Школьный дневник

Мелодыя развітання

IMG_6815

Мелодыя развітання гучала ў мінулую пятніцу па плошчы Леніна ў райцэнтры. Яе стваралі выпускнікі-2016. Былі ў ёй ноткі радасці і суму. 248 гарадскіх 11-класнікаў развітваліся з навучальнымі ўстановамі. На раённым выпускным балі яны, прыгожыя і акрыленыя, у апошні раз  былі школьнікамі. Яшчэ     не вядома, як складзецца іх будучыня, куды выведзе лёс, аднак яны ўжо ступілі на дарогу дарослага жыцця. Пачынаецца сур’ёзнае спаборніцтва,    дзе будуць пераможцы і, на жаль, пераможаныя.

Жыццё развядзе іх, раскідае. Некаторыя, магчыма, ужо ніколі і не сустрэнуцца. Хіба толькі знойдуць адзін аднаго на старонках у інтэрнэце, успамінаючы шчаслівыя імгненні дзяцінства. Побач яны застануцца толькі на здымках і відэа – вясёлыя, бесклапотныя, крыху разгубленыя і ўсхваляваныя.

Але пакуль аднакласнікі аб гэтым не думаюць. Яны яшчэ разам. Прымаюць цёплыя шчырыя віншаванні ад старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Раковіча, настаўніцы Аксаны Хомка, начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэя Лукашэвіча, які выступаў ад імя бацькоў, і выпускніка Аляксандра Каховіча. 22 юнакі і дзяўчаты – Мікалай Богдан, Ганна Коўшык, Алеся Лукашэвіч, Аляксандра Мшар, Ганна Сямейка, Ангеліна Тарчыла з гімназіі, Аляксандр Каховіч, Максім Мелехавец, Крысціна Сыцэвіч з СШ №2, Ангеліна Віднікевіч, Марына Чэкун з СШ №3, Карына Калянковіч, Вольга Караваевіч, Наталля Марза, Анастасія Чырэц з СШ №4, Дзмітрый Кавалевіч і Вікторыя Ярмольчык з Багданаўкі, Ганна Скіба з Бастыні, Дзіяна Занцэвіч з Велуты, Дар’я Гарадкавец з Дубаўкі, Вольга Мацкевіч з Дзятлавіч і Анжаліка Насковіч з Любачына – трымаюць у руках высокую ацэнку сваёй працы – залатыя і сярэбраныя медалі. Побач – выкладчыкі, якія сёлета ўдастоены высокага звання “Мой любімы настаўнік” – Аксана Хомка з СШ №1, Надзея Вярэніч з СШ №2, Святлана Яцушкевіч з СШ №3, Таццяна Мшар з СШ №4, Васіль Граблюк з гімназіі.

11-класнікі танцуюць прыгожы школьны вальс, дораць свае песні настаўнікам і бацькам. Яны абяцаюць памятаць аднакласнікаў і педагогаў, наведвацца ў школу, якая дала ім моц і ўпэўненасць, быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

…Адпушчаныя ў вольны палёт, паветраныя шары забралі з сабой бесклапотнае  дзяцінства. І пакуль рознакаляровыя плямкі не зліліся з небам, па горадзе разлівалася  мелодыя нестарэючага школьнага вальса…

Святочным шэсцем выпускнікоў-2016 пад гукі духавога аркестра г. Жыткавічы адкрыўся ў Мікашэвічах развітальны школьны баль. 113 юнакоў і дзяўчат, а таксама іх педагогаў з бацькамі, віталі землякі розных узростаў.

Мнагалюдна было і на плошчы каля Палаца культуры РУВП «Граніт», дзе галоўныя героі дня па спецыяльнай чырвонай дарожцы пад апладысменты гараджан накіраваліся ў канцэртную залу. Дарэчы, арганізатары свята папрацавалі на славу, як пры падборы арыгінальных упрыгожванняў для памяшкання, так і распрацоўцы праграмы вечара. На працягу амаль трох гадзін выступленні прадстаўнікоў улады, гасцей свята і іншых афіцыйных асоб выдатна дапаўнялі самадзейныя артысты.

Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. Ён уручыў медалі выпускнікам гімназіі імя У. Нядзведскага Алёне Верамейчык і Андрэю Ярашэвічу, пажадаў усім выпускнікам рэалізацыі самых адважных планаў і задумак.  А яшчэ – памятаць аб тым, што іх ведам, атрыманым у розных універсітэтах, інстытутах, каледжах і вучылішчах рэспублікі, заўсёды знойдзецца практычнае прымяненне на Лунінеччыне.  Разглядаць малую радзіму ў якасці адпраўной кропкі ў кар’еры заклікала будучых маладых спецыялістаў старшыня гарвыканкама Галіна Сыцэвіч. Радаснымі, аптымістычнымі нотамі былі напоўнены віншаванні класных кіраўнікоў і спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Яраховіч, якая ўручыла граматы пераможцам конкурсу «Мой любімы настаўнік». Сёлета імі сталі Наталля Баброўнік (СШ №2), Наталля  Ясеня (СШ №1), Тамара Гваздзіцкая (гімназія імя У. Нядзведскага).

Потым на сцэну паднімаліся выпускнікі, якім дырэктары гарадскіх устаноў адукацыі сумесна з намеснікамі ўручалі атэстаты. Аб тым, што юнакі і дзяўчаты ў школьныя гады не толькі вывучалі розныя прадметы, але творча развіваліся, прадэманстравалі ў танцавальных пастаноўках. А яшчэ яны спявалі і дэкламавалі вершы.

Яркімі, арыгінальнымі і запамінальнымі былі і канцэртныя нумары выхаванцаў клуба спартыўна-бальных танцаў «Мірыданс» г. Лунінец, харэаграфічнага ансамбля «Эдэльвейс» Палаца культуры РУВП «Граніт» і іншых калектываў мастацкай самадзейнасці. Мора разнастайных эмоцый падарылі песні Таццяны Кіслюк, Сняжаны Соц, Эрыкі Дземідовіч і іншых вакалістаў…

Завяршыўся гарадскі школьны баль традыцыйна. Усе 113 выпускнікоў-2016 адпусцілі адначасова ў неба рознакаляровыя паветраныя шары. Яны ўзляцелі ўвысь лёгка і павольна. Так няхай і дарослае жыццё для ўчарашніх школьнікаў складаецца як мага лепш, а вецер дзьме толькі спадарожны!

IMG_6909

выпуск 2016 02 выпуск 2016 03 выпуск 2016

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть