Сагрэе дзетак «Светлячок»
Больш як 20 год Святлана Кіевіч працуе настаўніцай пачатковых класаў у Язвінскай СШ. І столькі ж часу ў школе існуе лялечны гурток, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў юных вяскоўцаў.
– Заўсёды любіла лялькі, – прыгадвае Святлана Фёдараўна. – Самыя першыя спецыяльна для мяне пашыла мама. Ініцыятарам стварэння маленькага школьнага тэатра стала Ларыса Багамолава. З архіва старэнькай бібліятэкі нам перадалі пальчаткавыя лялькі. І справа, як кажуць, пайшла на лад! Шмат даведачнай літаратуры па тэматычным гуртку пакінула ў спадчыну Людміла Аляксандраўна Агафонкіна – цяпер жыве толькі ў памяці педагогаў… У сучасных умовах работы знайсці і падабраць казачны сцэнарый не складае асаблівай цяжкасці. Дапамагае з кансультацыямі і стварэннем тэатральных дэкарацый мастацкі кіраўнік нашага Дома культуры Галіна Абрамчук. І, вядома, нічога не атрымалася б без падтрымкі адміністрацыі навучальнай установы.
Сёння ў гуртку Святланы Фёдараўны займаюцца вучні 1-5 класаў. Яны падрыхтавалі чатыры цікавыя пастаноўкі. Гісторыя “Дапамажыце Дракошы” накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця. Быць добрымі вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак “Казка пра рыбака і дракона”. Зусім не традыцыйны сэнс закладзены ва ўсім вядомую “Рэпку”. Паколькі ўдзельнічаюць у ёй самыя маленькія вяскоўцы, то задачу педагог дадатковай адукацыі паставіла аналагічную – развіццё мовы і згуртаванне калектыву. Гэта ўдаецца, тым больш, што малышы расказваюць казку па-беларуску! Мяркуючы па дружных апладысментах гледачоў, ім падабаецца яшчэ адна пастаноўка “Лісіца-вучаніца”, галоўную гераіню якой чакаюць незвычайныя прыгоды.
Як у сапраўдных артыстаў, у “Светлячка” ёсць свае гастролі. Удзел у разнастайных конкурсах і фестывалях прыносіць поспехі. Скарбонка ўзнагарод стракаціць дыпломамі, падзякамі і пахвальнымі водгукамі, прывезенымі з абласнога агляду “Тэатральны прыстанак”, школьнага параду зорак “Вясёлка талентаў”, раённых педагагічных чытанняў “Праваслаўная культура – неад’емная частка духоўна-маральнага выхавання асобы” і інш.
У Святланы Кіевіч шмат планаў і цікавых задумак на будучае. Няхай усе яны абавязкова ажыццявяцца!
НА ЗДЫМКУ: з любімымі цацкамі Дар’я СУМАРЭВІЧ, Ганна ЯРМОЛЬЧЫК, Антон КАЛЮЦІЧ, Аліна КУСОВІЧ, Сяргей АРЭШКА, Дзмітрый ГЕРМАНОВІЧ і Максім КОЛБІК.