Золата сямейнага шляху
У аддзеле ЗАГС райвыканкама працягваюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня стварэння органаў запісу актаў грамадзянскага становішча.
Наша раёнка паведамляла ўжо аб юбілейных рэгістрацыях нованароджанага і маладажонаў. І вось надышла чарга сямейных пар з вопытам. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў коле блізкіх і сяброў лунінчане Мікалай і Вольга ГРЫНЕВІЧЫ (на здымку) прымалі віншаванні з нагоды залатога вяселля. Самыя цёплыя словы ў іх адрас прагучалі ад галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Наталлі Богдан, якая ўручыла землякам памятны падарунак.
Іх лёсы злучыліся ў адзін 50 год таму. Шмат чаго было за гэты час, аднак і сёння вочы Мікалая Сцяпанавіча і Вольгі Дзмітрыеўны ззяюць цеплынёй, даверам і радасцю. Упэўнены, золата іх сямейнага шляху стане годным прыкладам як для блізкіх, так і знаёмых.