Школьный дневник

Калядны баль

сабраў юных і дарослых лунінчан на Стары Новы год у сярэдняй школе №2 райцэнтра. Мерапрыемства такога маштабу тут прайшло ўпершыню, і, трэба заўважыць, дэбют аказаўся паспяховым!

Яшчэ да пачатку святочнай праграмы ў вучняў і іх бацькоў быў час, каб пазнаёміцца з выставамі. Іх было шмат. На першым паверсе ўвагу прыцягвалі разнастайныя навагоднія дрэвы, вырабленыя з падручных матэрыялаў, на другім – ілюстрацыі “Я малюю зіму” і кнігі праваслаўнай тэматыкі. Даволі хутка разышліся білеты бяспройгрышнай латарэі, якія можна было набыць у бібліятэцы.

Неўзабаве гледачы запоўнілі актавую залу. На працягу мера-прыемства то тут, то там зіхацелі ўспышкі фотаапаратаў, мабільных тэлефонаў. Шчаслівыя мамы і таты, брацікі і сястрычкі імкнуліся занатаваць на памяць выступленні сваіх дзетак, якія парадавалі сапраўды прыгожымі песнямі, яркімі касцюмамі, вясёлымі танцамі і тэатральнымі пастаноўкамі. Шчырымі словамі павітаў сабраўшыхся настаяцель Свята-Параскевінскага храма аг. Бастынь іерэй Іаан Пятрэнка. Ён заклікаў усіх радавацца Нараджэнню Хрыстову так, як мы радуемся дню нараджэння асабістаму ці нашых блізкіх. А яшчэ пажадаў ніколі не развітвацца з Богам у сэрцы, заўсёды захоўваць у душы веру, надзею і любоў.

Граматы Каляднага балю знайшлі сваіх уладальнікаў. Асобна ўшанаваны партнёры свята: узорныя калектывы – камерны ансамбль “Канцэрціна” дзіцячай школы мастацтваў г. Лунінца (мастацкі кіраўнік Вольга Белавус, канцэртмайстар Галіна Яскевіч) і клуб сучаснага бальнага танца “Мірыданс” на чале са Святланай Галка з ЦДТ райцэнтра.

У праграме былі тры намінацыі – “Святло Каляднай Зоркі”, “Давайце, сябры, адзін аднаму жадаць дабра!” і “Зімовай казкай надышло Ражство”. У кожнай з іх вызначалі пераможцаў у конкурсах чытальнікаў вершаў, песень і тэатралізаваных пастановак. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі з ліку гаспадароў: Кацярына Мігалевіч, Дар’я Рыхцер, Лізавета Гулек, Паліна Ліхтар, Раман Савіч, Ганна Яскевіч, Валерыя Яшэня, музычны калектыў “Планета дзяцей” (мастацкі кіраўнік Таццяна Шульжык), вучні 6-10 класаў, выхаванцы Валянціны Мігалевіч (2 “Г” клас) і Надзеі Вярэніч (5 “В” клас), а таксама госці з гімназіі г. Лунінца – Анастасія Казун, Таццяна Прыбаровіч, Мілана Луцкая, Наталля Камандзіс, Анжаліка Пахолак і Ангеліна Грушэўская.

Калядны баль-2018 закончыўся. Спадзяемся, добры пачын абавязкова будзе мець працяг у 2019-ым!

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть