Общество
“ТЭРА ІНКОГНІТА” ДЛЯ ТУРЫЗМУ
Брэстчына багата на маляўнічыя краявіды, цікавыя прадпрыемствы, архітэктурныя і гістарычныя помнікі. Велізарны патэнцыял захоўвае ў сабе і зямля Лунінеччыны, унікальныя мясціны якой пры правільнай маркетынгавай палітыцы ператворацца ў сапраўдныя жамчужыны, як рэгіёна, так і рэспублікі. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства спорту і турызму, прысвечанага рэалізацыі Дзяржаўнай комплекснай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся ў сферы турызму.
Месцам збору прадстаўнікоў Беларусі стаў санаторый «Світанак» РУВП «Граніт», дзе іх сустракала хлебам-соллю лунінецкая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Рафаловічам.
Як з максімальнай выгадай выкарыстоўваць наяўныя прамысловыя і спартыўна-турыстычныя аб’екты? Што зрабіць, каб актывізаваць не толькі мясцовы турызм, але і зацікавіць гасцей з блізкага і далёкага замежжа? Якімі спосабамі прыцягнуць фундатараў для будаўніцтва сучасных камфартабельных гасцініц, якіх пакуль недастаткова? Гэтыя і іншыя праблемы, як канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, сёння вельмі актуальныя для Брэстчыны. Тым не менш, ёсць і пэўныя поспехі. Так, наша вобласць, разам з Гродзеншчынай, увайшла ў спецыяльную міжнародную праграму па падтрымцы прадпрымальніцтва ў сферы аграэкатурызму.
Пазнаёміўшыся з тэрыторыяй санаторыя, удзельнікі мерапрыемства адправі-ліся ў кар’ер РУВП «Граніт». На назіральнай пляцоўцы аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў краіны госці не хавалі захаплення ад панарамы, якая адкрылася перад вачамі. Не дзіўна, што іх цікавілі самыя разнастайныя звесткі – ад колькасці гарызонтаў да памеру заработнай платы працаўнікоў. А яшчэ – магчымасць арганізаваць наведванне турыстамі гэтага ўнікальнага прадпрыемства, як ужо зроблена на «Беларуськаліі». На ўсе пытанні галоўны інжынер «Граніта» Валерый Батура даў вычарпальныя адказы.
Працягвалася калегія ў Лунінцы. Госці пазнаёміліся з арганізацыяй работы паромнай пераправы. Аб перавагах новага збудавання расказаў начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў. Дырэктар ДПУ «Заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць” і «Лунінскі” Васіль Мардухай не толькі азнаёміў з прапаноўваемымі паслугамі эколага-краязнаўчага цэнтра, але і правёў жадаючых па турыстычнай сцяжыне. Прадстаўнічая дэлегацыя на кацерах адправілася і на Столінскі бок, дзе наведала аналагічны цэнтр. Ёсць свой экалагічны маршрут і каля доміка паляўнічага на Кноры. Арганізацыя тураў выхаднога дня, паляўнічых і рыбалоўных прыносіць дадатковыя фінансавыя асігнаванні ў дзейнасць ДЛГУ «Лунінецкі лясгас”. Аб гэтым расказаў дырэктар Вячаслаў Торчык.
Зусім хутка першых наведвальнікаў прыме плавальны басейн «Дэльфін”. Як адзначыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, ён стане сапраўдным спартыўна-культурным збудаваннем Лунінца – тут можна будзе не толькі паплаваць, але і пабываць у парылках, пагуляць у більярд, пазаймацца на трэнажорах ці проста адпачыць у кафэ. Прыемна былі ўражаны госці і стадыёнам «Палессе”.
Падвядзенне вынікаў калегіі прайшло ў кінатэатры «Кастрычнік”. Прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, аблвыканкама, розных зацікаўленых ведамстваў абмеркавалі шляхі далейшага развіцця Прыпяцкага Палесся, прыцягнення турыстаў і папулярызацыі спартыўна-аздараўленчых паслуг сярод насельніцтва.