Святлана ХЛЕБУС: «Традыцыі важна берагчы ў сям’і»
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы, лідар жаночага руху на Лунінеччыне Святлана ХЛЕБУС расказала, чаму, па яе меркаванню, у Канстытуцыі важна замацаваць паняцце шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.
– Яшчэ пры падрыхтоўцы праекта беларусы актыўна выказвалі свае меркаванні і ініцыятывы на дыялогавых пляцоўках, – заўважыла Святлана Іванаўна. – Такія праходзілі і ў нашым рэгіёне. Высокую ступень зацікаўленасці праяўляюць землякі, абмяркоўваючы змяненні і дапаўненні.
Сярод важных момантаў лічу норму аб замацаванні паняцця шлюбу як саюза жанчыны і мужчыны. Упэўнена, што так правільна і павінна быць, думаюць практычна ўсе жыхары Лунінеччыны. Хаця раз-пораз з тэлевізійных і інтэрнэтаўскіх крыніц даводзіцца чуць, што сям’ю ствараюць людзі аднаго полу. Больш таго, ім дазваляюць заводзіць дзяцей, лічачы, што тыя змогуць даць годнае выхаванне. Але ж навошта нам чужыя арыенціры?! Мы заўсёды стаялі на абароне традыцыйнай сям’і, мацярынства, бацькоўства. Самабытнасць і ўнікальная народная спадчына – вось што перадавалася з пакалення ў пакаленне. Ні ў якім разе нельга ад гэтага адыходзіць! Страцім каштоўнасць сям’і, страцім краіну! А яна ў нас, як вядома, адзіная і любімая, і любоў гэтую з сэрца не вырваць!
Спадзяюся, і надалей у абноўленай Канстытуцыі будуць замацаваны такія сацыяльныя гарантыі, як бяс-платныя медыцына і адукацыя. Да таго ж, пашырацца абавязкі бацькоў па выхаванні дзяцей. У Асноўным законе дарослых абавяжуць рыхтаваць сыноў і дачушак да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. Я вырасла ў Савецкім Саюзе, і любыя справы ішлі на карысць. Мы дапамагалі пажылым людзям, займаліся валанцёрствам, ад чаго атрымлівалі маральнае задавальненне. Зараз некаторыя падлеткі растуць, як ні прыкра гучала б, спажыўцамі. Чакаюць, што нехта прыйдзе і зробіць за іх. Вось чаму новы пасыл даволі актуальны. Праца яшчэ нікога не сапсавала.
Правільным лічу ўдакладненне наконт таго, што дзяржава будзе садзейнічаць духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, створыць неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу юнакоў і дзяўчат у інтарэсах усяго грамадства. Сапраўды, энергіі і запалу маладым людзям не займаць. Важна іх накіраваць у патрэбнае рэчышча.
Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.