэдка, а летам часта такі смурод стаіць. Проста экалагічнае бедства!

– Ведаем вашу праблему. Адсутнасць у бюджэце сродкаў не дазволіла ўключыць вуліцы ў сістэму цэнтральнай каналізацыі. Але праблема вырашальная. Не цярпіце, як вы кажаце, смурод. Кожны гаспадар павінен клапаціцца аб своечасовай ачыстцы выграбной ямы ў двары, каб не ўскладняць становішча сабе і суседзям. Калі заўважаеце нязручнасць і не маеце ўплыву на суседа, тэлефануйце ў інспекцыю ці санітарную службу. Нядбайныя ўладальнікі сядзіб нясуць двайное пакаранне – і аплату за каналізацыйныя работы, і штраф за забруджванне наваколля.

– Звяртаемся ад імя педагогаў. На ўроках імкнемся выхоўваць у вучняў беражлівыя адносіны да прыроды. Але дзеці летам каля Белага возера бачаць дарослых, якія грэбуюць нормамі паводзін на прыродзе. Што нашы словы супраць такіх нядбайных учынкаў?

– Калі б сумленныя дарослыя, якія адпачываюць на беразе возера Белае, рабілі заўвагі нядбайным суседзям, парадку было б значна больш. Усё грамадства павін-на паставіць заслону парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства. Рэкрэацыйная нагрузка на жамчужыну Лунінеччыны дапускае 495 адпачываючых, а ўлетку бачым там утрая больш толькі аўтамабіляў. Нашай службай летась на Белым возеры складзена 183 пратаколы. Дзейнічаем у супрацоўніцтве з лясгасам, які адказвае за парадак у заказніку “Лунінскі”.

АБ ЛЕСЕ
Адказвае дырэктар лясгаса Вячаслаў ТОРЧЫК.

– Сходзіць снег – і выяўляюцца абочыны ўздоўж дарогі, засмечаныя пластыкавымі бутэлькамі і пакетамі. Трэба караць аўтааматараў, якія выкідваюць адходы з акна машыны!

– А вы не спрабавалі спыніцца і прыбраць смецце, што заўважылі? Гэта будзе больш дзейснай мерай, чым любое пакаранне. Многія дзеці выязджалі на аздараўленне за мяжу. Вяртаюцца і дзеляцца ўражаннямі: “Прыёмная сям’я вывезла нас на пікнік. Спыніліся на палянцы, дзе валяліся нейкія паперкі. Гаспадар папрасіў нас пачакаць у машыне, а сам выйшаў, сабраў смецце ў пакецік, а потым дазволіў усім выходзіць, расцілаць дыванок”. Вы шмат сустракалі ў нас такіх выпадкаў? Не, бацькі выбяруць чысцейшае месца, але і не падумаюць прыбраць смецце побач. Больш таго – дабавяць сваё.

– Але ў Германіі, калі заўважаюць, што нехта выкінуў паперку з акна машыны, тэлефануюць паліцэйскаму, і ён разбіраецца з тымі, хто забруджвае прыроду.

– Багатыя краіны могуць дазволіць сабе ўстаноўку відэакамер, каб мець даказальную базу аб учыненым правапарушэнні. Вы думаеце, як яны дасягнулі ідэальнага парадку ў зборы бытавых адходаў? У 1960-ыя гады кожная скрынка была аснашчана відэакамерай. Гэта ж датычыць і дарог. Свядомасць у любой сферы – экалогіі, права, культуры – выхоўваецца стагоддзямі.

– Жывем паблізу Сасновага бору, які апошнім часам знішчаецца на вачах.

– Праводзіцца высечка абнаўлення. Старыя дрэвы высякаюцца, згодна з праектам лесаўстройства, створаным спецыялістамі. Сосны, што ўбіраем, маюць узрост да 130 год. Унутры спарахнелыя, праз год-два самі б упалі. Высякаючы, ствараем бяспеку вам і вашым дзецям, якія гуляюць у прыгожых наваколлях. Але ў старых пасадках леснікі паклапаціліся аб маладой пораслі. Сасновы бор захаваецца.

– Для чаго праводзіцца Тыдзень лесу з прыцягненнем для пасадкі дрэў пабочных людзей? Любую справу павінны рабіць прафесіяналы!

– Паверце, у лясгасе дастаткова сіл, каб самім выканаць намечаныя пасадкі. Але падобныя кампаніі і акцыі праводзяцца і будуць, упэўнены, пашырацца, каб прыцягнуць увагу людзей да аховы прыроды. Калі чалавек высадзіць дрэва, ён потым не зламае яго, як і ўсё, што зроблена ўласнымі рукамі, не кіне смецце побач. Ведаю многіх людзей, якія займаліся лесаўзнаўленнем, калі былі школьнікамі. Цяпер яны з гонарам паказваюць масівы сваім дзецям: гэты лес і я садзіў. І дзеці ахвотна адгукаюцца на ўдзел у такой справе. Урэшце, так спрадвеку лічыцца ў наро-дзе: калі збудаваў дом, вырасціў сына і пасадзіў дрэва, – значыць, нездарма пражыў. Тыдзень лесу аб’ядноўвае чалавека з прыродай. Раім кожнаму выкарыстаць гэту магчымасць. Працуючы такім чынам, здолеем вырашыць шмат экалагічных праблем, якімі цяпер заклапочаны сучаснікі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть