Вызначылі будучыню
Общество

Вызначылі будучыню

vybory-2016

У спакойнай абстаноўцы прайшло галасаванне на выбарчым участку №7, размешчаным у політэхнічным прафтэхкаледжы райцэнтра.

З самай раніцы да жыхароў бліжэйшых шматпавярховак адсюль даносілася вясёлая музыка. Як адзначыла старшыня камісіі Таццяна Мілюк, людзі прыходзяць на выбары з пазітыўным настроем. Усміхалася і сям’я Ванюкоў з Лунінца (на здымку), калі апускалі бюлетэні ў скрыню. Для тых, хто ўпершыню ў жыцці галасуе, тут падрыхтавалі невялікія сувеніры. Не міналі выбаршчыкі буфет, работнікі якога пастараліся здзівіць разнастайнасцю і даступным коштам ласункаў.

У абедзенны час прыехалі ў Велуту на выбарчы ўчастак №23. У камісіі паведамілі, што выбары дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь тут прызналі адбыўшыміся: прагаласавала больш як палова зарэгістраваных выбаршчыкаў. Акрамя таго, прадстаўнікі камісіі ажыццявілі два выезды да тых землякоў, хто самастойна не змог прыйсці на ўчастак. Яны пабывалі па амаль 60 адрасах у Велуце, Навасёлках і на хутары Княжыставічы. Упершыню сваім канстытуцыйным правам скарысталіся 18-гадовыя юнакі Яўген Курак, Эдуард Гардзюк і Арцём Сайко. Голас за будучыню таксама аддаў 90-гадовы юбіляр Міхаіл Клімчук.


На ўчастку №52, размешчаным у СШ №2 г. Мікашэвічы, магчымасцю прагаласаваць датэрмінова скарысталіся 620 з 1734 выбаршчыкаў, зарэгістраваных там.

Як паведаміў старшыня камісіі Генадзь Рэзановіч, у дзень выбараў асноўная частка гараджан наведала ўчастак у першай палове дня. Да поўдня сваё волевыяўленне выказала 57,2 працэнта выбаршчыкаў.
Акрамя таго, 11 верасня прадстаўнікі камісіі пабывалі на даму ў землякоў, якія па тых або іншых прычынах не змаглі дабрацца да месца для галасавання за кандыдатаў у дэпутаты.  18 з 35 наведаных чалавек – гэта жыхары вёсак Пяшчанікі і Моршчынавічы.

Высокай актыўнасцю характарызавалася і яўка жыхароў горада гранітаздабытчыкаў на ўчастку №53 у былым інтэрнаце ААТ «Спецжалезабетон».

За захаваннем заканадаўства назіралі 8 прадстаўнікоў ад грамадзян,  аб’яднанняў і кандыдатаў на дэпутацкі мандат парламентарыя.

Свой уклад у стварэнні добрага настрою ўнёс выязны гандаль філіяла «Грамадскае харчаванне», які прапанаваў вялікі асартымент кулінарных і кандытарскіх вырабаў.


vybory-2016-02

У калідоры СШ №2 г. Лунінца (участак №6) панавала спакойная атмасфера. Каля 14.00 выбаршчыкаў няшмат, у асноўным – пенсіянеры. “Найбольшая актыўнасць назіралася з 10.00 да 12.00. Прыкладна ў гэты час прагаласавала 50 працэнтаў выбаршчыкаў” – расказаў старшыня камісіі Мікалай Гарадкавец.

У СШ №4 г. Лунінца, дзе размясціўся ўчастак №8, сталі сведкамі дыялогу:

– Так, і куды гэты ліст? – спытаў пажылы мужчына, стоячы ля скрыні.
– Зверху шчылінка, туды – падказала яго спадарожніца.
Бюлетэнь хутка трапіў унутр.
– Усё ці яшчэ што? – здзівіўся дзед.
– Усё. Выканалі грамадзянскі абавязак! – урачыста прамовіла бабуля.

Падыходзячы да ўчастка №11 у Лядовай арэне, заўважаем, што нават да вечара паток выбаршчыкаў не змяншаецца: лунінчане імкнуцца паспець аддаць голас за свайго кандыдата на выбарах-2016. Паколькі раён новы, шматпавярхоўкі тут растуць як грыбы пасля дажджу. Большасць жыхароў – маладыя сем’і. Раз-пораз таты прытрымлівалі дзверы для матуль з каляскамі. Карапузы з захапленнем назіралі за бацькамі, незнаёмымі людзьмі і з усмешкамі апускалі бюлетэні ў скрыню для галасавання. Непадалёк разгарнуліся гандлёвыя рады. Усе жадаючыя маглі прадэгуставаць прадукцыю хлебазавода. Чаёк са смачным пернікам былі вельмі дарэчы: многія прыйшлі не толькі прагаласаваць, але і сустрэцца са знаёмымі, абмеркаваць навіны.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть