Школьный дневник

Адлюстраванне душы

galina-brezina

Дзіўныя людзі жывуць з намі побач. Пакуль некаторыя ходзяць, апусціўшы погляд у зямлю, падлічваючы, колькі грошай сёння пакінуць у магазіне, забіваюць свой мозг негатывам з тэлевізара або проста абмяркоўваюць з суседкай хто жаніўся, хто нарадзіўся… У гэты час іншыя заміраюць ад захаплення ці дзеляцца самым кранаючым з глыбінь свайго жыццёвага вопыту…

Пра такіх кажуць – «Майстар на ўсе рукі»… Галіна БРЭЗІНА (на здымку – крайняя злева) нарадзілася і вырасла ў Дзятлавічах. У вёсцы яна вядома не толькі як школьны настаўнік, але і як мама пяцярых дзяцей, паэт, аўтар і выканаўца песень, неабыякавы чалавек з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй. Будучы школьніцай, марыла стаць журналістам. Але не хапіла ўсяго нічога – два балы, якія павярнулі жыццё ў зусім іншы бок. Пасля прыезду са сталіцы абітурыентка прыняла статус жонкі. Уладкавалася выхавацелем у дзіцячы сад, потым працавала ў інтэрнаце пры Дзятлавіцкай школе, а пасля перайшла ў групу падоўжанага дня. Нарадзіліся дзеткі: Віктар, Вікторыя, Станіслаў, Аляксандра і Ціхан.

– Памятаю, як яшчэ ў школе з сяброўкамі дзяліліся сваімі таямніцамі і жаданнямі. Тады жартам сказала, калі раптам не атрымаецца паступіць, выйду замуж і нараджу 5 дзяцей. Як у ваду глядзела! Ні пра што не шкадую.Тым больш заўсёды марыла, што мой дом будзе напоўнены дзіцячым смехам. Сям’я – тое, дзеля чаго жыву, чым дыхаю…

Пазней Галіна Уладзіміраўна закончыла завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымала дыплом настаўніка геаграфіі, але засталася на ранейшай пасадзе. І знайшла сябе ў народнай творчасці, вышыванні, вязанні. Не прадстаўляе ні дня без спеваў.

– Песня для мяне – лекі для душы. – Спяваю ўвесь час, – дзеліцца жанчына. – Абед рыхтую, у хаце прыбіраю і нават калі сум наплыве – таксама спяваю. Жыццё ж бясхмарным не бывае – усё здараецца. А заспяваеш – і ўсё дрэннае адступае.

Не дае загінуць настаўніца і мясцоваму дыялекту. Неабыякавыя жыхаркі вёскі дапамаглі сабраць матэрыялы народнай творчасці. Неўзабаве на базе школы арганізавала фальклорнае аб’яднанне “Дзятлавіцкі падлесак”. Разам з дзецьмі аднаўляюць традыцыі і абрады вяскоўцаў, развучваюць і спяваюць спрадвечныя песні.

– Наша беларуская культура вельмі адметная, годная, прыгожая, і згубіць яе нельга. Яна павінна жыць, няхай і на аматарскім узроўні. Бог даў нам зямлю, мову, нацыю, даў культуру, і мы не маем права ад гэтага адмовіцца, мы па-вінны захаваць наш скарб і несці яго далей. Нездарма ж кажуць: людзі, якія не памятаюць сваіх каранёў – не могуць мець і будучыні.

Дзякуючы намаганням Галіны Уладзіміраўны ў вёсцы былі ўсталяваны паклонныя крыжы. Разам з мужам Анатолем напярэдадні Новага года заходзяць з віншаваннямі ў госці да маленькіх дзятлаўчан. А сёлета сям’я наладзіла ў сябе на падворку свята нацыянальных культур, дзе прысутнічалі не толькі мясцовыя гурты, але і з розных рэгіёнаў і краін.

– Я вельмі шчаслівая мама і жонка. Безумоўна, прайсці выпрабаванні і складанасці не змагла б, каб не адчувала падтрымку мужа. Ён – мужчына з залатым характарам і залатымі рукамі. Дом пабудаваў сам, а наш падворак, ведаючы маю слабасць да ўсяго аўтэнтычнага, зрабіў у народным стылі.

Душэўны спакой Галіна Уладзіміраўна знаходзіць, выкладваючы свае думкі на ліст паперы.

– Вершы нарадзіліся – і іх трэба выпускаць на волю. Яны не складаюцца спецыяльна, проста прыходзяць, кладуцца радкамі хутка, калі душа поўная пачуццямі, і не пішуцца, калі няма нічога.

Слухаючы яе творы, акунаешся ў цёплы паэтычны свет пявучасці, тонкіх адценняў, лірычных вобразаў. Яна шчодра дзеліцца ўсім, што кранае душу. Гэта размова пра каханне і прыроду, аб пражытым і сучасным. Вершы нібы прашытыя нябачнай чырвонай ніткай з яе біяграфіяй. Нітка можа расцягнуцца або зблытацца, але ніколі не парвецца. Бо Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена, што б дрэннага ў жыцці не адбывалася, усё абавязкова стане «на круги своя». А яшчэ трэба проста навучыцца заўважаць маленькае шчасце ў самых простых рэчах.


Эх, жыццё!..

Эх, жыццё ж маё, жыццё,
Шытае клінамі,
Бласлаўлённае навек
Сонцам і вятрамі.
Пазалочана душой
Вольнай, спелай нівы,
І ўспетае табой,
Лесу гаманлівы.
Шчыра ўквечана ільном,
Васілёчкам мілым,
І ахутана крылом
Бусла шызакрылым…
Эх, жыццё ж маё, жыццё,
Шытае клінамі,
Бласлаўлённае зямлёй,
Небам, туманамі…


Падрыхтавала Наталля Арашкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть