Салодкае слова «мама»
Общество

Салодкае слова «мама»

детдомУ Лунінцы расчыніў дзверы яшчэ адзін, чацвёрты па ліку, дзіцячы дом сямейнага тыпу. Журналісты “Лунінецкіх навін” заўсёды сябруюць з такімі ўстановамі. Раёнка, якой сёння спаўняецца 75 год, зычыць вялікай сям’і такога ж доўгага і шчаслівага шляху і спадзяецца, што бацькі-выхавальнікі і іх дзеці стануць прыхільнікамі газеты. Прынамсі, святочны нумар выдання з фотаздымкам навасёлаў на першай старонцы
паштальён абавязкова даставіць на адрас: Смаленская, 26.

Само па сабе сацыяльнае сіроцтва – з’ява дастаткова сумная, але той факт, што дзяржава не пакідае маленькіх падранкаў сам-насам з жорсткім лёсам, усяляе надзею: яны павінны вырасці добрымі людзьмі. Менавіта пра гэта гаварылі ўсе, хто браў удзел ва ўрачыстасці, якая ў Дзень маці ладзілася на вуліцы Смаленская. Тут, у ціхім мікрараёне Залессе, паявіўся прыгожы, бы званочак, новы дом. Новабудоўля каштавала дзяржаве амаль 2,5 мільярда рублёў.
Навасёламі сталі бацькі-выхавальнікі Марына і Леанід Ільючыкі. Разам з дзевяццю сынамі і дочкамі, з якіх пяцёра – прыёмныя, 14 кастрычніка яны сустракалі шматлікіх гасцей. А на ўрачыстасць завіталі старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Вікторыя” Таццяна Удавенка, начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Раковіч, начальнік ПМК-19 Фёдар Бірыла, галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін”, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Вайцяхоўская і іншыя. Гаспадары з задавальненнем прымалі ад іх падарункі – вялікі сучасны тэлевізар, камп’ютар, кухонны камбайн, набор посуду, іншыя патрэбныя рэчы, а яшчэ – веласіпеды, цацкі і салодкія пачастункі, якім шчыра рады былі дзеці.
І вось ён – галоўны момант! Фёдар Бірыла, кіраўнік ПМК-19, якая ўзводзіла новы дом, урачыста перадае сімвалічны ключ старшыні райвыканкама Васілю Агі-евічу, з рук якога ён трапляе да галавы сям’і Леаніда Ільючыка. Перарэзана чырвоная стужка, і дзеці першымі пераступаюць парог дыхтоўнага катэджа.
Тут усё радуе святочнай навізной. Утульныя пакоі з прыгожай зручнай мэбляй і мяккімі дыванамі. На вокнах – стыльныя шторы. Ніводзін з пяці спальных пакояў не паўтараецца па дызайну. На кожным з двух паверхаў дома (агульная яго плошча амаль 200 квадратных метраў) ёсць асобныя санітарныя вузлы.
На кухні адразу звяртае на сябе ўвагу вялікі абедзенны стол. Сёння тут – салодкія пачастункі і для гасцей. За кубачкам чаю ідзе няспешная гаворка. Мама-гаспадыня Марына Ільючык зноў і зноў не шкадуе слоў удзячнасці за такі шыкоўны падарунак для дзетвары. В.М. Агіевіч у адказ абяцае падтрымку ў вырашэнні ўсіх магчымых жыццёвых праблем.
Пасля экскурсіі па дому трапляем у вялікі двор, дзе ёсць неабходныя гаспадарчыя пабудовы. Нягледзячы на яркую дзіцячую горку, арэлі і спартыўныя прыстасаванні, тэрыторыя навокал пакуль мае неабжыты выгляд. Але першы крок да надання ёй утульнасці зроблены: разам з дзеткамі госці пасадзілі дэкаратыўныя дрэўцы. Вечназялёныя туі ў момант змянілі “інтэр’ер” двара.
Марына Уладзіміраўна захоплена расказвае, якія кветкі будуць упрыгожваць наваколле на будучы год, а да ног матулі настойліва туліцца самы маленькі навасёл – пяцігадовы Барыс, які з асаблівай асалодай, быццам імкнучыся наталіць спрадвечную дзіцячую прагу да ласкі, паўтарае самае салодкае ў свеце слова “мама”…

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть