Апошні аргумент
Усё часцей міліцэйскія зводкі стракацяць паведамленнямі пра панажоўшчыну, а іх удзельнікі становяцца “галоўнымі дзеючымі асобамі” судовых разбіральніцтваў. Сцэнарый, па якіх развіваюцца падзеі, уражвае сваёй злачыннай прадказальнасцю, на якую, тым не менш, аніяк не хочуць да часу звяртаць увагі патэнцыяльныя ахвяры.
У канцы чэрвеня навіна
пра трагедыю, якая адбылася ў сям’і Ш., ускалыхнула невялікую вёску Барсукова. Пра тое, што там перыядычна адбываюцца скандалы, ініцыятарам якіх амаль заўсёды станавіўся сужыцель гаспадыні, ведалі многія суседзі. Але, як заўсёды, асаблівай увагі на гэта не звярталі: чужая сям’я – чужыя праблемы. Магчыма, хто-ніхто іншы раз выказваў незадаволенасць неспакойным новым жыхаром, але далей гэтага справа не ішла.
У Барсукова 45-гадовы С. паявіўся ў 2010 годзе. Уладкаваўся на працу ў сельгаскааператыў “Новае Палессе”. Спачатку стараўся весці сябе прыстойна, таму і звярнула на яго ўвагу маладая вяскоўка, якая адна гадавала дваіх дзяцей. Зрэшты, да таго часу хлопцы, з якіх старэйшаму было 20, а малодшаму – 15 год, упэўнена станавіліся дарослымі. Тым не менш, іх маці згадзілася прыняць у дом новага гаспадара.
Прайшло зусім няшмат часу, і “галава сям’і” пачаў паказваць характар. Напад-пітку ён нярэдка паднімаў руку на сужыцельку. Ды так, што ў 2011 годзе яна з пабоямі трапіла ў бальніцу. Аднак, нягледзячы ні на што, пакінуўшы бальнічны ложак, крыўдзіцелю ўсё даравала. На некаторы час прыціх і ён. Магчыма, па той прычыне, што на абарону маці стаў старэйшы сын: “Кранеш яшчэ раз – пашкадуеш!”.
Падсвядома ўсю сваю п’яную злосць С. пачаў накіроўваць на пасынка. Варта было перакуліць кілішак-другі, як адразу ж пачыналіся папрокі і разборкі. Сур’ёзнымі бойкамі яны, праўда не заканчваліся: С. у нецвярозым выглядзе хоць і губляў розум, але памятаў, што фізічна малады хлопец нашмат дужэйшы за яго.
Дзіўнай была пазіцыя маці. Яна, вядома ж, шкадавала сына, але развітацца з тыранам усё ж не збіралася. Больш таго, у 2013 годзе нарадзіла яму дачку.
Гэта ці нешта іншае прыкметна паўплывала на павелічэнне агрэсіўнасці С., і сваркі ў сям’і сталі яшчэ больш частымі.
Адзін з летніх дзён канца чэрвеня пачынаўся звычайна: у хату зазірнула суседка. Маці вазілася з маленькай дачкой, а госця разам з гаспадаром уладкавалі-ся за сталом. Выпітай бутэлькі гарэлкі аказалася малавата. Пасля дабаўкі злосць С. пачала шукаць выйсця. На вочы трапіў пасынак. Слова за слова – разгарэлася сварка. Пазней суседка скажа, што хлопец, нягледзячы на тое, што таксама быў выпіўшы, агрэсіўнасці не праяўляў, стараючыся пазбегнуць бойкі. У нейкі момант ён штурхануў С., які пакаціўся па падлозе кухні. Ніхто і не заўважыў, калі п’янчуга ўхапіў са стала нож…
Раненне ў брушную поласць рызыкавала аказацца для юнака смяротным. Урачам давялося пазмагацца за яго жыццё.
Зразумела, злачынца
паўстаў перад судом. У ходзе разбіральніцтва ён выкручваўся, як мог, запэўніваючы, што пасля першай чаркі заўсёды губляе памяць. Судовая экспертыза, аднак, пацвердзіла толькі адно: С. хворы на алкагалізм і мае патрэбу ў прымусовым лячэнні. Гэта стала абцяжарваючай абставінай пры вынясенні судовага вердыкту. За нанясенне цяжкіх цялесных пакалечанняў злачынцы давядзецца 4 гады правесці ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Магчыма, гэта паставіць кропку ў жаночай даверлівасці і безагляднасці, а юнака прымусіць задумацца, што гарэлка яшчэ ніколі нікога не давяла да дабра.
Як не давяла да дабра і знешне прыстойную сям’ю Е. з Мікашэвіч. Адзін з сямейных скандалаў тут таксама закончыўся панажоўшчынай. Толькі на гэты раз яго ўдзельнікамі сталі маці і сын. Драма 1 ліпеня 2013 года разыгралася на вачах астатніх жыхароў кватэры – дачкі, яшчэ аднаго сына, пляменніцы і 5-гадовага ўнука гаспадыні.
Позна ноччу пасля высвятлення адносін за нож схапілася маці. Зразумела, што і яна, і ахвяра былі нападпітку. Нягледзячы на цяжкае нажавое раненне, сын усё-такі стараўся выгарадзіць маці і прадставіць усё як бяскрыўднае падзенне на разбітую бутэльку, але следства дастаткова хутка даведалася пра ўсе абставіны здарэння.
Невыпадкова сказаў, што сям’я прыстойнай была толькі знешне. Пра тое, што там не цураюцца чаркі, ведалі многія, прычым не толькі суседзі. А сам сын гаспадыні падвяргаўся адміністрацыйнаму спагнанню за паяўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення. Ці ведалі пра п’янкі на РУВП “Граніт”, дзе ён працаваў? Калі і так, то гэта не перашкодзіла даць проста-такі выдатную характарыстыку хлопцу – працавіты, дысцыплінаваны, спіртнымі напіткамі не злоўжывае… Ці не па прычыне падобнай абыякавасці і ўсёдазволенасці ў тым ліку адбываюцца падобныя трагедыі?
Маці, якая ўзняла нож на сына (дарэчы, да здарэння яна працавала ў дзіцячым калектыве), паўстала перад судом. Цяжка сказаць, ці стане здарэнне ўрокам для ўсіх удзельнікаў трагедыі, а найперш, для жанчыны і яе сына, якія, губляючы чалавечае аблічча, апынуліся на краі страшнай бездані. Юнак знайшоў у сабе сілы дараваць маці злачынства і запэўніваў суд, што зараз у сям’і ўсё добра. Магчыма, ён здолее вынесці з усяго адбыўшагася галоўнае для сябе: вяртанне да нармальнага жыцця не проста пажадана – неабходна.
Няхай так і будзе. А тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу стануць перасцярогай для маці, якая ледзь не ўзяла на сябе смяротны грэх – забойства ў п’яным угары ўласнага сына.
Прыгадваючы справы з
гэтай катэгорыі, успомніў яшчэ адну, дастаткова тыповую, і ад гэтага не менш жудасную.
Адбыўся выпадак летась у Язвінках. Тут жыла маладая сям’я, у якой гадавалася малое дзіцятка. 21-гадовая мама, падалося, была не гатова не толькі да мацярынства – наогул да жыцця. Прафесійная сцяжына абарвалася, ледзь пачаўшыся: Баранавіцкі тэхнікум па спецыяльнасці “дызайнер абутку” С. так і не змагла закончыць. Як казала, перашкодзіў шлюб. Сям’я, як ні крыўдна, “перашкодзіла” ў многім. Хацелася гуляць, а трэба было глядзець дзіця; цягнула ў вясёлыя кампаніі, а муж быў супраць. Зрэшты, меркаванне мужа пад увагу бралася далёка не заўсёды.
Менавіта таму снежаньскай раніцай С. апынулася ў кампаніі мужчын, дзе шчодра лілося ракой віно. Жанчына не захацела пачуць ушчуванні свёкра, які спрабаваў нагадаць ёй, што дома чакае малое. Калі ж на парозе паявіўся муж, які таксама быў нападпітку, яна наогул заявіла, што для рэўнасці падстаў няма.
Кароткая патасоўка, як і ў выпадках, пра якія расказаў вышэй, закончылася нажавым раненнем. Яно ледзь не адправіла на той свет 30-гадовага мужчыну. Ва ўсялякім разе на бальнічны ложак маладая жонка паклала “раўнівага” мужа надоўга.
Суд узяў пад увагу наяўнасць маленькага дзіцяці, шчырае раскайванне жанчыны ў садзеянным, а таксама настойлівую просьбу мужа жонку строга не караць і вынес С. тры з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Лёс даў маладым лю-дзям яшчэ адзін шанц. Як хацелася б, каб тут, ды і ў іншых сем’ях, дзе пакуль не ўсвядомілі страшную заганнасць згубнай схільнасці да спіртнога, нарэшце схамянуліся: жыццё даецца адзін раз і недаравальна атручваць яго п’янкамі, якія нярэдка заканчваюцца страшнымі трагедыямі.
Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, старшыня суда.