Жывем з надзеяй на хуткія змены
Месяц таму ў сям’і Ільючык паявіліся двайняты. Акрамя немаўлят Вольга Сцяпанаўна і Васіль Іванавіч выхоўваюць яшчэ пяцёра дзетак. Усе яны туляцца ў невялікай двухпакаёвай кватэры. Здіўленая такімі абставінамі, пацікавілася ў гаспадыні, чаму іх жыллёва-бытавыя ўмовы такія сціплыя?
– Спачатку мы жылі ў Багданаўцы з бацькамі мужа. Першае дзіця нарадзіла, калі вучылася ў ВНУ. Планавала паступаць у магістратуру. Ды, самі бачыце, маё прызванне – мама, а не праца. Адпрацаваўшы два гады, пайшла ў дэкрэтны водпуск і больш на работу не вярталася, – усміхаецца Вольга Сцяпанаўна.
– А чаму пераехалі ў Лунінец?
– Мы адразу вырашылі для сябе ўладкавацца ў райцэнтры. Купілі ўчастак. У горад пераехалі якраз перад тым, як старэйшай дачцэ трэба было ісці ў школу. Спачатку здымалі жыллё, толькі хутка гаспадары запатрабавалі адтуль з’ехаць. Дзякуй добрым людзям, якія прапанавалі нам сюды засяліцца і грошай не ўзялі. У гэтай хаце мы думалі толькі перазімаваць, але вось ужо тры гады жывем.
– Як ідуць справы з будаўніцтвам дома? Крэдыт атрымалі?
– Ну як сказаць, атрымалі, – далучыўся да размовы Васіль Іванавіч. – Дом мы пачалі будаваць на ўласныя сродкі яшчэ ў 2007 годзе. За справу ўзяўся самастойна, бо як будаўнік ведаю, як паводзяць сябе на аб’екце рабочыя. Засталася толькі ўнутраная аддзелка, на што і афармлялі крэдыт. Яшчэ не ўвесь ён нам выплачаны, а калі атрымаем тое, што засталося, – невядома. Вось так і дабудоўваемся. Крыху выкройваем з сямейнага бюджэту, але ж патрэбна і на адзенне, і на харчаванне.
– Ці атрымлівалі дапамогу з боку мясцовых улад?
– Некаторы час муж не працаваў, будаваў дом. З-за гэтага не маглі разлічваць на адрасную дапамогу. Усіх дзяцей гадавалі на ўласныя сродкі. Дзіцячае харчаванне на кожнага з іх атрымлівалі толькі па паўгода. Цяпер, добра, і на двайнят аформілі. Астатнім, дзякуй Богу, на стале ёсць што паесці: бабулі дапамагаюць агароднінай. Але ж дзеткі маленькія, заўсёды штосьці смачнага ім трэба. Раней нешта сама выпякала, а тут умовы не дазваляюць. Стараемся, каб на ўсё сродкаў хапала, але ж хочацца хутчэй у сваім доме ўладкавацца. Нават дзеткі, гуляючы на будоўлі, радуюцца, што ў іх будзе свой дом і месца кожнаму хопіць. Урачы кажуць, што ўмовы для дзяцей непрыдатныя: адзін захварэе, так і астатнія далучаюцца. У райвыканкаме сцвярджаюць, што на сацыяльнае жыллё вялікая чарга. Да таго часу, як яна падыйдзе, то свой дом дабудуем. Хутчэй бы астатнюю частку крэдыту атрымаць, глядзіш – і наваселле б адзначылі.