Травы ўбіраць, якасць не губляць
ОбществоАгропром

Травы ўбіраць, якасць не губляць

Цёплым і па-сапраўднаму летнім выдаўся чэрвень. Перад аграрыямі раёна стаіць сур’ёзная задача – прыбраць травы першага ўкосу ў сціслыя тэрміны, якасна, без страт. Каб справіцца з гэтым, важна не ўпусціць ні дня.

Корманарыхтоўшчыкі дзяржаўнага прадпрыемства “Велута” завяршылі першы ўкос траў. Расказвае дырэктар Іван Грыцкевіч:

– На зімова-стойлавы перыяд для жывёлы трэба нарыхтаваць нямала травяных кармоў, у прыватнасці, сена – 600 тон, сенажу – 7000 тон. Плюс яшчэ закласці ў траншэі сілас з кукурузы і пасеваў кармавых сумесяў. Імкнуліся хутчэй завяршыць першы ўкос, каб травы не перастойвалі пад сонцам, губляючы свой патэнцыял. І мы справіліся з гэтай задачай. З першага ўкосу заклалі 6478 тон сенажу. Травы ў гэтым годзе значна лепшыя, чым у мінулым. Каб не гублялася якасць, пастараліся прыбіраць іх у аптымальны тэрмін. Для гэтага ў гаспадарцы створаны механізаваны атрад пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Пятра Каховіча. У нас вопытныя спецыялісты, якія ўжо не адзін год займаюцца гэтай важнай справай. З першых дзён у залежнасці ад умоў надвор’я яны ўмела манеўруюць тэхнікай. Для корманарыхтоўшчыкаў распрацаваны меры матэрыяльнага заахвочвання, наладжана тэхнічнае абслугоўванне агрэгатаў…

Каб сянаж быў якасным, неабходна выконваць тэхналогію закладкі. І тут многае залежыць ад трамбоўкі зялёнай масы. На гэтай важнай тэхналагічнай аперацыі працаваў Уладзімір Хамяня. У гаспадку прыйшоў вадзіцелем у 1989 годзе. Улічваючы запатрабаванасць у механізатарах, перасеў на трактар. І аб гэтым не шкадуе. Яго стараннасць і прафасіяналізм неаднаразова адзначаліся як кіраўніцтвам прадпрыемства, так і на раённым узроўні. У гэтым годзе яго намініравалі, як лепшага работніка гаспадаркі, што задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў. Павіншаваць яго, а таксама ўручыць Падзячнае пісьмо і прэмію прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Барыс Абравец і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть