Як у Лунінскай-яслі-сад-СШ Каляду сустракалі
Каляда – вельмі любімая традыцыя сярод дзяцей. Ёсць такі звычай і у Лунінскай яслі-сад-сярэдняй школе.
З народнымі абрадамі нас пачынаюць знаёміць з малога ўзросту. Вось і сёлета ўсе работнікі яслі-сада разам з выхаванцамі старэйшай групы падрыхтавалі цікавае прадстаўленне. Дзеткі, апранутыя ў яркія касцюмы казы, мядзведзя, бабы, дзеда, цыганкі і іншых персанажаў, пад кіраўніцтвам Людмілы Ганчарык і Лідзіі Салуйчык адправіліся шчадраваць. Маленькія артысты неслі прыгожую калядную зорку, віншавалі ўсіх са святам, спявалі, а таксама паказалі сцэнку “Каза і мядзведзь”.
Вядома, што калядоўшчыкі – самыя дарагія госці. Таму яны пабывалі не толькі ў нас, але і парадавалі цудоўным выступленнем работнікаў сельвыканкама і ААТ “Лунінскі”, якія сустрэлі іх смачнымі ласункамі.
Гэты святочны час стаў для маленькіх выхаванцаў яркім і запамінальным, даў падрастаючаму пакаленню магчымасць не толькі павесяліцца, але і дапамог лепей зразумець народныя традыцыі.
Мілана МАРТЫНКОЎСКАЯ,
вучаніца 11 класса Лунінскай яслі-сад-СШ.