Общество

Цукровыя шэдэўры

тортикСучасны кандытар – гэта не проста прафесіянал сваёй справы. Ён яшчэ мастак, скульптар, фларыст, дызайнер. Пацвярджэннем гэтаму стаў абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў ААТ “Берасцейскі пекар”, які праводзіўся на Лунінецкім хлебазаводзе – філіяле акцыянернага таварыства.
Раней падобныя конкурсы ладзіліся на тых прадпрыемствах, дзе кандытарская вытворчасць мае шырокі размах, – у Брэсце, Баранавічах, Кобрыне. Лунінец упершыню стаў пляцоўкай для абласных спаборніцтваў, таму работнікі хлебазавода хаця і

кондитер

хваляваліся, але вельмі адказна падышлі да яго арганізацыі.
Канкурсантаў вітаў генеральны дырэктар ААТ “Берасцейскі пекар” Леанід Брыч. Аб умовах спаборніцтваў нагадала яго намеснік па якасці Надзея Мукасей. Пасля гэтага кандытары накіраваліся да працоўных месцаў.
Нягледзячы на тое, што для ўдзелу ў конкурсе было заяўлена толькі 6 чалавек, ён не згубіў харызмы, азарту барацьбы і сапраўднай прыгажосці.
Пакуль дзяўчаты “варажылі” над сваімі шэдэўрамі, дырэктары філіялаў і тэхнолагі з цікавасцю выслухалі прапанову прадстаўнікоў філіяла “Полацкае піва” ААТ “Белсолад”, якія падзяліліся навінкай сваёй вытворчасці – соладавым экстрактам. У хлебапякарнай прамысловасці яго таксама можна выкарыстоўваць. Пры гэтым прадукцыя набывае палепшаны смак, водар, павялічваецца тэрмін яе захоўвання. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць прадэгусціраваць прадукт. Акрамя гэтага, кожны завод атрымаў у падарунак па 3 віды экстракту, каб у лабараторных умовах высветліць, наколькі эфектыўна яго прымяненне ў вытворчасці хлебабулачных вырабаў.
Не сакрэт, што зараз ва ўмовах рынку хлебапякарныя прадпрыемствы паралельна выпускаюць салодкія прысмакі. Так, Лунінецкі хлебазавод наладзіў выпуск пернікаў, казінакаў, лукума, тортаў і іншых ласункаў. А месяц таму тут пачалі вырабляць зефір. Як працуе цэх, госці ўбачылі на свае вочы. На першы погляд, асаблівай складанасці тут няма, але дырэктар Канстанцін Аліфяровіч зазначыў, што важны як дакладны тэхналагічны працэс, так і захоўванне тэмпературнага рэжыму. Магутнасць новага цэха – 180 кілаграмаў прадукцыі ў суткі. Працуе тут 2 змены па два чалавекі. Прадукцыю можна набыць у хлебазаводскіх магазінах, але трэба спадзявацца, што ў хуткім часе яна паявіцца на прылаўках і іншых гандлёвых кропак Лунінца і вобласці.
Але вернемся да конкурсу. Пакуль госці знаёміліся з вытворчасцю, майстры сваёй справы пастараліся прадставіць арыгінальныя вырабы, якія дапамаглі адчуць атмасферу свята. Сам працэс прыгатавання прысмакаў быў не менш цікавым, чым гатовыя экспанаты, а журы мела магчымасць ацаніць усе нюансы работы канкурсантаў і даць індывідуальныя практычныя рэкамендацыі. Дзяўчаты праявілі сапраўдны дух спаборніц-тва, уменне спалучаць творчую задумку з бездакорным мастацтвам увасаблення.
Было бачна, што кандытары рыхтаваліся да салодкага конкурсу не адзін дзень. Цукровыя букеты заварожвалі сваёй непаўторнасцю. Але не магу не спыніцца на той кампазіцыі, што зроблена рукамі дзятлаўчанкі Алены Кацуба (на здымку). У недалёкім мінулым яна праслаўляла філіял “Грамад- скае харчаванне” райспажыўтаварыства, але вось ужо другі год працуе на хлебазаводзе. І трэба сказаць, паспела праславіць і яго. У жніўні яна стала пераможцай рэспублікан-скага конкурсу ў Брэсце, а ў верасні заваявала “серабро” на міжнародным – у Мінску, што праходзіў у рамках выставы “Ласунак-2014”. І вось чарговае выпрабаванне…
Вернемся да букета. Дык вось, назвала Алена Васільеўна сваю кампазіцыю “Асколкі вясёлкі”. За аснову ўзяла архідэі, як расказала кандытар, гэта – любімыя яе кветкі. У кампазіцыі сапраўды прысутнічалі ўсе колеры вясёлкі, але ад гэтага яна не падалася занадта стракатай – настолькі ўмела падышла канкурсантка да падбору каляровай гамы. Фарбы восені праглядаліся і ў яе пціфурах або як іх яшчэ называюць міні-пірожных. Торт “Салодкі шык” пакарыў сваёй пяшчотнасцю і эстэтычнасцю.
Работы астатніх канкурсантак былі таксама на вельмі высокім узроўні. Перад журы, у якое ўваходзілі прадстаўнікі кіраўніцтва і тэхнолагі акцыянернага таварыства, дырэктар РУП “Пінскі ЦСМС” Уладзімір Сергяенкаў, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Марозава, стаяла нялёгкая задача – ацаніць вытанчаныя тварэнні кандытараў і вызначыць пераможцаў. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі вырабаў былі смакавыя якасці, кансістэнцыя, кампазіцыя, разнастайнасць і крэатыўнасць.
І вось самы хвалюючы момант. Гран-пры конкурсу заваявала Валянціна Шэлянкова з Баранавіцкага хлебазавода. Дыпломам першай ступені ўзнагароджана наша зямлячка Алена Кацуба. Менавіта гэтыя кандытары, а таксама юная брэстаўчанка Вікторыя Абрамчук прадставяць Брэстчыну на рэспубліканскім конкурсе, які пройдзе ў Гродна 30-31 кастрычніка.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть