Жыццё пад белымі крыламі
Трыццаць два гады мінула з часу, як значную частку нашай Беларусі, у выніку тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, накрыла нябачным воку і ад таго яшчэ больш небяспечным покрывам радыеактыўнага пылу. Цяпер далёкае рэха тых падзей усё яшчэ адгукаецца на лёсах многіх жыхароў Лахаўкі, родныя і блізкія якіх, уцякаючы ад бяды, былі вымушаны пакінуць гэты ціхі, непаўторны па сваіх краявідах кут, аблюбаваны белакрылымі бусламі.
Іх буслянкі і сёння можна ўбачыць амаль на кожным электрычным слупе ўздоўж вясковых вуліц. Сваёй прысутнасцю яны нібы запэўніваюць людзей, што чорная навала адышла ў мінулае …
Вёска паступова адраджаецца. Дзякуючы клопату дзяржавы, у ёй пракладзена асфальтаваная дарога, а ў дамы прыйшло блакітнае паліва. Дарэчы, у Лахвенскім сельсавеце гэта адзіны населены пункт, жыхары якога маюць такую выгоду. А пражываюць тут 289 чалавек, з якіх 100 – працаздольнае насельніцтва, 24 – дзеці і падлеткі. Ёсць два старажылы, якія пераадолелі 90-гадовы рубеж, малалетнія вязні Таццяна Якубовіч, Іван Піліпцэвіч, Ева Яраховіч.
З 1967-га працуе ў вёсцы ФАП. Зараз яго ўзначальвае малады фельчар Алеся Клеўжыц. На дзень наведвання яна знаходзілася ў чарговым водпуску. Хутчэй за ўсё, па гэтай прычыне ў светлым прасторным памяшканні панавала цішыня, і толькі некалькі чалавек чакалі сваёй чаргі на прыём да стаматолага. Згодна з раскладам, кабінет працуе два разы на тыдзень: у паня-дзелак і пятніцу. Яго “гаспадыня” – зубны фельчар Наталля Дземідовіч – расказала, што яна замяняе пастаяннага спецыяліста, якая знахо-дзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём да 3 год. Нягледзячы на тое, што і сама выхоўвае 2-гадовую дачушку, згадзілася “ўспомніць” практыку:
– Выйшла на 0,5 стаўкі. Працую па скарочанаму графіку. Дабіраюся ў вёску з Лахвы. Хоць гэта і не вельмі зручна, але рада, што запрасілі на работу. Без пастаяннай практыкі добрым стаматолагам не стаць. А я вельмі люблю сваю прафесію і хачу быць годным спецыялістам. За 10 год работы па спецыяльнасці зразумела, што яна – маё прызванне. Пасля заканчэння Слуцкага медкаледжа пачынала ў Лагойскім раёне. Праз 8 месяцаў заканчваецца мой “дэкрэтны” водпуск. Варта было б вярнуцца на пастаяннае месца работы, але так не хочацца пакідаць родныя мясціны…
Больш як 15 год санітарны парадак у памяшканнях ФАПа і на яго тэрыторыі забяспечвае Таццяна Шасцюк. Мясцовая жыхарка выдатна ведае сваіх землякоў і перажывае, калі яны часта хварэюць.
Непадалёк ад ФАПа размешчаны магазін. Яго драўляны будынак больш сціплы, унут-
ранае памяшканне невялікае. Але, як запэўніла прадавец Вольга Уласевіч, нязручнасці гэта не стварае. У продажы – усе тавары першай неабходнасці.
– А калі чагосьці не хапае, то прадавец абавязкова возьме заяўку і неабходнае хутка даставяць, – дапоўніў Вольгу Мікалаеўну пакупнік, які зазірнуў сюды за хлебам…
Адметна Лахаўка і прадпрымальнасцю яе жыхароў. Размешчаная ўдалечыні ад шумных дарог і людской мітусні, яна з’яўляецца выдатным месцам для яднання чалавека з прыродай. Гэтую акалічнасць выкарысталі рамеснікі Анатоль Нефідовіч і Павел Канановіч, якія адкрылі аграсядзібы.
Як расказала гаспадыня адной з іх – “На прасторах Палесся” – Наталля Канановіч, ідэя аб стварэнні прыйшла выпадкова. Трэба было прадаць дом, які заставаўся ў спадчыну. Пакупнікоў доўгі час не знаходзілася, і тады Анатоль Нефідовіч прапанаваў паспрабаваць сябе ў новай справе. Муж згадзіўся. І вось ужо каторы год сям’я прымае гасцей і працуе над удасканаленнем сваёй ідэі. Адрамантавалі асноўны дом і яшчэ адзін маленькі, навялі парадак у склепе і на вялікім участку. Усё вытрымліваецца ў нацыянальным стылі. Для адпачываючых, якія не супраць пабыць на ўлонні прыроды і пры гэтым не пазбавіцца гарадскіх умоў – ёсць сучасныя выгоды. Прадастаўляецца магчымасць добра адпачыць і для тых, хто з “галавой акунаецца” ў сельскае жыццё. Асноўнае правіла – адпачынак без спіртнога. Жадаючых пабываць “На прасторах Палесся” дастаткова.
Такі сямейны бізнес Наталля Паўлаўна лічыць вельмі карысным. Агульная справа яднае сям’ю, а стасункі з новымі людзьмі даюць імпульс да самаўдасканалення.