Рукатворны кветкавы дыван
Общество

Рукатворны кветкавы дыван

Вулька 2 Клуб

Зараз пара, якая дорыць нам рознабаковую прыгажосць. Гэта магчымасць налюбавацца колерамі
і наталіцца пахамі самых разнастайных кветак. Яны прыносяць адчуванне радасці, замілаванасці, пранікаюць у сэрца тоненькім праменьчыкам святла. Саграваюць і ўзнімаюць настрой.

Але не кожная расліна расце сама па сабе. Каб яна па-сапраўднаму заззяла, разраслася буйнай лістотай і ўспыхнула дзіўнай квеценню, трэба прыкласці немалыя намаганні. Падрыхтаваць глебу, пасадзіць, пастаянна палоць, паліваць. І рабіць гэта заўсёды з ахвотай і жаданнем.

Пра ўсе тонкасці любові да кветак добра вядома калектыву Вулькаўскага 2 СДК. Жанчыны кожны год ствараюць перад будынкам вялікую кампазіцыю са шматлікіх сартоў, якая з пачатку мая і да самых замаразкаў палыхае рознымі колерамі. Быццам рукатворны дыван раскідваецца на дзясятак метраў, да якога ахвотна злятаюцца за нектарам руплівыя пчолы.

Дырэктар установы культуры Софія КІСЕЛЬ (на здымку злева) працуе тут чвэрць стагоддзя. За гэты час змяніліся погляды і інтарэсы моладзі. Новыя пакаленні мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак марылі наведваць дарослыя дыскатэкі, па вечарах з зайздрасцю пазіралі ў вокны Дома культуры, дзе адпачывалі старэйшыя. Каб не сумавалі, для іх арганізоўвалі дзіцячыя мерапрыемствы. Не аднойчы даводзілася супакойваць дарослых падвыпіўшых хлопцаў, заклікаць іх да парадку. Тактоўнасць і адказнасць жанчыны і цяпер дапамагае вырашаць любыя праблемы з лёгкасцю і своечасова.

Яшчэ большы бесперапынны стаж работы ў бібліятэкара Ніны ГАРАГЛЯД (справа). Яна прапаноўвае аднавяскоўцам цікавыя часопісы і кнігі, пры неабходнасці дапамагае ў пошуках спецыяльнай літаратуры. Дзякуючы Ніне Сцяпанаўне, тут створаны краязнаўчы музей, экспанаты якога расказваюць пра мінулае роднага краю. Захаваліся шматлікія прылады ткацтва. А вышыванкі, карціны і металічныя дэкаратыўныя вырабы сведчаць пра сучасныя здольнасці вясковых умельцаў.

Мастацкі кіраўнік Марыя ЯРАХОВІЧ (другая злева) – адзіная ў калектыве не мясцовая, прыязджае на работу з Краснай Волі. Мнагадзетная матуля – мае трох сыноў. Хлопцы ўжо дарослыя. Провады ў армію, зборы на вучобу ў іншы горад, экзамены і тэсты дастаўляюць жанчыне нямала клопатаў. Але знаходзіцца час і на заняткі з самадзейнымі артыстамі, бо суддзямі падрыхтаваных канцэртаў будзе не толькі кіраўніцтва, а шматлікія гледачы, якія не прабачаць бяздушнасці і фальшу.

Асноўныя абавязкі па стварэнню ўтульнасці ў пакоях і дагледжанасці на тэрыторыі ляжаць на плячах тэхработніцы Наталлі МАЙСАК. І хатнія кветкі, якія ў вазонах стаяць паўсюдна і вырашчаныя на клумбах, для яе – больш захапленне, чым работа. Сама гадуе саджанцы, знаходзіць новыя сарты, з фантазіяй размяшчае кожны кусцік. Столькі ж прыгажосці пастаянна стварае дома, аб чым сведчаць амаль штогадовыя ўзнагароды на Дзень вёскі за лепшы падворак.

Жанчыны расказваюць, што над упрыгожваннем тэрыторыі яны шчыруюць усім калектывам. Паклапаціліся пра чарназём, разраўнялі яго і пасадзілі кветкі. А тут – то вецер павыдувае насенне, то замаразкі пашкодзяць першыя ўсходы. Потым расаду пабіла градам, далей – часта выпрабоўвала засухай. Але руплівым – усё пад сілу. І неўзабаве паплыў над цэнтрам вёскі прыемны водар, і радуе вока рознакаляровы квяцісты дыван.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть