Шчаслівае сузор’е ў Кажан-Гарадку
Шчаслівае сузор’е ў Кажан-Гарадку запалала яркім святлом на 523-ім дні нараджэння
старажытнага мястэчка Лунінеччыны.
Асноўныя падзеі ўрачыстасці разгарнуліся ў цэнтры аграгарадка. У валошкавым небе пераліваліся купалы Свята-Нікольскага храма, саграваючы ўсіх сваім нябачным цяплом. Здалёку даносіўся клёкат буслоў, пад аховай якіх тут сёння жывуць 1706 жыхароў. Невялікую пляцоўку перад мясцовым СДК упрыгожылі маляўнічыя плакаты і выстава вырабаў з дрэва народнага ўмельца Івана Марковіча. Да позняга вечара імправізаванай сцэнай валодалі таленавітыя самадзейнікі, не пуставалі шматлікія гандлёвыя палаткі з папкорнам, салодкай ватай, бяспройгрышнай латарэяй, цацкамі, паветранымі шарамі, а таксама батуты, электрамабілі і цір. Дарэчы, сёлета юныя “вадзіцелі”, “скакуны” і “стралкі” адчулі сапраўднае задавальненне ад забаў. Справа ў тым, што Кажан-Гарадок вельмі папрыгажэў, дзякуючы “Дажынкам”, якія тут ладзілі ў мінулым годзе. Асабліва змянілася плошча ў цэнтры аграгарадка. Цяпер застаецца толькі з удзячнасцю прыгадваць тых, хто надаў цудоўны выгляд старажытнаму мястэчку.
З прывітальным словам да землякоў звярнулася кіраўнік спраў Гарадоцкага сельвыканкама Галіна Малафейчык. Яна разам з фундатарамі свята – індывідуальнымі прадпрымальнікамі Васілём Мажака, Дзіянай Дрынеўскай, Ірынай і Мікалаем Гурбановічамі, Юрыем Якубовічам, Дзмітрыем Чырцом і Аляксандрам Каратышом – падрыхтавалі каштоўныя падарункі. Уручаны яны бацькам самай маленькай ураджэнкі Кажан-Гарадка Анастасіі Каратыш, маладажонам Таццяне і Юрыю Бірылам, сямейным юбілярам: сярэбраным – Марыі і Ігару Крукам (пазней віншаванні перадалі Наталлі і Мікалаю Арашкевічам, Святлане і Міхаілу Зімічам), залатым – Ульяне і Паўлу Рашэцкім, ізумрудным – Кацярыне і Паўлу Шчэрбачам (адзначаны таксама Зінаіда і Павел Гусціновічы). Не ўпусцілі магчымасці сустрэцца з выбаршчыкамі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар і Леанід Дубаносаў.
Музычна-паэтычнымі нумарамі ўшанавалі мясцовага творцу Андрэя Гурбановіча, урача Рыгора Самусевіча, ваеннаслужачых Віталя Германовіча, Андрэя Гурбановіча, Вадзіма Кіпцэвіча, Дзмітрыя Цывялёва, Анатоля Андруша і Яўгена Каховіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Мікуліча, працаўніка тылу Сямёна Кулеша, вязняў канцлагераў Марыю Гусціновіч, Паўла Каратыша, Вольгу Астапчык і Івана Шэшку, сям’ю загінуўшага ў час ваеннага ліхалецця Івана Кулеша, ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане Віктара Беляўца, Міхаіла Казуна, Анатоля Міхайлоўскага і Фёдара Туміловіча, бібліятэкараў Людмілу Бандацкую і Людмілу Зіміч, старасту Кажан-Гарадка, які да таго ж святкаваў асабісты дзень нараджэння, Аляксандра Каратыша. У іх гонар запальваліся сімвалічныя зоркі “Гонар”, “Каханне”, “Узаемаразуменне”, “Здароўе”, “Доблесць” і “Натхненне”.
На розны густ падабралі арганізатары свята рэпертуар праграмы. Гучалі як народныя, так і сучаныя кампазіцыі. Апладысментамі суправаджалі гледачы выступленні фальклорна-этнаграфічнага калектыву “На-дзея” Кажан-Гарадоцкага СДК, Наталлі Бярозка, Ганны Кіндрук, Софіі Старыкавай, Ніны Ераміевіч, Алега Жумашава, Святланы Кузюбердзінай, Уладзіміра Лукашэвіча, Марыны Панасевіч, Дар’і Пройдзінай, Яўгеніі Каратыш, Дар’і Бойка, Алены Веляскевіч, Яўгеніі Якубовіч, Анастасіі Мусіка і Алесі Сумар. А колькі захаплення выклікалі юныя танцоры Віка Цяльпук і Коля Сімончык! Людзі разыходзіліся з адной думкай: “Такога цудоўнага свята будзем чакаць яшчэ!”.