Пуцёўкі на рэспубліканскі форум
Удала выступілі на абласной канферэнцыі даследчых работ “З навукай у будычыню” прадстаўнікі Лунінеччыны. Усе навучэнцы адзначаны на форуме ў Бярозе ўзнагародамі розных вартасцей.
Дыпломы трэцяй ступені атрымалі 9 з 11 праектаў. Іх ажыццявілі юныя даследчыкі з СШ: №2 г. Лунінца – Глеб Семяненка і Павел Цюшкевіч, Палескай – Артур Шагаўдзінаў і Арцём Гарагляд, Дзятлавіцкай – Ян Канапацкі, №2 г. Мікашэвічы – Аляксей Байда. Узнагародамі аналагічнага кшталту адзначаны навучэнцы гімназіі імя У. Нядзведскага Глеб Лявоцкі, Лізавета Літвіновіч, Дар’я Стральчэня, Аляксандр Аляксюк і Юлія Ярмоліч.
Высокай адзнакай сваіх работ у галіне філалогіі могуць ганарыцца адзінаццацікласнікі элітнай установы адукацыі горада гранітаздабытчыкаў Анастасія Касцюк і сярэдняй школы №4 райцэнтра Яраслаў Антановіч. Выдатныя выступленні на абласным форуме прынеслі ім дыпломы першай і другой ступеняў. Наперадзе ў дзяўчыны і юнака – абарона даследчых работ на рэспубліканскай канферэнцыі.