Агонь, як выпрабаванне
Сход вяскоўцаў у Азярніцы выклікаў вялікую цікавасць у мясцовых жыхароў: зала клуба была паўнюткай. Яно і зразумела. Нягледзячы на тое, што ладзілася мерапрыемства па ініцыятыве супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, да ўдзелу ў ім запрасілі прадстаўнікоў мясцовай улады, Белдзяржстраху, праваахоўнікаў. Людзі мелі магчымасць задаць самыя розныя пытанні і, вядома ж, атрымаць на іх адказы.
Але, перш-наперш, паглядзелі відэафільм, які наглядна прадэманстраваў, якую бяду нясе з сабою агонь, калі грэбаваць элементарнымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі. Пра іх сабраўшымся расказвалі інспектары РАНС Віктар Гецман і Генадзь Кулеш. Яны не абмежаваліся прывя-дзеннем статыстыкі трагедый, стандартнай выкладкай мер па прафілактыцы пажараў, а прапанавалі падрабязны разбор характэрных парушэнняў, якія робяць агонь неўтаймавальнай стыхіяй.
Дарэчы, у фае ўстановы была разгорнута невялікая выстава пажарна-тэхнічнага ўзбраення і прыстасаванняў, з дапамогай якіх выратавальнікі выходзяць на барацьбу з агнём.
Уважліва слухалі ўдзель-нікі сустрэчы выступленне старшыні Дварэцкага сельвыканкама Аляксандра Віднікевіча, які скарыстаўся магчымасцю паведаміць пра тое, чым сёння жывуць вёскі сельсавета. Зрэшты, пра гэта людзі і самі маглі шмат расказаць. У прыватнасці, яны не абмежаваліся ў сваёй цікавасці сённяшнім днём і пэўнай зімовай бяздзейнасцю і пыталіся пра жыццёвыя перспектывы, больш характэрныя для цёплай пары. Гэта добраўпарадкаванне вуліц і дарог, наданне гожага выгляду вёскам і асобным сядзібам, прывядзенне ў парадак поймы Смердзі, дапамога з боку вясковай улады тым, хто імкнецца захаваць звычны вясковы ўклад, трымаючы на падворку дамашнюю жыўнасць. На нейкія пытанні Аляксандр Іванавіч адказваў адразу, некаторыя занатоўваў з тым, каб высветліць і даць дакладны адказ пазней.
Пракурор раёна Аляксандр Карлюк і начальнік РАУС Уладзімір Рыбак закцэнтавалі ўвагу на крымінальнай абстаноўцы ў рэгіёне і прафілактыцы злачынстваў, найбольш распаўсюджанымі з якіх з’яўляюцца крадзяжы. Статыстыка пераканала, што ў большасці выпадкаў злодзеі “грэюць рукі” на тым, што дрэнна ляжыць, а значыць, самім жыхарам трэба, перш за ўсё, клапаціцца пра на-дзейную захаванасць уласнай маёмасці. Не абышлі ўвагай п’янства, якое нярэдка становіцца абцяжарваючай умовай многіх учыненых злачынстваў.
Кіраўнік прадстаў—ніцтва Белдзяржстраху Павел Насковіч расказаў пра ўмовы страхавання ад бяды, якую нясе з сабой агонь, што выходзіць з-пад улады чалавека. На яскравых прыкладах ён растлумачыў жыхарам, якія віды страхавання найбольш выгадныя і на якую дапамогу з боку дзяржавы можна разлічваць у гэтым выпадку.
Мерапрыемства выклікала зразумелую цікавасць у вяскоўцаў, якія выказвалі спадзяванні на новыя сустрэчы.
Аналагічны сельскі сход прайшоў таксама ў Бродніцы.