Зямлячка Мележа
Яна была першай настаўніцай Мікалая Калінковіча(18.12.1950-24.08.1990). Сёлета адзначаем круглыя даты жыцця журналіста, чэкіста, пісьменніка…
Увёсцы Цна на вуліцы 17 Верасня, дзе нарадзіўся і будучы творца, сустрэлася з Аляксандрай МАЙСАК. Уразілася, калі назвала свой узрост, — ідзе 88-мы год. Худзенькая, рухавая жанчына з кароткай стрыжкай сівых валасоў выглядае бадзёра і малажава, хаця перажыла шмат бядот.
— Мая малая радзіма — вёска Каранёўка Хойніцкага раёна, — няспешна пачала расповяд педагог з больш чым 40-гадовым стажам. — За 7 кіламетраў ад нас — Глінішчы, куды хадзіла ў школу. Менавіта адсюль Іван Мележ. У сваім рамане “Людзі на балоце” адлюстраваў многіх маіх землякоў, у тым ліку і братоў мамы па прозвішчу Глушак.
У 1949-ым Саша закончыла Мазырскае педагагічнае вучылішча. Маладую настаўніцу накіравалі ў Цну. Тут яшчэ і школы не было — займаліся па хатах.
Праз год працы яна выйшла замуж за мясцовага жыхара. З цяжкасцю пабудавалі невялікі дом, дзе хутка нарадзіліся дзве дачкі. Пасля школы настаўніцу чакалі клопаты па гаспадарцы, такія ж звычайныя, як у суседзяў-сялян. А хапала ж яшчэ і “хатніх заданняў”.
— Класы тады былі вялікія — па 40 і больш вучняў, — прыгадвае Аляксандра Рыгораўна. — Штодня цягнула па тры стосы сшыткаў — пісьмо рускае і беларускае, матэматыка. Правярала, калі ўсе спалі. Вартаўніца магазіна не раз мне гаварыла: ва ўсіх дамах вокны цёмныя, толькі ў вас святло ўсю ноч гарыць.
Цікаўлюся ў настаўніцы, ці запомніла яна Колю Калянковіча, ці вылучаўся ён нечым ад іншых?
— Усіх дзяцей помню, — здзіўляецца пытанню Аляксандра Рыгораўна. — Коля быў незвычайным вучнем. Як цяпер бачу — сядзіць на другой парце ад стала, літаральна ловіць кожнае слова. Уважлівы, так свае вочы і наставіць, што падумаеш, як больш дакладна сказаць. Таварысцкі, добразычлівы, меў многа сяброў. Наведвала яго дома — памятаю шмат фотаздымкаў, прымацаваных цвіком да сценкі, па-мойму, вядомыя спартсмены. Што яшчэ важна. Нашых жа калгаснікаў іншы раз на бацькоўскія сходы не запросіш — усе занятыя. Бацькі Колі самі заходзілі ў школу, цікавіліся вучобай і паводзінамі сына.
Аляксандра Рыгораўна даўно аўдавела. На схіле год давялося перанесці вялікае гора — ад рук бандыта загінула ўнучка-студэнтка. Працягваюць род нашчадкі малодшай дачкі — 55-гадовай Людмілы. Яна працуе медыкам у Брэсце, мае двух дзяцей і чацвёра ўнукаў. Старэйшай Святлане праз год будзе 65. Яна жыве ў Калінкавічах, працавала на чыгунцы.
— Дзеці часта наведваюць мяне, бачыце — халадзільнік і маразільнік загружаны прадуктамі, — усміхаецца суразмоўніца. — Света пастаянна і кветкі прывозіць. Бывае, пабурчу: толькі іх мне не хапае. Яна ў адказ: «Мамачка, родную зямлю трэба ўпрыгожваць».
Пануючая ў доме чысціня, абкошаная ўздоўж агароджы вуліца, праполатыя градкі, акуратна складзеныя дровы прымушаюць здзівіцца ўслых: няўжо гаспадыня з усім сама спраўляецца?
— Дапамагаюць дзеці былога дырэктара школы Мікалая Ачапоўскага. Ала з Лунінца прыязджае, Валера тут на месцы ўсю мужчынскую работу робіць.
На развітанне ўвагу прыцягваюць снежна-белыя цюлі. Зноў не ўтрымацца ад пытання: няўжо не завешваеце вокны шторамі?
— Усё мае жыццё ў вёсцы навідавоку. Што і ад каго хаваць? Бачна ж: які чалавек — такія і людзі вакол яго.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ