Новыя зорачкі
Імі штогод папаўняецца скарбніца талентаў нашай школы падчас раённага конкурсу харавых, аркестравых, харэаграфічных калектываў, ансамбляў і іншых малых формаў музыцыравання.
У праграме з трох аддзяленняў прынялі ўдзел вучні з Лунінца, Мікашэвіч, Кажан-Гарадка, Палескага і Дварца. У намінацыі “Інструментальная творчасць” увесь п’едэстал гонару занялі прадстаўнікі нашай школы. Перамогу святкаваў дуэт скрыпачоў у складзе Ганны Белавус і Валерыі Бузынчык (мастацкі кіраўнік В.А. Белавус). Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны піяністы Арына Курыловіч і Алеся Заяц (Г.І. Яскевіч). Заслужанае трэцяе месца – у скрыпачоў Дар’і Яворскай і Валерыі Юрцэвіч. За ўдзел адзначаны ансамбль “Алегра” (А.У. Коўшык) і цымбалісты Палескай дзіцячай школы мастацтваў (Т.А. Яфімава і І.Л. Рудніцкая).
У намінацыі “Харавыя спевы” не было роўных лунінецкім хору малодшых класаў (М.В. Корчык і Л.М. Корчык), старэйшых (Ю.У. Бузынчык і Г.І. Яскевіч) і харавой групе (Ю.У. Бузынчык і Т.В. Калешка). Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі вучні з Мікашэвіч (Я.А. Ткачук, Ю.В. Карэнковіч).
Танцавальны калектыў класаў Палескай ДШМ “Забава” (С.С. Дуньчык) прымаў віншаванні ў намінацыі “Харэаграфічны накірунак”.
Трэба адзначыць, што ўдзел у падобным музыцыраванні садзейнічае развіццю творчых здольнасцей кожнага дзіцяці, іх эстэтычнага густу, выхоўвае камунікатыўнасць. Усе канкурсанты і слухачы атрымалі масу станоўчых уражанняў і эмоцый.
Алена ПЯТРЭНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай часці Лунінецкай ДШМ.