Апошні званок, першы экзамен, баль выпускны…
Школьный дневник

Апошні званок, першы экзамен, баль выпускны…

Дворец СШ 2015Гэтыя тры падзеі сёння вызначаюць жыццёвы рытм 645-ці выпускнікоў 34-ох школ раёна. Шчымлівае развітанне з дзяцінствам, якое азнаменаваў апошні званок, па традыцыі ў кожнай школе стала прыгожым святам, да якога рыхтуюцца з асаблівым пачуццём.

Пашчасціла пабываць у Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школе. Сёлета апошні залівісты званок прагучаў тут для дваццаці выпускнікоў. Юнакоў і дзяўчат, якія яшчэ ўчора былі проста дзецьмі, а сёння — стаяць на парозе дарослага жыцця, сустрэлі цёплымі апладысментамі. Віншавальныя словы прагучалі з вуснаў дырэктара навучальнай установы А.С. Янкевіча, класнага кіраўніка Н.Ф. Коўшык, першых настаўніц С.Ф. Ногач і Л.В. Астаповіч. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў са знамянальнай падзеяй прысутных павіншавала галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Т.П. Вайцяхоўская. Наказ на дарогу ад бацькоў даў Л.П. Бастынец.

Некалі адзін з высокіх чыноўнікаў, пабываўшы ў Дварэцкай СШ, заўважыў: “Абавязкова трэба, каб у школы быў не толькі прыгожы і дагледжаны будынак, а была душа”. Заяўляю адказна: у Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школе душа ёсць. Трэба было бачыць, з якім натхненнем сустракалі вучні і настаўнікі кожнае паведамленне дырэктара пра ўзнагароджанне лепшых вучняў школы. Па традыцыі падведзены былі і спартыўныя вынікі навучальнага года. Лепшымі спартсменамі сталі адзінаццацікласнікі Мікалай Ванюк і Кацярына Сумарэвіч, а лепшым спартыўным класам прызнаны 11 клас.

Узнагароджанне дало пачатак яшчэ адной старонцы свята. У азнаменаванне працягу добрых спартыўных традыцый па ініцыятыве Федэрацыі футбола Беларусі і “Белінвестбанка” кожнаму першакласніку быў уручаны футбольны мяч. Атрымалі яныі падарункі і ад выпускнікоў, якія, перадаўшы эстафету школьных спраў, адпусцілі ў неба паветраныя шары — сімвал ажыццяўлення запаветных мараў.

Заключнай ноткай стала выкананне гімна школы. Яго спявалі разам — вучні, настаўнікі, бацькі (многія з іх учора таксама быілі вучнямі Дварэцкай СШ). Спявалі з упэўненасцю, што яшчэ не адно пакаленне дварэцкай дзетвары ўславіць родную школу.

— Мы спадзяемся, што кожныі з сёлетніх адзінаццацікласнікаў, а выпуск дастаткова моцны, знойдзе сваю шчаслівую сцяжынку ў жыцці, — сказаў пасля ўрачыстасці дырэктар школы Андрэй Янкевіч. — Ва ўсялякім выпадку мы шчыра ў гэта верым. Як верым і ў тое, што палепшыцца дэмаграфічная сітуацыя ў нашых вёсках, і Дварэцкая школа зноў верне вядомасць адной з самых буйных у раёне. Сёння ў нас 255 вучняў, а 30 год таму было 780. Будуць нараджацца дзеці — будуць павялічвацца сем’і. А яны — надзейнае будучае нашай цудоўнай краіны.

Таццяна ПЯТРОВА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть