Прысвячаем перамогу роднаму краю
Общество

Прысвячаем перамогу роднаму краю

Яна стаіць на рэдактарскім стале – литеранямы сведка пакутлівых журналісцкіх пошукаў, настойлівага імкнення данесці слушныя думкі да чытачоў. Задзірлівая дзяўчынка, якая ганарыста ўскінула галаву насустрач сонцу – запаветная статуэтка “Залатая ліцера”. Гарэзлівы веснавы прамень гуляе па стромкай постаці, кідаючы ў наваколле вясёлыя блікі.
Летуценна вяртаюся ў недалёкае мінулае і яскрава бачу ў гэтых радасных водблісках цеплыню замалёвак і нарысаў Марыі Яраховіч, усюдыіснасць Алены Даніловіч, дзелавітасць рэпартажаў з палёў і фермаў Галіны Кучэйка, светлыя твары людзей працы на фотаздымках Аляксандра Коўкі, творчую настойлівасць Наталлі Паўлюкевіч, рознажанравасць “уласнага карэспандэнта” ў Мікашэвічах Наталлі Лялюк, першыя журналісцкія спробы Марыны Арэшка, карпатлівасць Вольгі Вароніч. А яшчэ – старанні Вольгі Рамановіч і Ганны Богдан рабіць раёнку зайздроснай па газетнаму дызайну. Бачу імкненне “тэхнічнага корпусу” рэдакцыі ў асобах Лідзіі Гарошка, Валянціны Дзеніс, Андрэя Зышчыка, Людмілы Жураўлёвай і Дзіяны Вайцяхоўскай забяспечыць роднаму выданню надзейны тыл. І сваё рэдактарскае станаўленне ці нават сталасць, якія даюць адзіную прывілею – брацца за найбольш складаныя і адказныя тэмы. Яно немагчыма было б без усіх, хто побач. Як немагчыма любая з нашых перамог без адданай падтрымкі чытачоў і нашых заснавальнікаў – райвыканкама і райсавета. Дзякуй усім за гэта!
“Залатая ліцера” – свое-асаблівы знак якасці журналісцкай працы. Цяпер у арсенале “Лунінецкіх навін” іх дзве, чым у рэспубліцы пакуль можа пахваліцца далёка не кожная раёнка. Але галоўнае нават не гэта. Упэўнена, што ўсе мы гатовы зноў і зноў пераадольваць церні, каб аднойчы ў зале дзяржаўных прыёмаў Палаца Рэспублікі пачуць сказаныя з гонарам і вялікай павагай родныя для кожнага з нас словы: “Лунінеччына… Лунінец… “Лунінецкія навіны”. Паверце, дзеля гэтага варта жыць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть