Аперацыя «эвакуацыя»
У раёне праходзіць прафілактычная акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», у рамках якой інжынер РАНС Віктар Гецман наведаў Язвінскую сярэднюю школу і правёў вучэбную эвакуацыю.
Згодна са сцэнарыем, у навучальнай установе адбылося ўмоўнае ўзгаранне электра-шчытавой, і пакуль члены добраахвотнай пажарнай дружыны прымалі меры па ліквідацыі пажару, настаўнікі і тэхнічны персанал арганізавалі бяспечны выхад вучняў з будынка школы. Віктар Мікалаевіч адзначыў, што ўсе дзеянні работнікаў былі правільнымі і зладжанымі, што дазволіла хутка і без панікі пакінуць памяшканне.
Разам з інжынерам у госці да хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі выратавальнікі пажарна-аварыйнай часці №1 г. Лунінца. Школьнікі ўбачылі, як выглядаюць аўтамабілі не толькі звонку, але і ўнутры. Не абышлося і без «воднай феерыі»: вогнеборцы падалі ваду, а самыя смелыя хлопчыкі змаглі пастаяць «на ствале». Усе жадаючыя прымералі баявую вопратку і сфатаграфаваліся на памяць.